У Івацэвічах беларускія сілавікі затрымалі некалькіх расіян, якія прыехалі ў горад на белым уседарожніку з сімвалам Z на заднім шкле, паведамляе выданне «Ганцавіцкі час». Інцыдэнт адбыўся ў суботу, 17 чэрвеня, увечары на стаянцы ля крамы «Санта».
Затрыманне праходзіла ў спальным раёне горада і забрала ўвагу вялікай колькасці гараджан.
На відэа, якое апублікавала выданне, відаць, як супрацоўнікі ДАІ і АМАПа (у аднаго з якіх аўтамат Калашнікава) затрымліваюць двух мужчын. А таксама адводзяць убок жанчыну, якая спрабуе ім перашкодзіць. На момант пачатку здымкі абодва затрыманыя былі ўжо ў кайданках.
Адзін з мужчын, у сіняй футболцы і шортах, спачатку ляжаў тварам уніз на мокрым асфальце, а другі, у камуфляваных штанах і майцы з малюнкам вайскоўцаў і надпісам «Ветлівыя людзі», гучна спрачаўся з супрацоўнікамі ДАІ, выкарыстоўваючы мат.
Мужчына ў сіняй футболцы і шортах з вонкавымі прыкметамі алкагольнага ап’янення назваў сябе Аляксандрам Леанідавічам Быкавым.
— Мяне казлом абазвалі беларусы. А я рускі, б****, — крычаў ён, ужо седзячы на асфальце са скручанымі назад рукамі.
Мужчыны некалькі разоў уступалі ў слоўныя сваркі з гараджанамі, якія назіралі за затрыманнем.
Паводле каментароў відавочцаў за кадрам і з гутаркі аўтара відэа з затрыманым, можна меркаваць, што падставай для затрымання стала кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.

Усё адбывалася на фоне вялікага белага ўседарожніка з расійскімі нумарамі, падобнага да кітайскага красовера Chery Tiggo 7. Як піша «Ганцавіцкі час», на нумары аўтамабіля затрыманых відаць лічба 147. Яна адносіцца да Ленінградскай вобласці.
На заднім шкле аўтамабіля размешчаная вялікая, добра бачная налепка з літарай Z, якая з мінулага года стала сімвалам расійскага ўварвання ва Украіну. У канцы відэа гэты аўтамабіль забірае эвакуатар.
Чытайце таксама