Падчас праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 25 м/с пацярпелі 85 населеных пунктаў, пашкоджаныя 166 будынкаў, загінуў адзін чалавек, траўмаваныя шасцёра, спыняліся цягнікі, паведамілі ў МНС.
Больш за ўсё населеных пунктаў пацярпела ў Віцебскай вобласці — 38. У Брэсцкай і Магілёўскай — па 18, на Міншчыне — сем, у Гродзенскай вобласці — два, а на Гомельшчыне — толькі адзін.
Пашкоджаныя дахі 59 жылых дамоў, двух гаспадарчых пабудоваў, 19 сацыяльных і культурных аб’ектаў, сем вытворчых і 79 сельскагаспадарчых будынкаў.
Зафіксаваныя 232 выпадкі падзення дрэваў. Больш за ўсё — у Віцебскай (89), Магілёўскай (72) і Мінскай (36) абласцях. У Мінску павалілася дзевяць дрэваў.
«У Гарадоцкім, Глыбоцкім, Аршанскім, Полацкім, Сенненскім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобласці, у Віцебскім раёне і Мінскім раёне зафіксаваныя падзенні дрэваў на чыгуначныя шляхі і кантактныя лініі, затрымка руху 16 пасажырскіх цягнікоў склала ад 20 хвілін да 1 гадзіны 12 хвілін», — паведамілі ў МНС. Ратавальнікі і іншыя спецыялісты распілоўвалі і прыбіралі паваленыя дрэвы.
Загінулы і пацярпелыя
У кемпінгу «Жоўты бераг» ля вёскі Сосенка Вілейскага раёна ад ветру дрэва звалілася на намёт. Загінуў 52-гадовы мужчына, які быў там.
Дрэвамі і кавалкамі дахаў траўмаваныя шэсць чалавек. У Светлагорску дрэва зламала 57-гадовай жанчыне абедзве нагі, траўмавала галаву і грудную клетку. Там жа 56-гадовая жыхарка таксама атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму, ёй дыягнаставалі пералом грудной клеткі.
Ва Ушачах паваленае дрэва зламала 10-гадовай дзяўчынцы вялікую галёначную косць, а 42-гадовая жанчына атрымала таніраваную рану нагі.
У вёсцы Дабрамыслі Лёзненскага раёна шыфер траўмаваў 61-гадовага мужчыну, яго шпіталізавалі з ірванай ранай галёнкі і гематомай. А ў Лепелі шыфер прывёў да ўдару галавы ў 16-гадовага юнака.
Падтапленні і адключэнні электрычнасці
У Мінску былі падтопленыя чатыры ўчасткі дарог. Праз гэта амаль на дзве гадзіны спыняліся тры тралейбусныя і тры аўтобусныя маршруты.
Паводле звестак «Белэнерга», перыядычна парушалася электразабяспечанне 2474 населеных пунктаў. Больш за 1400 выпадкаў зафіксавалі на Віцебшчыне, у Мінскай вобласці — больш за 400, у Магілёўскай — звыш 340. Адключаліся амаль 6500 трансфарматарных падстанцый.
Па стане на 6.00 8 жніўня заставаліся без электрычнасці 650 населеных пунктаў (Віцебская вобласць — 462, Мінская — 62, Магілёўская — 126), 19 сельскагаспадарчых будынкаў і 1367 трансфарматарных падстанцый.
Усяго для ліквідацыі наступстваў прыцягвалі 499 адзінак тэхнікі і больш за 1600 чалавек.