У Мінску чацвёра мужчын абрабавалі мінака і ўцяклі. Выйсці на след зламыснікаў удалося дзякуючы акулярам, якія адзін з рабаўнікоў згубіў на месцы злачынства, паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
Невядомыя напалі на мужчыну каля 22.30 ля жылога дома на вуліцы Казінца. Ахвяра злачынства змагла толькі ўспомніць, што нападнікаў было чацвёра. Яны некалькі разоў ударылі пацярпелага, адабралі яго рэчы і ўцяклі.
На месцы злачынства знайшлі дзве лінзы і аправу ад акуляраў. Эксперты знялі з іх адбіткі пальцаў, праверылі іх па базе і высветлілі асобу аднаго з падазраваных. Аператыўнікі затрымалі мужчыну. Той прызнаў сваю віну.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.