У Мінску затрымалі 48-гадовую мясцовую жыхарку, якую падазраюць у махлярстве па прынцыпе піраміды. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Мінчанка пад рознымі падставамі прасіла сваіх калег афармляць крэдыты ў банках і купляць тэлефоны ў растэрміноўку, а потым перадаваць іх ёй. Некаторым за гэтыя паслугі жанчына плаціла невялікае ўзнагароджанне. Аператыўнікі высветлілі, што насамрэч тэлефоны яна адразу ж прадавала, а крэдытныя грошы траціла.
Паводле пацярпелых, спачатку яна ўносіла невялікую плату па крэдытах і растэрміноўках, але потым банкі і салоны пачалі паведамляць ім пра пазычанасці.
На гэты момант вядома пра 11 пацярпелых. Паводле папярэдніх ацэнак, за чатыры гады фігурантка такім спосабам атрымала 120 тысяч рублёў. Уцягваючы ў піраміду новых калег, жанчына выкарыстала частку атрыманых ад іх грошай, каб пагасіць старыя крэдыты і даўгі.
У дачыненні да мінчанкі распачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры.