У Варшаве эвакуявалі 150 чалавек з будынка Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы пасля таго, як туды прыйшоў грамадзянін Беларусі. Ён паводзіўся спакойна, аднак меў пры сабе небяспечныя прадметы, паведамляе PAP.
Інцыдэнт здарыўся каля 11 гадзін раніцы ў аўторак, 16 ліпеня. У будынак польскага Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі ў цэнтры Варшавы зайшоў грамадзянін Беларусі, з якой мэтай — не ўдакладняецца.
У торбе мужчыны, якому прыкладна 40 гадоў, былі газавы балончык, нож, тэлескапічная дубінка і, імаверна, сігнальная зброя. Пры гэтым ён паводзіўся спакойна і нікому не пагражаў, паведамілі ў паліцыі.
З будынка міністэрства эвакуявалі каля 150 чалавек, найбліжэйшую тэрыторыю ачапілі. Аўтамабільны рух быў скіраваны на суседнія вуліцы. Разам з паліцыяй на месцы працуе пажарная служба.
Каля 12 гадзін дня, паводле відавочцаў, беларуса вывелі з будынка праваахоўнікі. Іншыя абставіны інцыдэнту не паведамляюцца.