У Мінску ў фае навучальнай установы, закрытай на капрамонт, здарылася задымленне — гэта сам па сабе затлеў уцяпляльнік у падвеснай столі. Нечаканую прычыну таго, што здарылася, «Мінск-Навінам» назвалі судовыя эксперты.
Раніцай работніца ўстановы адукацыі, закрытай на капітальны рамонт, убачыла лёгкае задымленне ў фае і паведаміла ратавальнікам. Тыя выявілі тленне ўцяпляльніка ў падвеснай столі з ДВП-плітаў. Узоры матэрыялу адправілі на экспертызу.
— Падчас даследавання эксперт выявіў, што ва ўнутраным аб’ёме фрагментаў ДВП ўтрымліваюцца сляды жыццядзейнасці мікраарганізмаў у выглядзе грыбку і цвілі зялёнага колеру. Улічваючы месца размяшчэння ачагоў тлення, абмежаваны доступ у зону тлення, а таксама выключэнне іншых небяспечных крыніц запальвання, ён прыйшоў да высновы, што непасрэднай (тэхнічнай) прычынай задымлення стала мікрабіялагічнае самазагаранне, — расказала афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення ДКСЭ па Мінску Ганна Барышнікава.
Паводле спецыялісткі, такое ўзгаранне характэрнае для арганічных дысперсных і валакністых матэрыялаў, усярэдзіне якіх магчымая жыццядзейнасць мікраарганізмаў. Іх першаснае саманаграванне адбываецца за кошт цяпла, што выдзяляецца мікраарганізмамі, а выкліканае ім павышэнне тэмпературы спрыяе паскарэнню экзатэрмічнай рэакцыі, якая можа скончыцца ўзнікненнем гарэння ў самай нагрэтай частцы аб’ёму.