Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Причиной недавнего отключения отопления в Мозыре стал беспилотник, залетевший в Беларусь во время российской атаки Украины, — «Флагшток»
  2. Минский школьник вел дневник во время Второй мировой. Он описал жизнь под оккупацией — вряд ли вы так ее себе представляли
  3. Лукашэнка заклапаціўся адтокам людзей з рэгіёнаў. Ён агучыў «рэцэпт», як спыніць гэты працэс
  4. Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Мінсувязі
  5. Что произошло после того, как из Белого дома перестали вести трансляцию. В чем признался советник Трампа
  6. ISW: ВСУ продвинулись в Торецке. Успешные контратаки могут вынудить Россию перебросить дополнительные силы на это направление
  7. Мама или бабушка увлекаются «сердечными каплями»? Корвалол таит в себе ряд опасностей и запрещен в США — перескажите близким этот текст
  8. Дасягнуўшы дна, даляр разварочваецца: як хутка ён будзе расці? Прагноз па валютах
  9. Зеленский опубликовал большое заявление после встречи с Трампом: «Нам нужны гарантии безопасности, а не просто прекращение огня»
  10. СМИ сообщили, что США готовы прекратить помощь Украине. Эксперты рассказали о последствиях — они очень печальные
  11. Названы победители антипремии «Золотая малина». Худшим признано супергеройское кино
Читать по-русски


Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон 14 кастрычніка асабіста звярнуўся да кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай не праводзіць у дачыненні да краін Цэнтральнай Азіі такую ж палітыку, як да былога Савецкага Саюза. Цікава, што ў пачатку 1990-х многія рэспублікі гэтага рэгіёна не імкнуліся да незалежнасці, ды і пасля яе раптоўнага здабыцця не давалі падстаў сумнявацца ў іх лаяльнасці Крамлю. А як насамрэч Масква ставіцца да гэтага рэгіёна і што памянялася ў 2022-м? Расказваем, як і чаму Цэнтральная Азія трапіла ў склад Расіі, якая палітыка там праводзілася ў часы Расійскай імперыі і Савецкага Саюза, а таксама ці ёсць на што цяпер скардзіцца Рахмону і яго калегам.

З ханстваў — у склад імперыі

Среднеазиатские владения России в начале XX века. Изображение: wikimedia.org
Сярэднеазіяцкія ўладанні Расіі ў пачатку XX стагоддзя. Выява: wikimedia.org

Цэнтральная Азія (у савецкі час выкарыстоўваўся тэрмін «Сярэдняя Азія») — гэта пяць краін: Казахстан, Узбекістан, Туркменістан, Кыргызстан і Таджыкістан.

Да пачатку XIX стагоддзя на іх тэрыторыі існавалі чатыры ханствы:

  • Казахскае — на тэрыторыі сучаснага Казахстана;
  • Бухарскае — правільней называць яго Бухарскім эміратам) — на тэрыторыі Узбекістана, Таджыкістана і часткі Туркменістана;
  • Хівінскае (арыгінальная назва — Харэзм) — на тэрыторыі Узбекістана і часткі Туркменістана;
  • Какандскае — на тэрыторыі Узбекістана, Таджыкістана, Кыргызстана і паўднёвага Казахстана.

Цягам XIX стагоддзя усе яны ў выніку расійскай экспансіі цалкам увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Дзеянні Пецярбурга па захопе гэтых земляў тлумачыліся як мінімум дзвюма прычынамі.

Па-першае, мысленнем тыповай каланіяльнай дзяржавы. Імперыя хацела максімальна пашырыць сваю тэрыторыю, падпарадкаваць качавыя народы, каб ператварыць іх землі ў рынак збыту сваіх тавараў, а таксама атрымаць доступ да рэсурсаў — напрыклад, цэнтральнаазіяцкай бавоўны.

Па-другое, Расія хацела апярэдзіць Вялікабрытанію. Геапалітычнае саперніцтва паміж Лонданам і Санкт-Пецярбургам за Паўднёвую і Цэнтральную Азію, якое праходзіла ў XIX-пачатку XX стагоддзяў, атрымала назву «вялікая гульня». Вынікам стала з’яўленне на карце фактычна буфернай дзяржавы — Афганістана.

Ніякіх новых нацыянальных утварэнняў у Цэнтральнай Азіі расійскія ўлады не стварылі. Наадварот, захавалі старыя: ханствы працягнулі існаваць і сталі пратэктаратамі ў складзе імперыі. Увесь рэгіён увайшоў яе на правах двух генерал-губернатарстваў: Стэпавага (частка Кыргызстана, Казахстана і Расіі) са сталіцай у Омску, а таксама Туркестанскага са сталіцай у Ташкенце (туды ўвайшла ўся астатняя, большая, частка пяці рэспублік).

У 1917-м у далёкім ад Цэнтральнай Азіі Петраградзе (так перайменавалі сталіцу Расійскай імперыі падчас Першай сусветнай) грымнула рэвалюцыя. Усталяванне савецкай улады ў аддаленым ад сталіцы рэгіёне праходзіла не так і гладка. Мелі месца і лакальныя паўстанні, і антысавецкі рух, вядомы як басмацтва — барацьба з яго прадстаўнікамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі ўсіх пяці рэспублік, цягнулася ўсе 1920-я (а ў асобных рэгіёнах — нават яшчэ даўжэй).

Зацвердзіўшы сваю ўладу, бальшавікі пачалі праводзіць у рэгіёне антыкаланіяльную палітыку. У адрозненне ад царскіх часоў, калі мясцовыя жыхары практычна не дапускаліся да кіравання, цяпер прадстаўнікам карэннага насельніцтва давалася гарантаваная колькасць працоўных месцаў у прамысловасці і адміністрацыйных структурах. Праводзіліся кампаніі па эмансіпацыі жанчын, барацьбе з непісьменнасцю і замацаванні савецкай ідэалогіі.

Центральная Азия в 1922 году. Изображение: wikimedia.org
Цэнтральная Азія ў 1922 годзе. Выява: wikimedia.org

Пачалося стварэнне цэнтральнаазіяцкіх рэспублік. Спачатку з’явіліся дзве аўтаномныя рэспублікі ў складзе РСФСР: у 1918-м — Туркестанская, праз два гады — і Кіргізская, пазней пераназваная ў Казахскую.

У 1924-м першая з іх спыніла існаванне — з яе складу выдзелілі Узбекскую і Туркменскую ССР — то-бок паўнавартасныя ўжо саюзныя (а не аўтаномныя) рэспублікі. У 1929-м са складу апошняй выдзелілі яшчэ і Таджыкскую ССР.

Нарэшце, у 1936-м са складу РСФСР выдзелілі яшчэ дзве рэспублікі: Казахскую (пра яе мы ўжо казалі вышэй, да гэтага яна мела статус аўтаномнай) і Кіргізскую. З’явіліся межы, якое захавалася да нашых дзён.

Цэнтральная Азія — галоўная апора Саюза

На алма-атинской площади Ленина перед зданием ЦК Компартии Казахстана. Фото: zakon.kz
На алма-ацінскай плошчы Леніна перад будынкам ЦК Кампартыі Казахстана, 1986 год. Фота: zakon.kz

Менавіта савецкі перыяд шмат у чым заклаў падмурак развіцця сучасных незалежных дзяржаў Цэнтральнай Азіі.

Сярод плюсаў перыяду даследчыкі называюць усеагульную ліквідацыю непісьменнасці, арганізацыю параўнальна эфектыўнай сістэмы аховы здароўя, развіццё сеткі чыгунак, большую ступень гендарнай роўнасці, чым у многіх іншых краінах ісламскага свету, з’яўленне высокаадукаванага і высокакваліфікаванага гарадскога насельніцтва. У кожнай з рэспублік з’явіліся ўніверсітэты, бібліятэкі, тэатры, акадэміі навук. Такім чынам, савецкая ўлада шмат рабіла для развіцця дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Але адначасова яна ж многае рабіла і для разбурэння апошняй. У рэгіёне праводзілася русіфікацыя, ішлі рэпрэсіі, гвалтоўная калектывізацыя (стварэнне калгасаў). «Трансфармацыя большай часткі Узбекістана, Таджыкістана і Туркменістана ў гіганцкую баваўняную плантацыю, якая забяспечвае патрэбы расійскай прамысловасці, пачала вельмі нагадваць класічную каланіяльную сістэму, асабліва калі ірыгацыйныя патрэбы плантацыі прывялі да высыхання Аральскага мора», — адзначаў гісторык Аляксандр Морысан. Таксама ён гаварыў пра радыяцыйнае забруджванне тэрыторый рэспублік з прычыны ядзерных выпрабаванняў (найбольш вядомыя праводзіліся ў казахстанскім Сяміпалацінску), усё большае засаленні глеб і іншыя формы хранічнага забруджвання навакольнага асяроддзя.

Як бы там ні было, у савецкі час рэспублікі Цэнтральнай Азіі не прыносілі Маскве асаблівых праблем. Так, у самым пачатку перабудовы, у 1986-м, здарыўся «Жалтаксан» (у перакладзе з казахскай — снежаньскае паўстанне). Падчас яго моладзь выйшла на пратэсты ў Алма-Аце, выступіўшы супраць прызначэння на пасаду першага сакратара мясцовай кампартыі рускага чыноўніка, які не ведаў мясцовай мовы.

Але працягу не было. За незалежнасць змагаліся краіны Балтыі і Закаўказзя, за свабоду выступала Украіна. Але Цэнтральная Азія разам з Беларуссю заставаліся астраўкамі стабільнасці.

Крайняя неразвітасць інстытутаў грамадзянскай супольнасці (нават у параўнанні з іншымі савецкімі рэспублікамі СССР) перадвызначыла пасіўнасць большай часткі мясцовага насельніцтва і адносную слабасць мясцовых нацыянальна-дэмакратычных рухаў. У 1989-м у СССР прайшлі першыя альтэрнатыўныя выбары ў парламент. На яго пасяджэннях была створаная міжрэгіянальная дэпутацкая група — першая легальная парламенцкая апазіцыя. Сярод беларусаў у яе складзе былі пісьменнікі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, будучы кіраўнік краіны Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Дабравольскі (будучы дарадца Святланы Ціханоўскай) і іншыя. А вось уся Цэнтральная Азія (нагадаем, пяць рэспублік) была прадстаўленая ў гэтай групе толькі адным дэпутатам — кінематаграфістам Даўлатам Худаназаравым.

Наменклатура ж Цэнтральнай Азіі разглядала саюзны цэнтр як гарант уласнай стабільнасці, а таму ў асноўным выступала за захаванне СССР. У выніку ў рэгіёне практычна не ўзнікла масавых рухаў, удзельнікі якіх выступалі за незалежнасць ад Масквы.

Фото: Reuters
Першы прэзідэнт Кіргізскай ССР, а затым і незалежнага Кыргызстана Аскар Акаеў. Фота: Reuters

Вясной 1991-га ўсе рэспублікі рэгіёна ўдзельнічалі ва ўсесаюзным рэферэндуме, дзе выказаліся за захаванне Саюза (краіны Балтыі, Грузія, Арменія і Малдова адмовіліся). Яны ж сталі ўдзельнікамі Новаагароўскага працэсу (пасяджэнні праходзілі ў рэзідэнцыі Нова-Агарова пад Масквой) і былі ў авангардзе працэсаў па пераўтварэнні Саюза. 20 жніўня 1991 года дамову аб стварэнні Саюза савецкіх суверэнных рэспублік (тая ж абрэвіятура СССР) мусілі падпісаць РСФСР, Казахстан і Узбекістан, а праз некаторы час і іншыя рэспублікі.

«Новы СССР» абсалютна задавальняў і Маскву, і мясцовую наменклатуру. Паводле дамовы цэнтр працягваў кантраляваць замежную палітыку, знешнеэканамічную дзейнасць, грашовую эмісію, войска, унутраныя і памежныя войскі, а таксама спецслужбы. У астатніх пытаннях (напрыклад, у сферы адукацыі, культуры, сацыяльнай палітыкі і часткова эканомікі) рэспублікі атрымлівалі вялікую самастойнасць. Акрамя таго, да лета 1991 года ўдалося выпрацаваць і ўзгадніць агульны рэгіянальны механізм пераходу да рынку, пры якім мясцовыя кампартыі заставаліся галоўнымі ўласнікамі прыватызаванай маёмасці. У параўнанні з жорсткім і амаль унітарным Саюзам можна было гаварыць пра больш мяккі варыянт Федэрацыі.

Менавіта таму пазіцыя рэспублік у час ГКЧП (спробы дзяржаўнага перавароту) была дваістай. Яны арыентаваліся на Маскву, але адначасова баяліся скасавання дамоўленасцяў, атрыманых у выніку Новаагароўскага працэсу. Таму практычна ўся эліта выбрала пазіцыю чакання: путч асудзіў толькі першы прэзідэнт Кыргызстана Аскар Акаеў. Яго пазіцыю падтрымала і большасць дэмакратычных арганізацый ва ўсіх цэнтральнаазіяцкіх краінах.

Ва ўладзе — былыя камуністы

Фото: Reuters
Першы прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў (злева) і першы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Фота: Reuters

Пасля паразы путчыстаў узбекі і кыргызы ўжо 31 жніўня 1991-га абвясцілі пра сваю незалежнасць. У верасні таго ж года гэта ж зрабілі таджыкі, а ў кастрычніку — туркмены. А вось Казахстан стаў апошняй рэспублікай, якая абвясціла пра выхад з СССР (нават пазней за Расію) — гэта адбылося 16 снежня.

Але пры гэтым ісці на волю яны не спяшаліся. У кастрычніку цэнтральнаазіяцкая пяцёрка падпісала з Міхаілам Гарбачовым дамову аб эканамічнай супольнасці — на гэта тады пайшлі толькі Арменія, Беларусь і Расія. Адначасова апошні савецкі прэзідэнт зрабіў стаўку на хутчэйше падпісанне палітычнай саюзнай дамовы. У лістападзе была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні Саюза суверэнных дзяржаў (ССГ). У снежні адпаведную дамову былі гатовыя падпісаць восем рэспублік: усе сярэднеазіяцкія, а таксама Расія, Беларусь і Азербайджан.

Гаворка ішла пра стварэнне канфедэрацыі. Выходзіць, што, акрамя рэспублік Цэнтральнай Азіі, Расіі, якая хацела захаваць свае «ўладанні», кансерватыўнай Беларусі і адной з рэспублік Паўднёвага Каўказа, «новы Савецкі Саюз» ужо нікому не быў патрэбны.

Аднак і гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца. Пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў і адстаўкі Гарбачова рэспублікам Цэнтральнай Азіі нічога не заставалася, як рэальна будаваць незалежныя дзяржавы.

Праўда, дэмакратычных традыцый у рэгіёне не было. Не дзіўна, што ў чатырох выпадках з пяці ўладу захавалі ранейшыя кіраўнікі, якія ўсталявалі свае аўтарытарныя рэжымы.

Лідарам Туркменістана застаўся Сапармурат Ніязаў, які ўзначальваў яго з 1985 года. У 2006-м пасля яго смерці яго змяніў Гурбангулы Бердымухамедаў, які перадаў сёлета ўладу свайму сыну Сердару.

На чале Узбекістана застаўся Іслам Карымаў, лідар краіны з 1989-га. У 2016-м ён памёр, краіну ўзначаліў Шаўкат Мірзіёеў.

Си Цзиньпин с президентом Узбекистана Шавкатом Мирзеёвым. Фото: пресс-служба президента Узбекистана
Старшыня КНР Сі Цзіньпін з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзеёвым. Фота: прэс-служба прэзідэнта Узбекістана

У тым самым 1989-м лідарам Казахстана стаў Нурсултан Назарбаеў. У 2019-м на прэзідэнцкіх выбарах з яго «блаславення» перамог Касым-Жамарт Такаеў. Але першы прэзідэнт краіны страціў рэальную ўладу толькі пасля масавых пратэстаў гэтага года.

Адзіным пачаткоўцам у гэтай кагорце стаў Эмамалі Рахмонаў (Рахмонам ён стаў пазней). Пасля распаду Савецкага Саюза ў Таджыкістане ўспыхнула грамадзянская вайна: камуністам і неакамуністам супрацьстаяла пярэстая аб’яднаная таджыкская апазіцыя (дэмакраты, нацыяналісты і ісламісты). Гэты падзел таксама меў рэгіянальна-кланавы і часткова этнічны характар. У лістападзе 1992-га Рахмонава як кампрамісную фігуру абралі старшынёй Вярхоўнага Савета краіны. Праз два гады ён перамог на першых прэзідэнцкіх выбарах і з таго часу нязменна застаецца ва ўладзе.

Нарэшце, адзінай краінай, дзе ўлада рэгулярна змянялася, аказаўся Кыргызстан. У 1990-м прэзідэнтам стаў навуковец — доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік Аскар Акаеў, які тады кіраваў акадэміяй навук рэспублікі. Пачатковец у палітыцы хутка ўвайшоў у смак і кіраваў краінай на працягу 15 гадоў. Ён двойчы выйграваў выбары, а яшчэ двойчы падаўжаў свае паўнамоцтвы праз рэферэндумы. Але потым яго зрынулі. Гэты шлях паўтарылі некаторыя яго папярэднікі. Цяпер краінай кіруе ўжо шосты прэзідэнт.

Чыста псіхалагічна ўчорашнія першыя сакратары не былі ўпэўненыя, што распад Саюза канчатковы, таму не ведалі, як сябе паводзіць.

Напрыклад, першай рэакцыяй Ніязава на вестку пра распад Саюза стаў заклік да кіраўнікоў цэнтральнаазіяцкіх рэспублік сустрэцца ў Ашхабадзе, каб аб’яднацца. «Разумееце, ён баяўся ўзяць адказнасць на сябе», — успамінаў Нурмухамед Ханамаў, які ў пачатку 1980-х працаваў з Ніязавым у апараце ЦК, затым быў паслом Туркменістана ў Турцыі.

Па словах дыпламата, падчас візіту ў Кітай Ніязаў прапанаваў яго кіраўніку: «А давайце з вамі аб’яднаемся. Вы для нас будзеце лідарам, мы на вас раўняцца будзем!» Той, зразумела, адказаў адмовай. Аналагічную прапанову прэзідэнт Туркменістана рабіў і Турцыі.

Фото: Reuters
Першы прэзідэнт Туркменістана Сапармурат Ніязаў (злева). Фота: Reuters

Ханамаў лічыць, што «ўпэўнена і свабодна» Ніязаў адчуў сябе толькі пасля кастрычніка 1993-га, калі ў Маскве адбыўся расстрэл парламента: «Тады ён зразумеў, што дарогі назад няма».

Туркменістан сапраўды застаўся адзінай цэнтральнаазіяцкай краінай, якая трохі дыстанцыявалася ад Расіі. Масква працягвала ўспрымаць рэгіён як сваю сферу ўплыву.

Характэрная гісторыя, якая здарылася ў 1992-м, калі Ельцын здзейсніў першы візіт у Кыргызстан. Падчас неафіцыйнай праграмы прэзідэнты выпілі, і расійскі лідар сыграў лыжкамі на галаве Акаева. «Прычым спачатку Ельцын біў па сваёй назе, як і належыць, а затым з трэскам лупіў па галаве якога-небудзь падначаленага, — успамінаў ахоўнік расійскага прэзідэнта Аляксандр Каржакоў. — Пару разоў ударыў лыжкай ён і па акаеўскай галаве. Для кіргізскага прэзідэнта гэта абярнулася адным вялікім сіняком на лысіне, наўрад ці сам Акаеў памятаў гэты ганебны момант, бо ён быў у стане поўнай анестэзіі». Гэты эпізод паказвае, што ў Масквы стаўленне да лідара незалежнай краіны было як да падначаленага.

У 1992-м была створаная Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) — з моманту заснавання ў яе ўвайшлі Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан. Ніязаў дэманстратыўна не стаў туды ўступаць. Ды і ў складзе СНД статус краіны ў складзе аказаўся нявызначаным. Туркменістан так і не ратыфікаваў статут арганізацыі і ўрэшце атрымаў у ёй толькі статус асацыяванага чальца-назіральніка. Гэта было свядомае рашэнне Ніязава, які зрабіў стаўку на поўнае адасабленне. Тым больш што велізарныя запасы газу дазвалялі яму так рабіць.

Забарона «Z» і «V», або Як вайна паўплывала на рэгіён

Саммит ОДКБ в Москве, 16 мая 2022 года. Фото: prezident.gov.by
Саміт АДКБ у Маскве, 16 траўня 2022 года. Фота: prezident.gov.by

Доўгія гады Расія ўспрымала Цэнтральную Азію як безальтэрнатыўную сферу свайго ўплыву. Але з часам сітуацыя пачала мяняцца. Тым больш што ў ізаляцыю сышоў толькі Туркменістан.

Казахстан і часткова Кыргызстан зрабілі стаўку на шматвектарную палітыку, не адмаўляючы тым не менш ролі Расіі. Таму яны могуць дазволіць сабе больш, чым суседзі. Асабліва гэта стала заўважна пасля нападу Расіі на Украіну, калі расійскія эліты дазволілі сабе шэраг скандальных заяў. Напрыклад, у канцы сакавіка дэпутат Маскоўскай гарадской думы Сяргей Савасцьянаў прапанаваў уключыць у зону «дэнацыфікацыі» Польшчу, краіны Балтыі, Малдову і Казахстан. Улічваючы тое, што канфлікт з краінамі NATO на тым этапе не меркаваўся, адным з аб’ектаў такой пагрозы быў якраз Казахстан — адназначны лідар сярод дзяржаў Цэнтральнай Азіі.

Пазней у чэрвені, дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін папярэдзіў пра патэнцыйныя «тэрытарыяльныя пытанні», якія тычацца паўночных абласцей Казахстана. Гэта здарылася пасля таго, як Такаеў адмовіўся прызнаць акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны.

У сваю чаргу ў 2022-м Казахстан пачаў аказваць гуманітарную дапамогу Кіеву. Краіна не прызнала самаабвешчаныя ДНР і ЛНР. Замест акцыі «Несмяротны полк» у Казахстане прайшло шэсце «Паклонімся героям». Выкарыстанне літар «Z» і «V» — сімвалаў расійскага ўварвання ва Украіну — усяляк спыняецца.

Афіцыйны Бішкек таксама адмежаваўся ад расійскай сімволікі. Дзяржкамітэт нацбяспекі Кыргызстана заклікаў не здаваць у пракат ваенную форму з сімвалам «Z», а таксама не надзяваць такія касцюмы падчас святкавання 9 траўня. Супрацоўнікі спецслужбы адзначылі, што нашэнне адзення са знакам «Z» на шэсці «Несмяротнага палка» (яго дазволілі, а вось парад праводзіць не сталі) можа спрыяць распальванню міжнацыянальнай варожасці.

Але галоўнае для Казахстана — захаваць тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы. Асабліва ўлічваючы тое, што на поўначы краіны пераважае рускамоўнае насельніцтва. Для Кыргызстана ж Расія — асноўны гандлёвы партнёр. На тэрыторыі краіны знаходзіцца расійская ваенная база, а сотні тысяч кыргызскіх мігрантаў жывуць і працуюць у Расіі. Таму абедзве краіны прытрымліваюцца палітыкі нейтралітэту.

Дзеянні Узбекістана называюць «кан'юктурнай палітыкай замежнапалітычнага заігрывання». Сапраўды, у 1999-м краіна пакінула АДКБ, затым вярнулася ў 2006-м і канчаткова выйшла з ваеннага блока ў 2012-м. Цяпер гэтая краіна не знаходзіцца ні ў якіх палітычных ці эканамічных саюзах з Расіяй. Але сварыцца з Масквой там таксама не захацелі, таму Ашхабад толькі прызнаў цэласнасць Украіны і забараніў СМІ асвятляць канфлікт.

А вось Таджыкістан зрабіў акцэнт на стратэгічным партнёрстве з Расіяй. Іншага выйсця ў яго не было. У 2011-м грашовыя пераводы таджыкскіх мігрантаў, якія працуюць у Расіі, склалі 47% ад ВУП краіны. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што за мінулыя гады гэтыя працэнтныя суадносіны нямоцна змянілася. Праз дзесяць гадоў у РФ пражывала больш за 2 млн зарэгістраваных мігрантаў з Таджыкістана. Нелегальных, на думку экспертаў, — каля 500 тысяч. Яшчэ 500 тысяч атрымалі грамадзянства Расіі. Адпаведна, агульная колькасць таджыкаў у РФ можа дасягаць 3 мільёнаў. У краіне таксама знаходзіцца расійская ваенная база — дадатковая гарантыя ад неспакойных талібаў. Таму супрацоўніцтва з Масквой для Рахмона сапраўды важнае.

Тым не менш Узбекістан, Кыргызстан і Таджыкістан папярэдзілі грамадзян аб адказнасці за ўдзел у замежных канфліктах і перасцераглі працоўных мігрантаў у Расіі пера адпраўкай на фронт ва Украіну. Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў дазволіў сабе ў верасні рэзкія заўвагі наконт рускага імперыялізму.

Кыргызстан у кастрычніку адмовіўся прыняць ваенныя вучэнні АДКБ, па іроніі лёсу названыя «Непарушнае братэрства — 2022». У выніку гэты ваенны блок аказаўся пад пагрозай развалу — успомнім яго дэманстратыўнае неўмяшанне ў армянскія справы.

Што ж адбываецца?

Як адзначаюць эксперты «Радио Азаттык», «Расія заўсёды была вельмі папулярная ў Цэнтральнай Азіі, а цяпер сітуацыя мяняецца». Масква ўсё яшчэ мае рычагі ўздзеяння на Цэнтральную Азію. Але «ёсць попыт на ролю ЗША ў рэгіёне», адчувальныя спробы Турцыі ўмацаваць сувязі з рэгіёнам. Такім чынам краіны Цэнтральнай Азіі хочуць збалансаваць Расію і Кітай і не хочуць апынуцца ўнутры канкурэнтнай барацьбы паміж імі за ўплыў. Можна казаць пра тое, што гаворка ідзе пра рэгіянальныя дзяржавы са сваім палітычным парадкам, правам прымаць уласныя рашэнні і рабіць выбар. Гэта дае ім велізарную колькасць рычагоў уздзеяння як на Кітай, так і на Расію. Таму ранейшай сітуацыі, калі Расія грала вырашальную ролю ў Цэнтральнай Азіі, больш не будзе.