Яна згуляла 49 матчаў за нацыянальную зборную Беларусі па гандболе, а пасля каранціну выступала за Польшчу і дабралася да чацвёртага месца на чэмпіянаце свету. А яшчэ былі дзевяць чэмпіёнстваў у складзе «Любліна», тры заваяваныя кубкі краіны, Суперкубак і Кубак Выкліку. Нядзіўна, што ўраджэнка Мінска Крысціна Рэпелеўска (у дзявоцтве — Сватко) трывала пусціла карані ў Польшчы. Блог «Людзі» даведаўся, чым сёння займаецца спартоўка, што адбывалася ў Любліне, які стаў для яе родным, пасля пачатку вайны і ці хочуць палякі прыбраць да рук Беларусь. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.
Адрэналін, універсітэт, Кіеў
— Гандбола ў маім жыцці сёння мінімум, — расказвае Рэпелеўска. — Муж — так, вялікі фанат. Ходзіць на ўсе матчы «Любліна», паведамляе падрабязнасці. Часам дачка кажа: «Мама, можа, на гандбол?» Але для мяне гэта пройдзены этап. Сама доўга гуляла, потым працавала начальнікам жаночай каманды. Не цягне. Хочацца часу для сябе. Хаджу на ёгу, нядаўна ў тандэме скакала з парашутам, бегала з перашкодамі. Папаўняю адрэналін іншымі спартыўнымі актыўнасцямі. А калі браць працу, то мне падабаецца выкладанне.
— Раскажыце падрабязней.
— У Любліне я працую ў Vincent Pol University. Гэта прыватны ўніверсітэт. Праводжу заняткі па методыцы гандбола, фізічнага выхавання, спорту і рэкрэацыі. Яшчэ працую ў прыватным ліцэі Międzynarodowy Liceum Padewski. Тут у міжнародных класах вяду фізічнае выхаванне. Узрост вучняў — 15−17 гадоў. Калі ва ўніверсітэце выкладаю ўжо 15 гадоў, то ў ліцэі пайшоў чацвёрты год. Сярод маіх студэнтаў ёсць і беларусы, а ў ліцэі — толькі ўкраінцы. Імкнуся перадаваць веды. На адным з нядаўніх заняткаў ва ўніверсітэце не было гульца — давялося выйсці на пляцоўку. Паказала пару штучак. Вучні такія адразу: «Ну, што гэта вы так з намі!» Пасмяяліся. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах. Думаю, выкладчыка з практычным вопытам паважаюць больш. Матывацыя прыходзіць праз рызыку, цікавасць. Такія рэчы заўсёды будуць актуальныя — людзі любяць спорт.
— Пасля жніўня-2020 заўважылі ў Любліне больш беларусаў?
— Не. Яны звычайна едуць далей. У Варшаве, Кракаве, Вроцлаве больш магчымасцяў знайсці добрую працу. Стала і менш студэнтаў. Раней па праграме абмену ў наш універсітэт актыўна прыязджала моладзь з Міжнароднага экалагічнага інстытута імя Сахарава ў Мінску. Сёння ўсё заглухла. Хоць я не заўважыла, каб да беларусаў у Польшчы змянілася стаўленне.
— Вы дэбютавалі ў зборнай Беларусі на сутыку стагоддзяў. Прычым у Кіеве і ў матчы з расіянкамі — цяпер вельмі цяжка ўявіць такі турнір.
— Так, нябожчык Леанід Гуско, які тады кіраваў нашай камандай, даў шанец. Я была, дарэчы, у Кіеве тры дні месяц таму. Каардыную міжнародны праект у рамках супрацоўніцтва паміж Украінай і Польшчай. Страшна не было. Нас запэўнілі, што ўсё пройдзе добра, і забяспечылі бяспеку.
— І якой вам падалася сітуацыя?
— Людзі жывуць нармальным жыццём. Прынамсі імкнуцца. Але галоўнае, каб не расслабляліся. Не ўсе рэагавалі на сігналы трывогі. Хоць, калі я знаходзілася ў Кіеве, прылётаў не было.
Карані, чэмпіёнствы, нармальнасць
— Што дала вам Беларусь, калі браць гандбол?
— Я вельмі задаволеная тым, што маё станаўленне як гульца адбылося на радзіме. Гэта прышчапіла самадысцыпліну, любоў да гандбола. Затрымалася ў ім на 27 гадоў! Сядзела пасля завяршэння кар’еры і думала: «Гэта ж трэба было столькі гадоў глядзець у адну кропку». Увесь час трэніроўкі, раз’езды, спаборніцтвы. Ні пра што не шкадую.
— А Польшча?
— З году ў год мы з «Люблінам» абаранялі чэмпіёнскае званне. Гэта было няпроста, але спраўляліся. Вядома, прыемныя эмоцыі. Са зборнай занялі чацвёртае месца на чэмпіянаце свету — 2015 — супервынік.
— Чаму беларускі не могуць прабіцца ў фінальныя стадыі чэмпіянатаў Еўропы з 2008 года?
— Здаецца, школа і база ў Беларусі ёсць. Хутчэй, сапернікі пайшлі наперад. У прыватнасці, у тэхнічным плане. У нарвежак, прадстаўніц Нідэрландаў з юнага ўзросту выдатная аснашчанасць. Наладжаная сістэма. Ведаеце, цяпер у падрыхтоўцы няма дробязяў. Цяжка ўявіць, што ў каманды толькі галоўны трэнер і памочнік. У сур’ёзных клубах абавязкова працуе той, хто займаецца аналітыкай і статыстыкай. Потым спецыяліст па фізічнай падрыхтоўцы. Дактары, масажысты. Кожны адказвае за свой участак — няма такога, што адказнасць ляжыць на адным.
— Чаму вырашылі атрымаць у свой час польскае грамадзянства?
— Да таго часу я ўжо доўга выступала ў гэтай краіне. Муж з Польшчы. З Беларусі тады асабліва не клікалі, а хацелася яшчэ пагуляць на высокім узроўні.
— Вы адбылі трохгадовы каранцін, каб атрымаць магчымасць гуляць за Польшчу. Як ставіцеся да цяперашняга адхілення беларусаў і расіян ад міжнародных спаборніцтваў?
— Крыўдна за спартоўцаў. Ім трэба карміць сем'і, а іх выключаюць з нармальнасці, назавём так. Забіраюць хлеб. Вайна не мусіць быць падставай для таго, каб атлеты не ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Калі няма адкрытай прапаганды, ваеннай сімволікі, вядома. Усе хочуць мірнага неба.
Шок, добрая воля, Каляды
— Што рабілася ў Любліне ў першыя дні вайны?
— Натоўпы людзей! У нас у сям'і жыла 40 дзён жанчына з Кіева з двума дзецьмі. Яна першы тыдзень не выходзіла з кватэры. Проста сядзела на канапе і трымала дзяцей за рукі. У яе быў шок… з пачатку вайны ў Люблін прыехаў больш чым мільён чалавек. Большасць вярнулася. Але цяпер чакаем другой хвалі, бо ва Украіне неспакойна. Да таго ж набліжаецца зіма. Магчыма, з перабоямі электраэнергіі.
— У Польшчы сустракалі тых, хто падтрымлівае вайну?
— Не. Гэтая сітуацыя ўдарыла па сусветнай эканоміцы. Палякам таксама няпроста. Вялікая інфляцыя, людзі зацягваюць паясы. Напрыклад, паслугі на спартыўных аб’ектах падаражэлі ў чатыры разы. Дапамагчы бежанцам могуць не ўсе. Але салідарнасць вялікая. Палякі разумеюць, што ўкраінцы вымушаныя кідаць усё, ратуючыся ад вайны.
— Вы казалі ў 2004 годзе: «Палякі — прыязны народ, хай і не заўсёды адкрыты ў намерах і размовах. Людзі багатай культуры, захавалі свае традыцыі, мову, кухню. Пасля ўступлення ў Еўрасаюз Польшча перажывае ўздым. Думаю, што ў краіны вялікія перспектывы». Усё так і аказалася?
— Усюды ёсць свае нюансы. Польшча рухаецца наперад. І, глядзіце, у сілу розных прычын большасць бежанцаў з Украіны прыехала менавіта сюды. Мова трохі падобная, так. Але рэч і ў дапамозе з боку мясцовых. Прычым па добрай волі.
— А куды рухаецца Беларусь?
— Не хацела б закранаць гэтую тэму. Некалькі гадоў не была ў краіне. За нейкімі навінамі сачу, але не валодаю ўсёй інфармацыяй. Ведаю, што ёсць людзі, якім па-ранейшаму камфортна ў Беларусі.
— Рэчы, традыцыі, якія да гэтага часу вам здаюцца дзіўнымі ў Польшчы?
— Палякі — каталікі. Наша з мужам дачка Ванда таксама, але не зусім зразумела, навошта вывучаць рэлігію з першых школьных класаў. У маім разуменні вера — добраахвотны выбар кожнага, а не абавязалаўка. Яшчэ не прывыкла, што на Каляды гатуецца вялікая колькасць страваў. Тры дні ядуць адну страву за адной. У мяне свякроў у асноўным кухарыць. Заўсёды нешта застаецца.
Тралейбусы, культура, Рутэнка
— Чулі калі-небудзь, каб палякі абмяркоўвалі захоп або падзел нашай краіны?
— Не. Ведаю, што ў некаторых жылі продкі на тэрыторыі Беларусі. Вось яны б хацелі паехаць, пашукаць інфармацыю пра далёкіх сваякоў, пабыць на іх магілах.
— А па бензін і цыгарэты?
— Па гэта з Любліна ў Беларусь не едуць. Можа, у прыгранічных раёнах іншая сітуацыя.
— Чым вам так падабаецца Люблін?
— Амаль 20 гадоў ужо тут. Прывыкла. Метро няма, але ёсць тралейбусы — нешта пра Мінск ды нагадвае. Нямала рускамоўных. Люблін — прыгранічны горад, таму тут можна сустрэць розныя народы. То вечар украінскай культуры ў нас, то яўрэйскай — не сумна.
— А па Беларусі сумуеце?
— Бывае. Там родныя, сябры дзяцінства. Заўсёды можна камусьці патэлефанаваць. У Польшчы мне не хапае «Нарачанскага» хлеба, сушак, ванільных сыркоў і марынаванага часнаку. Культуру, з якой нарадзіўся, не перакрэсліш.
— Вы аднойчы з цеплынёй адзываліся пра нечаканую сустрэчу ў аэрапорце з Сяргеем Рутэнкам.
— Так, мы з Сяргеем сябравалі ў Мінску, хадзілі ў адну школу. Рутэнка (знакаміты беларускі гандбаліст, цяпер старшыня тэніснай федэрацыі. — Заўв. рэд.) — вельмі цёплы чалавек. І добры прыклад таго, што ў Беларусі таксама нараджаюцца спартоўцы, якія прабіваюцца і робяцца сусветнымі зоркамі.
— Змянілі пра яго меркаванне пасля публічнай падтрымкі Лукашэнкі?
— Не. Гэта выбар Рутэнкі. Я не павінная яму пляскаць у ладкі, але і асуджаць не збіраюся.
Чытайце таксама


