Учора, 3 студзеня, прайшла прэзентацыя Крышціяну Раналду ў новым клубе — «Аль-Наср» з Саудаўскай Аравіі. І адна фраза партугальскага футбаліста на прэс-канферэнцыі абляцела ўвесь свет.
Раналду пераблытаў, дзе будзе гуляць.
— Для мяне прыезд у Паўднёвую Афрыку — не канец кар’еры. І, шчыра кажучы, мяне насамрэч не турбуе тое, што кажуць людзі, — сказаў футбаліст.
Saudi Arabia really just paid Cristiano Ronaldo $ 200m to say he’s excited to play in 'South Africa' 😂😭 pic.twitter.com/wGegzyphE5
— JAKE BUCKLEY 🇦 (@TheMasterBucks) January 3, 2023
Таксама Крышціяну заявіў, што заключыў кантракт дзеля новых дасягненняў:
— Я ўнікальны гулец, так што выдатна прыехаць сюды. Я пабіў усе рэкорды там [у Еўропе], так што хачу і тут сякія-такія пабіць. Для мяне гэта выдатная магчымасць.
Раней паведамлялася, што зарплата Раналду з улікам даходаў ад рэкламы складзе 200 млн еўра ў год. Кантракт з «Аль-Насрам» заключаны на два з паловай гады.
Раналду са скандалам сышоў з ангельскага клуба «Манчэстэр Юнайтэд», куды ён вярнуўся пасля доўгага перапынку ў 2021 годзе. У лістападзе, напярэдадні чэмпіянату свету-2022 у Катары, Крышціяну даў скандальнае інтэрв'ю, у якім заявіў, што ў «МЮ» яго не цэняць і ён не паважае трэнера каманды Эрыка тэн Хага. У выніку кантакт з футбалістам скасавалі.