Кіраўнік Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнік гэтага ж ведамства Ігар Сяргеенка даў інтэрв'ю выданню «СБ. Беларусь сегодня». У ім ён у прыватнасці выклаў свае развагі пра тое, каго можна лічыць нацыянальным героем Беларусі, а каго — не. Паводле логікі чыноўніка, напрыклад, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі і паўстанцы 1863−64 гадоў такімі быць не могуць. Аднак у агучаных Сяргеенкам тэзісах шмат ілжывай інфармацыі — тлумачым, у чым погляды чыноўніка не адпавядаюць рэчаіснасці.
Касцюшка горшы за Неўскага і Жанну д’Арк?
У сваім інтэрв'ю Сяргеенка даў наступныя крытэры нацыянальнага героя: «Гэта чалавек, які ў цяжкі перыяд (як героі Вялікай Айчыннай вайны) або ў крытычнай сітуацыі (як нашыя лётчыкі, Героі Беларусі, Уладзімір Карват, Андрэй Нічыпорчык, Мікіта Куканенка) робіць неймаверна мужны выбар. Ахвяруе або рызыкуе сваім жыццём, абараняючы родную зямлю, людзей. Або самааддана жыве, аддаючы ўсяго сябе высакароднай ідэі, якая служыць на карысць, акцэнтую, свайго народа, як савецкія Героі Сацыялістычнай Працы, Герой Беларусі Мітрапаліт Філарэт».
Таму, на думку Сяргеенкі, з такімі крытэрамі цяжка падыходзіць да ацэнкі людзей, якія жылі ў іншых эпохах — то-бок раней за XX стагоддзе. «Тады сяляне, мяшчане, рамеснікі з аднаго боку і эліты з другога жылі рознымі жыццямі. Адны захоўвалі вернасць праваслаўю, змагаліся за сваё жыццё і каштоўнасці (культурныя, духоўныя, маральныя). Іншыя пад ціскам заходняй цывілізацыі, жадаючы захаваць тытулы і прывілеі, мянялі сваю ідэнтычнасць, адмаўляліся ад веры, мовы, традыцый. Скажам, ці можна назваць нацыянальным героем [Тадэвуша] Касцюшку? Асоба яркая. Быў высакародны. Самааддана служыў ідэі. Але гэтая ідэя не была беларускай. Так, мы не можам выкрасліць яго са сваёй гісторыі, гэта супраць нашых прынцыпаў. Але павінныя дакладна вызначыць яго ролю ў ёй, каб, <…> нашыя дзеці разумелі, на каго раўняцца».

У іншым фрагменце інтэрв'ю чыноўнік сцвярджаў наступнае: «Ніхто не спрачаецца, што эпоха Радзівілаў — гэта росквіт культуры, час эканамічнага ўздыму і развіцця на беларускіх землях. Але мы не павінныя замоўчваць, у якіх нечалавечых умовах жыў народ у сваёй рабскай працы на магнатаў, па сутнасці, бяспраўны, якім жорсткім катаванням і пакаранням падвяргаўся. Гэта важны момант для разумення лёсавызначальнага гістарычнага выбару беларускага народа, які стварыў больш за стагоддзе таму нацыянальную дзяржаву на аснове раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці, ніколі больш не жадаючы, вобразна кажучы, гнуць спіну на паноў».
Сапраўды, пад крытэры, прыдуманыя Сяргеенкам, ні Касцюшка, ні Радзівілы не падыходзяць. Але ўвесь свет у пытанні вызначэння нацыянальных герояў жыве зусім іншымі катэгорыямі і каштоўнасцямі.
Калі ўзброіцца канцэпцыяй Сяргеенкі, то, напрыклад, французам трэба адмовіцца ад Жанны д’Арк, якая жыла ў ХV стагоддзі, — тады «сяляне, мяшчане, рамеснікі з аднаго боку і эліты з другога» сапраўды жылі рознымі жыццямі, а просты народ працаваў на магнатаў. Расіяне ж мусяць забыць пра Аляксандра Неўскага — у XIII стагоддзі назіралася аналагічная карціна. І што рабіць у такім выпадку беларусам з іншымі сваімі героямі, якім не пашанцавала нарадзіцца задоўга да XX стагоддзя — Еўфрасініяй Полацкай, Францыскам Скарынам і многімі іншымі?
Сергеенка сцвярджае, што «адны захоўвалі вернасць праваслаўю», а іншыя «мянялі сваю ідэнтычнасць, адмаўляліся ад веры». Але нашых продкаў у мінулым гвалтоўна заганялі і ў каталіцтва, і ў праваслаўе (напрыклад, у 1839-м пасля націску з боку дзяржавы была ліквідаваная ўніяцкая царква, да якой належала вялікая частка насельніцтва краіны, — у выніку большасць вернікаў гвалтоўна перавялі ў праваслаўе). Але чамусьці першы працэс трактуецца як гвалтоўны, другі ж нібыта быў пазітыўным.
Пяройдзем да Тадэвуша Касцюшкі. Нагадаем, што гэты ўраджэнец Беларусі ўдзельнічаў у вайне ЗША за незалежнасць, стаў шырока вядомы як інжынер абаронных умацаванняў Вест-Пойнта. Гэты форт, у якім цяпер знаходзіцца найстарэйшая вайсковая акадэмія Злучаных Штатаў, павінны быў не прапусціць караблі брытанскага флоту па рацэ Гудзон. У выніку Вест-Пойнт адыграў ключавую ролю ў барацьбе за незалежнасць, а Касцюшка вярнуўся на радзіму брыгадным генералам.

У 1794 годзе ён узначаліў вызваленчае паўстанне. Яго мэтай было перадухіліць падзел Рэчы Паспалітай (федэрацыі, якая складалася з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага) суседнімі дзяржавамі. Паўстанне пацярпела няўдачу, а яго кіраўнік апынуўся ў зняволенні ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Чаму ж беларусы могуць ганарыцца Касцюшкам, які сапраўды беларусам сябе не называў? Рэч у тым, што многія нашыя знакамітыя суайчыннікі (і Касцюшка, і, напрыклад, паэт Адам Міцкевіч) называлі сябе ліцвінамі — бо назва Беларусь яшчэ не замацавалася за тэрыторыяй нашай краіны. Яны належаць адначасова некалькім культурам — беларускай, польскай і літоўскай, на аснове якіх фармавалася іх свядомасць. А сучасных нацый у класічным разуменні гэтага слова ў той час яшчэ не існавала. Аналагічна, у часы Аляксандра Неўскага не было ніякай Расіі і рускіх як нацыі — але гэта не падстава для расіян не лічыць яго сваім героем (у 2008 годзе жыхары РФ выбралі яго галоўным героем у гісторыі краіны падчас тэлепраекта «Імя Расіі»).
Выступленне Касцюшкі ў будучыні натхняла іншых паўстанцаў (у тым ліку Кастуся Каліноўскага), а таму яго можна лічыць адным з першых крокаў да будучага вызвалення беларускага, польскага і літоўскага народаў ад Расіі, якая захапіла нашыя землі. Сяргеенка ж у найлепшых савецкіх традыцыях прапануе весці адлік гісторыі з 1917 года, адкідаючы ўсе папярэднія перыяды.
«Паляк» Каліноўскі
«Сфальсіфікаваны вобраз нацыянальнага героя здольны ў роўнай ступені як аб’яднаць, так і раскалоць грамадства. Прыклад таму — створаны ў савецкай гістарыяграфіі міф пра Каліноўскага. <…> Савецкае пакаленне вырасла на прыкладзе гераічнай барацьбы рэвалюцыянера Каліноўскага з царызмам. А сёння на асобе гэтага так званага героя, на прыкладзе яго барацьбы за ідэю аднаўлення польскай Рэчы Паспалітай грае знешні вораг, спрабуючы забіць клін паміж брацкімі народамі, раскалоць грамадства ўнутры адной краіны», — заявіў Сяргеенка.
У гэтай фразе чыноўнік дэманструе поўнае неразуменне рэалій таго часу. У канцы ХVIII стагоддзя Рэч Паспалітую (гэта была федэратыўная дзяржава, не тоесная Польшчы) анексавалі суседнія краіны. Беларусь і Літва, а пазней і частка Польшчы ўвайшлі ў склад Расіі. З таго часу эліты беларускіх, літоўскіх і польскіх земляў марылі пра аднаўленне незалежнасці.
Яшчэ да пачатку паўстання ў ім аформіліся два крылы: «белыя» (землеўладальнікі і буржуазія) і «чырвоныя» (дробная шляхта, інтэлігенцыя, студэнцтва, гарадскія нізы). Пры гэтым «чырвоныя» дзяліліся на ўмераных і больш радыкальных. Да апошніх і належаў Каліноўскі.
У нацыянальным пытанні ўсе ўдзельнікі паўстання выступалі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Але калі «белыя» і памяркоўныя «чырвоныя» хутчэй выступалі за будучыню ўнітарнай дзяржавы, то «чырвоныя», у тым ліку Кастусь, былі за аднаўленне федэрацыі і прызнавалі правы беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў на самавызначэнне. Каліноўскі настойваў, каб адносіны з Варшавай будаваліся на раўнапраўі і суверэннасці. Ужо падчас паўстання ён патрабаваў, каб Літоўскі правінцыйны камітэт самастойна траціў грашовыя сродкі на патрэбы паўстання.
Сімвалічны пароль паўстанцаў: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! — То ўзаемна!» Прапагандысцкія сайты называлі яго міфам. Тым не менш у 2013 годзе ў выданні «Беларускі гістарычны часопіс» былі апублікаваныя арыгіналы паказанняў Вітальда Парфіяновіча, які здрадзіў Каліноўскаму. У іх згадваўся гэты пароль, які сведчыў, што паўстанцы змагаліся менавіта за Беларусь.

Каліноўскі змагаўся за свабоду і незалежнасць сваёй краіны. Ён імкнуўся вырашыць аграрнае пытанне, а значыць, яго хвалявалі інтарэсы не толькі вузкай эліты, але і шырокіх слаёў насельніцтва. Ён заснаваў незалежны нацыянальны друк, пачаўшы выданне першай беларускамоўнай газеты «Мужыцкая праўда». 1863 год стаў вяхой для нацыянальна-вызваленчага руху нашай краіны, бо Каліноўскі быў, бадай, першым, хто загаварыў менавіта пра самастойнасць Беларусі-Літвы.
Але галоўнае, што дзеля дасягнення сваіх мэтаў Кастусь не пабаяўся ахвяраваць сваім жыццём. Таму ён адназначна нацыянальны герой Беларусі.
Тэрор супраць праваслаўных, якога не было
Гэта не ўсё, што сказаў Сяргеенка пра лідара паўстанцаў. Паводле яго, былі нібыта апублікаваныя «падрабязнасці зверскіх расправаў каліноўцаў з беларускім праваслаўным насельніцтвам». «Выразалі людзей за нежаданне падтрымліваць польскае паўстанне, то-бок за пазіцыю, за вернасць сваёй ідэнтычнасці», — сцвярджае Сяргеенка.
Канкрэтная крыніца гэтай інфармацыі не пазначаная, але міф пра «зверскія расправы каліноўцаў» запусціў расійскі прапагандыст Аляксандр Дзюкаў. Крамлёўскія СМІ пастаянна выкарыстоўваюць яго ў якасці эксперта для ачарнення нацыянальных рухаў у суседніх з Расіяй краінах. За гэта Дзюкаў абвешчаны персонай нон-грата ў Літве і Латвіі. Эксперты гавораць пра яго супрацоўніцтва з расійскай ФСБ.
Напрыклад, у 2009-м Дзюкаў выпусціў у суаўтарстве кнігу «Великая оболганная война-2. Нам не за что каяться!», у якой пісаў: «Нашыя ворагі, знешнія і ўнутраныя, замахваюцца на нашае самае святое — на народную памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Нас спрабуюць пазбавіць Вялікай Перамогі. Туруючы гебельсаўскай прапагандзе, псеўдаісторыкі намаўляюць, што перамога была дасягнутая занадта дарагой цаной, што яна, нібыта, абярнулася прыгнётам Усходняй Еўропы, што салдаты Чырвонай арміі быццам бы згвалтавалі Германію, а савецкіх грамадзян, якія перажылі нямецкую акупацыю, ледзь не пагалоўна саслалі ў Сібір. Гэтая кніга — водпаведзь паклёпнікам, абвяржэнне самых брудных, самых хлуслівых міфаў пра Вялікую Айчынную вайну, якія распаўсюджваюцца ворагамі Расіі».
У 2023-м Дзюкаў заяўляў, што ў сучаснай Украіне «фашысцкае грамадства». Раней, у жніўні 2022-га, ён удзельнічаў у допытах украінскіх палонных у акупаванай расіянамі Яленаўцы, у чым прызнаваўся сам.
Шальмаваць Каліноўскага Дзюкаў пачаў яшчэ ў канцы 2010-х, а ў 2021-м выпусціў кнігу «Пропаганда ненависти и повстанческий террор на белорусских землях, 1862 — 1864 гг.» — назва гаворыць сама за сябе. У гэтай кнізе ён прывёў спіс з 452 «ахвяр паўстанцкага тэрору ў паўночна-заходнім краі Расійскай імперыі».
Рэпутацыя Дзюкава такая, што звесткі з гэтай кнігі неабходна паслядоўна пераправяраць — верыць ім апрыёры нельга, бо нават з прыкладаў вышэй відаць, наколькі аўтар імкнецца да аб’ектыўнасці. Але нават знаёмства з апублікаваным спісам ужо разбівае тэзіс беларускага чыноўніка пра праваслаўнае насельніцтва. Сам Дзюкаў піша, што сярод загінулых былі «беларусы, рускія, палякі, літоўцы, латышы, габрэі». Відавочна, што праваслаўныя сярод іх складалі толькі частку. Ды і ў цэлым у спісе ў большасці выпадкаў не прыводзіцца падрабязнасцяў: за што і пры якіх абставінах былі забітыя гэтыя людзі. «Падрабязнасцяў зверскіх расправаў», пра якія кажа Сяргеенка, там папросту няма.
У тых жа выпадках, калі прычыны гібелі людзей названыя, узнікае шэраг лагічных пытанняў да аўтара. Напрыклад, селянін Павел Андрэеў быў забіты, калі пераследаваў паўстанцаў. Каланіст Міхаіл Руль (або Рыль) згарэў у вартоўні падчас бою з імі. Сялян Адама Лысянкевіча і Міхаіла Музеля павесілі за тое, што яны затрымалі паўстанцаў і перадалі іх уладам. Шаўца Рагалёва забілі за тое, што ён сышоў з паўстанцкага атрада і патрабаваў ад іх 200 рублёў, пагражаючы ў выпадку адмовы «здаць» уладам да 80 чалавек.
Але ні адзін з іх не цягне на ахвяру тэрору. Першыя два загінулі ў баі. Двое іншых выраклі на зняволенне або смерць паўстанцаў, іх забойствы былі лагічным (хай і, безумоўна, непрымальным) адказам у тых умовах. Апошні з пералічаных наогул быў шантажыстам, чые дзеянні маглі паставіць пад пагрозу жыцці дзясяткаў людзей.
У сваю чаргу Сяргеенка нічога не сказаў пра беларусаў, якія пацярпелі ад дзеянняў расійскіх уладаў. Так, былі павешеныя ці расстраляныя 128 удзельнікаў паўстання, больш за 900 — сасланыя на катаргу. Каля 12,5 тысячы — высланыя пад нагляд паліцыі (у тым ліку 500 — адпраўленыя на пасяленне ў Сібір).
Барыс Кіт і пытанне радзімы
«Многія ўраджэнцы Беларусі маюць сусветную вядомасць. Мы можам ганарыцца тым, што на нашай зямлі нараджаюцца геніі. Але, напрыклад, ці назавём мы сваім нацыянальным героем таленавітага навукоўца, які супрацоўнічаў у гады акупацыі з немцамі, пасля вайны жыў і працаваў у ЗША? Не проста працаваў. У самы разгар Халоднай вайны ўдзельнічаў у распрацоўках паліва для касмічных караблёў і ракет, якія былі скіраваныя на яго радзіму», — казаў Ігар Сяргеенка пра навукоўца Барыса Кіта.
Фактаў супрацоўніцтва Кіта з нацыстамі чыноўнік не прывёў. Прычына — іх не было. У 1941-м падчас нямецкага наступу школьны настаўнік з Навагрудка Барыс Кіт не паспеў эвакуявацца і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Нягледзячы на ваенны час, дзяцей трэба было вучыць, і Кіт арганізаваў у Маладзечне і Паставах настаўніцкія семінарыі, стаўшы іх дырэктарам. Ён без дазволу ператварыў Маладзечанскую гімназію ў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут. Калі немцы даведаліся пра гэта, то запатрабавалі закрыць гэтую навучальную ўстанову. Але Кіт, рызыкуючы быць арыштаваным, усё ж дазволіў студэнтам завяршыць навучанне.
У 1944 годзе немцы западозрылі яго ў сувязях з партызанамі. Будучага навукоўца арыштавала гестапа, ён больш за месяц праседзеў у турме ў Вілейцы. Паводле словаў Кіта, «трыццаць дзён я чакаў расстрэлу. Кожны дзень прыганялі па 30 чалавек, з іх 25 ноччу расстрэльвалі». Выратавалі яго былыя вучні.
Кіт лагічна дапусціў, што савецкая ўлада не даруе яму працы па адкрыцці школ ва ўмовах акупацыі, і ў 1944 годзе эміграваў на Захад з нямецкімі войскамі падчас іх адступлення.
«Дзякаваць богу, што я ніколі не быў салдатам, не браў удзелу ў вайне. Выкруціўся ад дрэнных магчымасцяў і дажыў да 100 гадоў!» — расказваў у інтэрв'ю TUT.BY Кіт.
Выкладанне падчас акупацыі — гэта зусім не супрацоўніцтва (пра што, імаверна, казаў Сяргеенка). Наадварот, гэта было выратаванне для юных беларусаў, якія рызыкавалі на тры гады акупацыі застацца без навучання (сысці ў партызаны маглі не ўсе, бо не ва ўсе атрады бралі дзяцей і далёка не ў кожным з іх была партызанская школа).
Асобная размова — пра фразу наконт ракетаў Кіта, якія былі «скіраваныя на яго радзіму». Нават калі не звяртаць увагі на відавочную маніпуляцыю (Кіт у першую чаргу вядомы якраз распрацоўкамі ў галіне паліва для касмічных ракет — то-бок мірнай сферы), то чыста лагічна СССР не мог быць радзімай для навукоўца, які пражыў у Саюзе ўсяго два даваенныя гады ўжо дарослым, сфармаваным чалавекам (да гэтага Заходняя Беларусь, адкуль ён родам, уваходзіла ў склад Польшчы). Так што ў працы на Амерыку ва ўмовах Халоднай вайны ў яго дакладна няма ніякага граху.

І ўсё ж у выказванні Сяргеенкі ёсць пэўны сімвалізм і значнасць. Радзімай у гэтым выпадку ён называе СССР — краіну, у склад якой нашыя землі гвалтоўна трапілі пасля таго, як суседзі з усходу знішчылі Беларускую Народную Рэспубліку, якая сапраўды прадстаўляла інтарэсы беларусаў (БНР была створаная ўдзельнікамі з’езду, дэлегатаў на які абіралі, БССР жа стваралася сілай зброі).
«Патрэбныя дакладныя крытэры ацэнкі ўнёску асобы ў гісторыю сваёй краіны і маркеры недатычнасці да гэтай гісторыі, такія як факты служэння інтарэсам іншых дзяржаваў. Толькі так можна фармаваць пантэон нацыянальных герояў», — кажа кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі. Вось толькі СССР і быў «іншай дзяржавай». Служэнне яго інтарэсам не дае падставаў лічыць тых жа савецкіх чыноўнікаў, якіх масава ўзнагароджвалі званнямі Героя Сацыялістычнай Працы, нацыянальнымі героямі.
Мэта Сяргеенкі відавочная — маніпуляцыямі і фармуляваннем дзіўных крытэраў ён хоча дыскрэдытаваць вобразы гістарычных дзеячаў, нявыгадных цяперашнім уладам. Насамрэч жа крытэр просты: нацыянальныя героі краіны — гэта тыя, хто змагаўся за Беларусь, за яе культуру, гісторыю, самастойнасць, за жыцці яе людзей. Тыя, каго героямі лічаць самі беларусы, а не асобныя чыноўнікі.
Чытайце таксама


