Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Мінспорту назвалі самыя папулярныя выязныя напрамкі для адпачынку ў беларусаў — гэта традыцыйныя марскія курорты Егіпта, Турцыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Акрамя таго, прывабнымі для беларусаў застаюцца Грузія, Азербайджан і Арменія. Стаў папулярны Узбекістан. Таксама нашыя турысты працягваюць ездзіць у Расію. У сувязі з гэтым мы вырашылі ўспомніць, куды і як ездзілі продкі беларусаў у мінулым, хто наогул мог сабе дазволіць такія падарожжы, а таксама як змянялася іх даступнасць з цягам часу.

У гэтым тэксце мы не расказваем пра паездкі з вайсковымі, гандлёвымі, палітычнымі і дыпламатычнымі мэтамі — інакш давялося б успамінаць усю гісторыю Беларусі. Крытэры для адбору: паездка не мусіла наўпрост прыносіць грошы і быць звязаная з імі, яна мусіла мець не прафесійны, а забаўляльны, пазнавальны або навучальны характар.

Паломніцтва і навучанне за мяжой

Першыя падарожжы адбываліся ў самай далёкай старажытнасці, але звязаныя яны былі з пытаннем выжывання: недахоп месца і рэсурсаў, змены клімату і іншыя прычыны прымушалі чалавека рассяляцца па большай частцы зямлі. У тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Потым тысячагоддзямі пераезды нашых продкаў часцей за ўсё былі звязаныя з войнамі ці гандлем (войскі выпраўляліся на чужыя тэрыторыі з захопніцкімі мэтамі, купцы ехалі, каб прывезці тавары і зарабіць на гэтым грошай). Сітуацыя пачала мяняцца толькі ў Сярэднявеччы, калі сфармавалася еўрапейская хрысціянская цывілізацыя. Для яе быў характэрны такі феномен, як рэлігійнае паломніцтва ў месцы, звязаныя з жыццём і смерцю Ісуса Хрыста.

«Царква <…> рэгулявала паломніцтва, стварала асаблівую „сэрвісную службу“ і дарожную інфраструктуру ў дапамогу пілігрымам, фармавала „мясцовыя“ паломніцкія цэнтры, <…>. Можна з поўнай упэўненасцю сцвярджаць пра закладанне асноваў рэлігійнага турызму ў перыяд еўрапейскага сярэднявечча <…>. Да таго ж, акрамя ўнутранай рэлігійнай матывацыі паломніцкага руху, пэўнай часткай пілігрымаў валодалі свецкія жаданні, якія супадаюць з матывамі, уласцівымі сучаснаму замежнаму турысту», — пісала беларускі гісторык Надзея Якуш, аўтарка навучальнага дапаможніка «Гісторыя і геаграфія турызму ў Беларусі» (у гэтым тэксце мы яшчэ не раз будзем спасылацца на гэтую працу).

Сярод ураджэнцаў Беларусі першую вядомую нам паломніцкую паездку здзейсніла Еўфрасіння Полацкая — дачка мясцовага князя, якая пайшла ў манастыр; у будучыні — святая. У пачатку 1167 года яна разам з братам, стрыечнай сястрой і іншымі вандроўнікамі выправілася на Святую Зямлю (то-бок на тэрыторыю сучасных Ізраіля і Палестыны). Па дарозе наведала Кіеў і Канстанцінопаль (сучасны Стамбул). Асветніца дасягнула Ерусаліма, дзе і памерла ў траўні таго ж года.

Ефросиния Полоцкая. Работа Нафонты Калашниковой. 1859 год. Изображение: Гродненский государственный музей истории религии, commons.wikimedia.org
Еўфрасіння Полацкая. Праца Нафонты Калашнікавай, 1859 год. Выява: Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, commons.wikimedia.org

Традыцыя паломніцтва захавалася і ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) — беларуска-літоўскай дзяржаве, якая з’явілася ў сярэдзіне XIII стагоддзя. Напрыклад, яго здзейсніў Мікалай Радзівіл па мянушцы Сіротка — менавіта за ім у Нясвіжы былі пабудаваныя замак, шэраг касцёлаў, ратуша і іншыя знакавыя будынкі. У 1583−1584 гадах ён наведаў астравы Крыт і Кіпр, а таксама Сірыю, гістарычную Палестыну і Егіпет.

Падчас падарожжаў Сіротка вёў запісы, па выніках якіх у 1601-м апублікаваў на лацінскай мове кнігу «Перэгрынацыя, або Паломніцтва на Святую Зямлю» (слова «перэгрынацыя» паходзіць ад лацінскага слова «peregre» — «па-за бацькаўшчынай», «за мяжой»). Яна некалькі разоў перавыдавалася, перакладалася на беларускую, польскую і рускую мовы. Напісаная ў форме лістоў да сябра, «Перэгрынацыя» знаёміла чытачоў з наведанымі землямі (іх ландшафтам, флорай і фаўнай, насельніцтвам, з гарадамі і асобнымі славутасцямі).

Вось, напрыклад, як Радзівіл апісваў раку Ніл у Егіпце: «Каля дваццаць другой гадзіны ўвайшлі мы ў браму Нільскую (гэта быццам апошняе яго рукаво ад Усходу), маючы з левага боку ад мора і ракі да Даміяты (цяпер горад Дум’ят. — Заўв. рэд.) прыналежны і дзеля абароны яе змураваны квадратам замак добра абаронены, было перад тым у ім каля двухсот чалавек, цяпер жа ледзьве дваццаць ёсць дзеля вайны Персідскай. Уваходзячы ў Ніл, бачылі мы з правага боку на моры колькі судзін невялікіх, бо тут вялікія караблі не ходзяць, таму што порта няма, а толькі прычал да часу, пакуль тыя невялікія разгрузяць і дзеля бяспечнасці на Ніл выцягнуць».

Николай Радзивилл Сиротка. Изображение: Warsaw Royal Castle, commons.wikimedia.org
Мікалай Радзівіл Сіротка. Выява: Warsaw Royal Castle, commons.wikimedia.org

Але ўсё ж ураджэнцы тэрыторыі сучаснай Беларусі нашмат часцей выязджалі за мяжу, каб вучыцца. У XIV-XVI стагоддзях у замежных універсітэтах вучылася каля 700 выхадцаў з ВКЛ (каля паловы з іх атрымала ступень бакалаўра — то-бок завяршыла навучанне). Геаграфія была вельмі шырокай: Германія (Берлін, Ляйпцыг, Вітэнберг, Цюбінген, Нюрнберг, Інгальштат), Італія (Падуя, Рым, Балонья), Швейцарыя (Базель), Прусія (Кёнігсберг), Францыя (Парыж), Англія (Лондан, Эдынбург) і іншыя.

Адным з такіх падарожнікаў быў наш першадрукар Францыск Скарына, які вучыўся ў Кракаве і атрымаў званне доктара медыцыны ў Падуі. Сімвалічна, што першым выданнем, надрукаваным ім на тэрыторыі ВКЛ, стала «Малая падарожная кніжка». Назва гаварыла сама за сябе: яна арыентавалася на чытачоў, якія шмат часу бавяць у дарозе (менавіта таму кніга выдавалася ў невялікім фармаце).

Але ўсё ж найбольш часта за мяжой вучыліся прадстаўнікі арыстакратыі. Напрыклад, іншы Мікалай Радзівіл, па мянушцы Чорны — адзін з самых уплывовых магнатаў краіны, — адправіў вучыцца за мяжу ўсіх чацвярых сваіх сыноў. Альбрэхт, Станіслаў і Ежы — адпаведна, будучыя вялікі маршалак ВКЛ, стараста жамойцкі і кардынал — былі адпраўленыя вучыцца ў Ляйпцыг, а яшчэ адзін сын, ужо згаданы Сіротка, вучыўся ў Страсбургскім, Цюбінгенскім, Цюрыхскім і Гайдэльбергскім універсітэтах. Акрамя іх за мяжой вучыліся і іншыя Радзівілы. Зрэшты, гэта не было класічнае бесперапыннае навучанне ў сучасным сэнсе гэтага слова. Яно магло зацягвацца на доўгія гады, а самі прадстаўнікі роду ў гэты час маглі паралельна падарожнічаць, выконваць дыпламатычныя даручэнні.

Але ў цэлым дарога ў Еўропу была адкрытая і для іншых жыхароў княства. Паводле трэцяга Статута (збору законаў) ВКЛ, прынятага ў 1588 годзе, кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне.

Гэтым правам скарыстаўся ўраджэнец ВКЛ Казімір Семяновіч. У 1650 годзе ён выпусціў у Амстэрдаме на лаціне кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі». Гэта быў не толькі падручнік па адпаведным родзе войскаў. «Ягоны геній выкарыстоўваем мы сёння, пасылаючы да Месяца, Сатурна, Марса ды іншых планет касмічныя апараты з дапамогай шматступеневых ракет. Прататып, будову і стабілізатары гэтых складаных ракет ён распрацаваў яшчэ ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя», — пісалі біёграфы Семяновіча.

Титульный лист третьего издания «Великое искусство артиллерии» Казимира Семеновича, изданного на немецком языке в 1676 году во Франкфурте-на-Майне. Фото: Siarhiej Saciuk/BelaPAN, commons.wikimedia.org
Тытульны ліст трэцяга выдання кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча, апублікаванага на нямецкай мове ў 1676 годзе ў Франкфурце-на-Майне. Фота: Siarhiej Saciuk/BelaPAN, commons.wikimedia.org

Яшчэ адной вядомай падарожніцай стала Саламея Русецкая (прозвішчы па мужах — Гальпірова і Пільштынова), якая нарадзілася на Навагрудчыне. Яна жыла ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі, зарабляючы як лекарка, што само па сабе дзіўна, бо атрымаць гэтую прафесію ў той час маглі толькі мужчыны (Русецкая сама навучылася медыцынскай справе, дапамагаючы мужу, і лічыцца першай доктаркай у Рэчы Паспалітай). Пры гэтым ураджэнка Беларусі шмат падарожнічала і пакінула часткова аўтабіяграфічны прыгодніцкі раман, выдадзены пад назвай «Авантуры майго жыцця» (напісаны не пазней за 1760 год). У тыя гады яе біяграфія выглядала проста фантастычнай. Грамадства было патрыярхальным, свабода жанчыны не віталася, але аўтарка без усялякай сарамлівасці пісала пра тое, як сама прымала ключавыя рашэнні ў сваім жыцці, як вырашала разнастайныя праблемы і нават ратавала сваіх мужоў ад смерці.

Старт арганізаванага турызму

Сам тэрмін «турызм» з’явіўся толькі ў 1830 годзе. Гэтае слова паходзіць ад французскага tour (прагулка, падарожжа або паездка, якія заканчваюцца вяртаннем да пачатковага пункту). Такое позняе з’яўленне тэрміна нядзіўнае. Бо аж да XIX стагоддзя падарожжа звычайна было не самамэтай, а неабходнай умовай для дасягнення канкрэтнай мэты. Хуткіх і эфектыўных сродкаў перамяшчэння не было, таму вандроўнікі складалі нязначную меншасць сярод усіх людзей.

Так, у Германіі, паводле сведчанняў мясцовых гісторыкаў, першым «прытулкам» арганізаванага турызму стала ў канцы XVIII стагоддзя мекленбургскае ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Тады ў мястэчку Хайлігендам пачалі адкрывацца першыя купальні і пляжы. Адпачывальнікам прапаноўваліся азартныя гульні, конныя прагулкі, скачкі, разнастайныя святы і нават паслугі жрыц кахання.

У XIX стагоддзі Беларусь аказалася ў складзе Расійскай імперыі. Акурат у гэты час стаўленне да падарожжаў пачало мяняцца. Надзея Якуш звяртае ўвагу на тэхналагічныя перадумовы да гэтага: у 1807-м вынайшлі параход, у 1814-м — паравоз, пачала ўдасканальвацца паштовая сувязь.

Джордж Стефенсон, придумавший паровоз. Фото: commons.wikimedia.org
Джордж Стэфенсан, які прыдумаў паравоз. Фота: commons.wikimedia.org

Дзякуючы з’яўленню рэгулярнага транспарту паездкі заможных людзей на далёкія адлегласці сталі не толькі тэхнічна магчымымі, але і значна хутчэйшымі, чым раней. З’явіўся попыт, а за ім — і прапанова. Пачалі будавацца раскошныя гатэлі для абслугоўвання багатых падарожнікаў, з’явіліся першыя турысцкія фірмы і бюро. З 1862 года ў Еўропе выдалі і першыя каталогі турысцкіх паездак. У Беларусі аналагічныя выданні пачалі выходзіць пазней — у 1890-я. Усё гэта адбывалася на фоне прамысловага перавароту ў вытворчасці, урбанізацыі, замацавання навуковай карціны свету.

У выніку пачаў развівацца элітарны замежны турызм. Акрамя першых нешматлікіх паездак па месцах антычнасці (у Грэцыю ці Італію) да яго праяваў можна аднесці і паездкі «на воды» (то-бок на мінеральныя крыніцы). Бад-Эмс і Карлавы Вары, Бадэн-Бадэн і Блакітны бераг сталі месцамі адпачынку арыстакратаў ці проста забяспечаных людзей з усёй Еўропы.

Для падарожжаў за мяжу ў нашых суайчыннікаў у гэты перыяд існавала яшчэ адна прычына — рэпрэсіі ўладаў. Заолаг, географ і геолаг Канстанцін Ельскі падарожнічаў па Паўднёвай Амерыцы — па Гвіяне і Перу. Іван Чэрскі вывучаў возера Байкал, Ігнат Дамейка — Чылі, доктар Мікалай Судзілоўскі — шэраг азіяцкіх краін, мастак Напалеон Орда — еўрапейскіх. Усе гэтыя людзі пакінулі Беларусь з палітычных прычын (Чэрскага выслалі ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863 года, астатнія эмігравалі самі).

Акрамя элітарнага замежнага паступова пачаў развівацца і ўнутраны турызм. Ураджэнцы Беларусі, якія не хацелі выязджаць з краіны ці не мелі на гэта грошай, маглі ў XIX стагоддзі карыстацца першымі прыватнымі санаторыямі-курортамі: у Відзах (цяпер гарадскі пасёлак у Браслаўскім раёне) лячылі рэўматызм, на лагойскіх жалезных і мінеральных водах — усё той жа рэўматызм і нервовыя захворванні. З’явіўся прыватны курорт у сучасным Ушацкім раёне. Ужо ў пачатку ХХ стагоддзя быў заснаваны кліматычны курорт пад Мінскам (сучасныя Ждановічы) і мноства іншых падобных установаў.

Цікавасць да культуры і гісторыі сваёй краіны штурхала на вандроўкі і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Напрыклад, пісьменнік Павел Шпілеўскі апублікаваў у 1853−1855 гадах серыю нарысаў «Падарожжа па Палессі і беларускім краі». Паэт Уладзіслаў Сыракомля — «Падарожжы па маіх былых ваколіцах» (1853). Даследчык Адам Кіркор — «Прагулкі па Вільні і яе ваколіцах» (1856). Наўрад ці амаль адначасовае з’яўленне адразу некалькіх такіх твораў магло быць выпадковым. Цікавасць да лакальнага турызму і да свайго краю паступова рабілася трэндам.

Владислав Сырокомля. Фото: Adam Szemesz, epaveldas.lt, commons.wikimedia.org
Уладзіслаў Сыракомля. Фота: Adam Szemesz, epaveldas.lt, commons.wikimedia.org

У цэлым жа росту колькасці падарожжаў (як унутраных, так і замежных) спрыяў тэхналагічны прагрэс: Еўропа пакрывалася сеткай чыгунак. Не стала выключэннем і Беларусь. У 1868-м чыгуначная галінка пацягнулася з Масквы на захад у бок Варшавы. Праз тры гады яна дасягнула Мінска. А ў 1873-м праз будучую беларускую сталіцу прайшла і Лібава-Роменская чыгунка, якая злучала сучасныя краіны Балтыі з Украінай (Лібава — цяпер латвійскі горад Ліепая, Ромны — горад ва Украіне) і г. д.

Супадзенне ці не, але менавіта ў тыя гады пачалося актыўнае вывучэнне беларускай культуры. Спрабуючы даказаць слушнасць сваіх тэорый, апалагеты заходнерусізму (тэорыі, якая не прызнавала беларускай нацыі і яе мовы) у 1860−1870-я гады даследавалі культуру і традыцыі нашых продкаў і часцяком прыходзілі да процілеглых высноваў, чым меркавалася першапачаткова. У наступныя дзесяцігоддзі — 1880−1890-я гады — падарожжы па Беларусі працягвалі іх паслядоўнікі: Аляксей Сапуноў, Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі і іншыя.

Яшчэ адзін важны этап развіцця ўнутранага турызму звязаны з роварам. Як пісала Надзея Якуш, першы такі транспарт на тэрыторыі нашай краіны з’явіўся ў Віцебску ў 1870-х гадах, а ўжо ў 1890-я ў горадзе было 70 раварыстаў, сябраў Расійскага таварыства раварыстаў-турыстаў. А ў пачатку ХХ стагоддзя аддзяленні таварыства адкрыліся ў шасці найбуйнейшых беларускіх гарадах. Яны арганізавалі спаборніцтвы па роварным спорце і далёкія турыстычныя паездкі. Напрыклад, адбылося некалькі заездаў па гарадах Брэстчыны. У канцы XIX стагоддзя шэсць жыхароў Віцебска здзейснілі паездку на роварах у Ніжні Ноўгарад (адлегласць — каля 1 тысячы кіламетраў). У Мінску двухколавы транспарт з’явіўся пазней, у 1890-я. Але ў 1906-м у горадзе ўжо было 297 раварыстаў, а яшчэ праз сем гадоў — 495. Сярод іх відавочна былі і тыя, хто здзяйсняў аналагічныя паездкі.

Развіццю турызму дапамагла і цікавасць да новых формаў навучання дзяцей. Напрыклад, у 1860-х гадах настаўнікі віцебскіх гімназій пачалі практыкаваць для старшакласнікаў экскурсійна-турыстычныя паездкі па Заходняй Дзвіне падчас летніх канікул. Гэта таксама развівала цікавасць да падарожжаў.

Турызм праз амаль закрытую мяжу

Надзея Якуш называе першую палову ХХ стагоддзя перыядам зараджэння масавага турызму ў свеце. Паводле яе, перадумовы гэтага «складваліся разам з транспартнай рэвалюцыяй, якая павысіла якасць і надзейнасць транспартных перавозак у сукупнасці з іх патанненнем, з’яўленнем „сярэдняга класа“, павышэннем агульнага ўзроўню і якасці жыцця ў найбуйнейшых індустрыяльных краінах свету. Разам з уключэннем у працоўныя заканадаўствы законаў пра 8-гадзінны працоўны дзень з’явілася рэальная магчымасць для арганізацыі масавага турыстычнага адпачынку праз туры „выходнага дня“, якія хутка сталі вельмі папулярнымі».

Але гэты этап для большай часткі беларусаў прайшоў незаўважна. Віна ляжыць як на расійскіх уладах, так і ў цэлым на асаблівасцях нашага рэгіёна. Перш за ўсё Усходняя Еўропа трохі адставала ад Заходняй. І больш сучасны транспарт, і турыстычныя выданні прыходзілі да нас са спазненнем на некалькі дзесяцігоддзяў, пра што мы казалі вышэй. Таму перыяд масавага турызму і без уладаў мог прыйсці ў Беларусь не адразу. Але тыя яшчэ і моцна папрацавалі дзеля адваротнага.

У 1917 годзе ў Расіі адбылася рэвалюцыя. Да ўлады прыйшлі камуністы. У 1921-м яны заключылі з Польшчай Рыжскі мір, паводле якога аддалі суседцы заходнюю частку Беларусі, сабе пакінуўшы ўсходнюю. У першыя гады мясцовыя жыхары неаднаразова перасякалі мяжу ў абодвух напрамках. Але паступова гэта стала зрабіць вельмі складана, а потым і зусім немагчыма.

Граница между СССР и Польшей по Рижскому миру 1921 года. Изображение: wikipedia.org
Мяжа паміж СССР і Польшчай паводле Рыжскана міру 1921 года. Выява: wikipedia.org

У выніку цягам двух дзесяцігоддзяў дзве часткі краіны развіваліся па-рознаму. Жыццё пад кантролем Польшчы было несалодкім, але свабода перамяшчэння (у тым ліку свабода паездак за мяжу) там захоўвалася. У выніку з 1921 да 1939 года Заходнюю Беларусь пакінула каля 130 тысяч чалавек. Што з тымі, хто застаўся? Як пісаў гісторык Уладзімір Ганскі ў кнізе «Турызм у Заходняй Беларусі (1921−1939 гг.)», большасць насельніцтва земляў, якія адышлі да Польшчы, не магла дазволіць сабе турызм (нават выезд за межы свайго рэгіёна, і ўжо тым больш за мяжу дзяржавы). Рэдкім выключэннем, да прыкладу, былі Радзівілы, якія працягвалі валодаць Нясвіжам.

З іншага боку, улады садзейнічалі прыбыццю ў Заходнюю Беларусь значнай колькасці адпачывальнікаў з іншых рэгіёнаў міжваеннай Польшчы. Мэтай было сфармаваць станоўчае грамадскае меркаванне пра польскую дзяржаўнасць і паступова «прывязаць» заходнебеларускія землі да Польшчы.

Паводле Ганскага, цэнтрамі турызму ў Заходняй Беларусі былі буйныя гарады (Вільня, Гродна, Навагрудак, Пінск, Брэст), а таксама курортныя мясцовасці (Друскенікі — сучасны Друскінінкай, Браслаў, возера Нарач). Менавіта ў іх была сканцэнтраваная вялікая частка бюро падарожжаў, гатэляў і рэстаранаў. Нават у невялікіх Стоўбцах дзейнічала аддзяленне брытанскай турыстычнай кампаніі Томаса Кука. Магчыма, прычына ў тым, што горад знаходзіўся недалёка ад мяжы — кантору адкрылі, каб у яе звярталіся ўсе людзі, якія трапляюць у краіну. У цэлым жа, на думку навукоўца, агульны ўзровень сэрвісу, камфорту і санітарнага стану турыстычных аб’ектаў Заходняй Беларусі быў невысокі.

Новогрудский замок до Второй мировой войны. Фото: Narodowe archiwum cifrowe
Навагрудскі замак да Другой сусветнай вайны. Фота: Narodowe archiwum cyfrowe

І тым не менш турызм у Заходняй Беларусі карыстаўся попытам. Паводле падлікаў Ганскага, у 1930-я гады рэгіён штогод наведвала каля 100 тысяч падарожнікаў з іншых рэгіёнаў Польшчы. Паступова ў турыстычны рух пачало ўключацца і мясцовае насельніцтва (у першую чаргу вучні школ і жыхары буйных гарадоў). «Самы пік прыпаў на 1939 год, і нават Максім Танк пісаў летам у сваім дзённіку, што ніколі не было столькі турыстаў у Заходняй Беларусі, як у 1939 годзе», — расказваў краязнаўца Кастусь Шыталь. Але тады пачалася Другая сусветная вайна, рэгіён быў захоплены Чырвонай арміяй, далучаны да Усходняй Беларусі і стаў часткай СССР.

А вось там з турызмам было досыць сумна. На завяршальным этапе існавання Расійскай імперыі абмежаванняў на выезд грамадзян за мяжу не было. Але паплечнікі Уладзіміра Леніна, якія прыйшлі да ўлады, ужо ў снежні 1917 года прынялі інструкцыю: для выезду за мяжу патрабаваўся не толькі пашпарт, але і дазвол, які выдавалі спецслужбы або камісарыят (міністэрства) замежных справаў. У 1925 годзе зацвердзіўся парадак, які ў цэлым дзейнічаў амаль да канца савецкай эпохі, — паводле яго ад грамадзян для перасячэння мяжы патрабавалася наяўнасць выязной візы.

Пра гэта мы падрабязна расказвалі ў асобным тэксце. Тут жа адзначым каротка: каб атрымаць такую візу, трэба было сабраць мноства дакументаў, запоўніць анкеты, атрымаць рэкамендацыі, прайсці праверку ў спецслужбах. Працэдура магла займаць месяцы. У выніку да сярэдзіны 1950-х колькасць савецкіх людзей, якія атрымлівалі дазвол на выезд за мяжу, не перавышала некалькіх тысяч чалавек на год.

Заставалася развіваць унутраны турызм. Але ці было яму месца ў краіне, занятай калектывізацыяй і індустрыялізацыяй? У 1920-я гады ўся турыстычная праца ў Беларусі была цесна звязаная з развіццём краязнаўства. Але ў 1930-я гады сярод кіраўніцтва спецыяльна створанага Цэнтральнага бюро краязнаўства прайшлі рэпрэсіі, арганізацыя была распушчаная. У БССР спрабавалі развіваць савецкі пралетарскі турызм (накшталт паездак на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў Маскве), але без асаблівага поспеху. У канцы 1930-х у Беларусі не было ніводнай турыстычнай базы, па яе тэрыторыі не праходзіў ні адзін нарматыўны турыстычны маршрут. Гэта нядзіўна: рэспубліка была памежнай, і савецкія ўлады з іх шпіёнафобіяй не хацелі дапускаць сюды «лішніх» людзей.

У цэлым жа ў СССР зацвердзілася таталітарная сістэма, якая выключала любыя вольнасці, у лік якіх уваходзіў і турызм. У 1937 годзе чэкісты сфабрыкавалі справу «Контррэвалюцыйнай фашысцка-тэрарыстычнай арганізацыі альпіністаў і турыстаў». Яе ўдзельнікі пад катаваннямі прызналіся, што паролем іх групы было слова «Горы» і што ўдзельнікі планавалі забіць двух чальцоў урада, якія збіраліся «трошачкі заняцца альпінізмам». Аднаго з альпіністаў абвінавацілі ў наўмысным правакаванні няшчасных выпадкаў у гарах (у той год загінулі і атрымалі цяжкія траўмы 17 чалавек), а таксама знарочыстае «іх неразбіральніцтва». Іншы ягоны калега пад катаваннямі прызнаўся, што альпіністы планавалі застрэліць Сталіна падчас першамайскага параду, а для гэтага пранесці зброю пад адзеннем. Большасць з фігурантаў справы расстралялі, некаторыя прайшлі праз лагеры. Зразумела, усе яны былі пазней рэабілітаваныя як ні ў чым не вінаватыя.

Советские альпинисты. Фото: bessmertnybarak.ru
Савецкія альпіністы. Фота: bessmertnybarak.ru

Адкрыццё свету

Іосіф Сталін памёр у 1953-м. Да ўлады неўзабаве прыйшоў Мікіта Хрушчоў, які запусціў палітыку «адлігі». Жалезная заслона стала трохі падымацца — людзі яшчэ абмежавана, але ўсё ж маглі выбірацца ў паездкі за мяжу. У першае дзесяцігоддзе арганізаванага турызму (1956−1966) за мяжу выехала больш за 7 млн чалавек. Пазней колькасць стала павялічвацца — да пачатку 1980-х за мяжу штогод выязджала да 3 млн грамадзян. Усяго ж з сярэдзіны 1950-х да моманту распаду краіны за мяжой пабывала 44 млн жыхароў Саюза.

Шмат гэта ці мала? Лічба гучыць маштабна толькі адносна сталінскіх часоў. Напрыклад, возьмем 2013 год — апошні перад пачаткам расійскага ўварвання ва Украіну. Тады колькасць замежных паездак, здзейсненых грамадзянамі РФ (якіх амаль у два разы менш, чым было грамадзян СССР), склала больш за 54 мільёны. І гаворка ідзе толькі пра турызм, без працоўных паездак, — за ўсяго адзін год, а не за 35.

Кадр из фильма «Бриллиантовая рука» (1968). Фото: Мосфильм
Кадр з фільма «Брыльянтавая рука» (1968). Галоўны герой карціны выпраўляецца ў замежную турыстычную паездку. Фота: «Мосфильм»

А вось унутранаму турызму нарэшце далі зялёнае святло. Гэта таксама адбылося ў часы Хрушчова. Да 1958-га ўся турыстычная дзейнасць у Беларусі зводзілася да арганізацыі экскурсій. І толькі ў тым годзе на беразе возера Нарач запрацавала першая ў БССР турыстычная база на 80 месцаў. З 1960-га там пачалі ўзводзіцца стандартныя каркасна-шчытавыя дамкі, павялічылася колькасць лодак, з’явіліся першыя аўтобусы, значна папоўнілася колькасць спартыўнага інвентару.

У 1961-м запрацавала турбаза «Беларусь» на Заслаўскім вадасховішчы. Як пісала Надзея Якуш, у свеце пасля Другой сусветнай вайны пачаўся перыяд развіцця і росквіту масавага турызму, фармавання турыстычнай індустрыі. Паводле яе, тады турызм стаў «сапраўды масавай сацыяльнай з’явай. Сфармавалася індустрыя адпачынку са сваімі інстытутамі, прадуктам, вытворчым цыклам, метадамі арганізацыі і кіравання». Гэты час прыйшоў у СССР у сямідзясятыя гады, ужо за часамі Леаніда Брэжнева. Крым ператварыўся ва «ўсесаюзную здраўніцу», кампанію гэтаму паўвостраву склалі Чарнаморскае ўзбярэжжа Каўказа, Балтыка, Азоўскае мора. Паездкі ва ўсе часткі СССР сталі рэальнасцю. Нягледзячы на вельмі сярэднюю якасць паслуг (для большасці грамадзян, а не для эліты) і «савецкі сэрвіс», турызм канчаткова стаў масавай з’явай.

Канчатковае далучэнне беларусаў да сусветных тэндэнцый адбылося ў час распаду Савецкага Саюза. 20 траўня 1991 года з’явіўся закон пра парадак выезду з краіны. Паводле яго, перасякаць мяжу маглі ўсе ахвочыя. Пасля гэтага даступнасць практычна любой мясціны свету за досыць кароткі адрэзак часу — праўда, пры наяўнасці неабходнай сумы грошай — стала рэальнасцю.

Чытайце таксама