Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Беларусі па-ранейшаму не ўдаецца закрыць дэфіцыт дактароў і медсясцёр. Недахоп гэтых кадраў назіраецца на фоне масавай рэлакацыі і рэпрэсій супраць медыкаў — і гэта адна з найважнейшых праблем нашага грамадства. А якая была сітуацыя з медыцынай у далёкім мінулым? Мы прачыталі кнігу доктара культуралогіі і кандыдата медыцынскіх навук Валянціна Грыцкевіча «С факелом Гиппократа», з якой даведаліся, дзе лячылі нашых продкаў, хто гэтым займаўся, а таксама якія медыцынскія працэдуры былі ім даступныя ў XVI-XVIII стагоддзях (вядома нават пра правядзенне пластычнай аперацыі).

У гэтым тэксце мы не будзем расказваць пра такі важны аспект, як шматлікія эпідэміі. Нягледзячы на тое, што гэта было значнай з’явай у жыцці людзей таго часу, на той момант вылечыць хваробы, якія справакавалі ўспышкі захворванняў, было немагчыма.

Ці існавалі бальніцы?

Вядома, у старажытнасці ніякай дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя не было. Людзі былі вымушаныя карыстацца пераважна паслугамі народнай медыцыны. Але развіццё грамадства і паступовы навуковы прагрэс прывялі да з’яўлення больш дасканалых формаў.

Так з’явіліся шпіталі. Дакладную дату іх заснавання знайсці цяжка. Першыя выяўленыя Грыцкевічам згадкі пра такія ўстановы ў Беларусі адносяцца да 1495 і 1503 гадоў, калі ў Брэсце былі, адпаведна, заснаваныя шпіталь мясцовай габрэйскай абшчыны і царкоўны шпіталь. У 1508-м з’явіўся шпіталь у Зэльве. А яшчэ праз пяць гадоў Вазнясенскі манастыр (цяпер на его месцы — будынак Міністэрства абароны Беларусі) у Мінску атрымаў у вялікакняскага намесніка месца для такой установы.

Шпіталь уяўляў сабой спецыяльную ўстанову, дзе знаходзілі прытулак інваліды, састарэлыя, жабракі, бяздомныя, хворыя і сіроты. Звычайна іх стваралі брацтвы (арганізацыі гараджан, якія аб’ядноўваліся вакол праваслаўных і ўніяцкіх цэркваў), магістраты, цэхі рамеснікаў, асобныя рэлігійныя абшчыны (іўдзейскія, пратэстанцкія), каталіцкія «брацтвы міласэрнасці», арганізатары мануфактур (правобразаў фабрык).

Людзі, якія трапілі ў шпіталь, атрымлівалі дах над галавой, харчаванне, догляд і лячэнне. Часцей за ўсё гэтыя ўстановы ўяўлялі сабой дом з адным або некалькімі пакоямі. Унутраны выгляд шпіталя ўніяцкага брацтва Святога Мікалая ў Брэсце ў 1759 годзе выглядаў так: «новая изба с тремя большими окнами и дверьми, в избе печь изразцовая, белая, с мурованым камином и трубой, вымурованной в сенях. <…> Из тех же сеней ведут двери в небольшую комнату, в которой имеется печь мурованая и одно большое окно». У невялікім шпіталі звычайна знаходзілася ад трох да васьмі «пацыентаў», у шпіталях вялікіх вёсак — да 20 чалавек, у гарадах і мястэчках — больш за 20.

Врач обходит пациентов в 1682 году. Изображение: commons.wikimedia.org
Доктар абыходзіць пацыентаў, 1682 год. Выява: commons.wikimedia.org

Вывучыўшы крыніцы, Грыцкевіч налічыў у беларускіх гарадах XVI-XVIII стагоддзяў больш за 350 шпіталяў. У Брэсце, Віцебску, Гродне, Мінску, Навагрудку, Пінску, Слуцку, Шклове іх налічвалася адначасова ад трох да васьмі (у кожным з гэтых гарадоў), а ў Магілёве ў 1702-м дзейнічала адразу 13 шпіталяў.

У XVIII стагоддзі здарыўся прарыў — з’явіліся першыя шпіталі з чыста лекавымі мэтамі. Напрыклад, першакласнай для свайго часу была ўстанова на 60 ложкаў пры Гродзенскай медыцынскай школе, якая існавала ў 1775−1781 гадах. На думку Грыцкевіча, гэты шпіталь ужо можна назваць паўнавартаснай бальніцай. У кожнага хворага была свая койка. Паводле даследчыка, у той перыяд нават у цэнтральнай бальніцы Парыжа «Гатэль-Дзьё» хворыя часта ляжалі на падлозе на саломе або ў найлепшым выпадку па тры чалавекі на адным ложку ў велізарных залах. Палаты ў гродзенскім шпіталі былі разлічаныя кожная на некалькі ложкаў, іх памяшканні часта ветрылі.

Але першыя бальніцы ў сучасным разуменні гэтага слова ў Беларусі з’явіліся ўжо пасля захопу нашых земляў Расійскай імперыяй, у XIX стагоддзі — спачатку для вайскоўцаў, а потым і для цывільных.

Важна разумець, што заможныя людзі не карысталіся паслугамі шпіталяў і бальніц. Яны лячыліся ў вядомых дактароў, часцяком выязджаючы для гэтага ў Вільню, Коўна, Гродна і нават за мяжу. Ездзілі яны і па замежных курортах.

Такім чынам, шпіталі паўсталі як ўстановы са змяшанымі задачамі. Потым адны з іх ператварыліся ў багадзельні (прытулкі для жабракоў), іншыя захавалі здвоеныя функцыі прытулку і бальніцы, трэція сталі паўнавартаснымі бальніцамі.

Чым у той час лячыліся?

Цяпер пагаворым пра лекі. У народнай медыцыне, паслугамі якой стагоддзямі карысталіся нашыя продкі, пераважалі прэпараты расліннага паходжання. Напрыклад, адвары і настоі дудніку ляснога — пры брушным тыфе, настой верхавіны святаянніку — пры паносе, лук і часнок — пры лячэнні жаночых і скурных захворванняў, ангіны, ларынгіту, тыя ж лук і часнок у спалучэнні з трыпутнікам — пры лячэнні ран і нарываў, мазь з кветак наготкі лекавай — для гаення гнойных ран, язваў, апёкаў, абмаражэнняў.

У лекавай практыцы выкарыстоўвалі таксама жывёльны тлушч, пасту з мурашак, свіную жоўць і іншыя сродкі жывёльнага паходжання. Цялячай печанню, напрыклад, лячылі курыную слепату. Радзей выкарыстоўвалі сродкі мінеральнага паходжання.

Як адзначае Грыцкевіч, не ведаючы часцей за ўсё сапраўдных прычын хваробаў, людзі тым не менш выкарыстоўвалі цалкам дарэчныя з сённяшняга пункту гледжання лекі, суправаджаючы іх замовамі ці абрадамі. У сілу замовы слепа верылі.

Врач и фармацевт в аптеке (иллюстрация XVI века). Изображение: commons.wikimedia.org
Лекар і фармацэўт у аптэцы (ілюстрацыя XVI стагоддзя). Выява: commons.wikimedia.org

Таксама нашыя продкі ахвотна звярталіся і да дапамогі алейкараў (тэрмін паходзіць ад беларускага слова «алей») — вандроўных гандляроў лекамі. Апошнія былі выхадцамі са Славакіі, якая тады ўваходзіла ў склад Венгерскага каралеўства (у межах Аўстра-Венгерскай манархіі). Таму алейкараў часта называлі паводле дзяржаўнай прыналежнасці «венгерцамі». Яны здаўна разводзілі лекавыя травы, але гандляваць імі ў іншых краінах пачалі прыкладна з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Гэтыя ж людзі займаліся і медычнай практыкай.

Многія нашыя продкі ахвотна карысталіся сродкамі алейкараў. Адна з прычын — дарагоўля лекаў у аптэках і аддаленасць гарадоў, дзе іх можна было купіць. Праўда, прадстаўнікі «афіцыйнай» медыцыны лічылі «венгерцаў» канкурэнтамі і змагаліся з імі.

Што да саміх аптэк, то першыя такія ўстановы згадваюцца ў Беларусі яшчэ ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Акурат тады аптэкары, як і іншыя рамеснікі, перайшлі ад працы на замову да масавай вытворчасці. Людзі, якія трымалі аптэкі, звычайна самі рыхтавалі лекі, а таксама займаліся лячэннем, бо прафесіі аптэкара і доктара яшчэ былі нападзельныя.

Кошт лекаў быў даволі высокі, яны заставаліся недаступнымі большасці жыхароў Беларусі. Асабліва дорага каштавалі замежныя лекі, напрыклад, такія «цудадзейныя сродкі» ад усіх хваробаў, як рог аднарога, пяро фенікса і терыяк — сродак, які складаўся з некалькіх дзясяткаў інгрэдыентаў (сярод іх мяса гадзюкі і опіум). Апошні лічыўся ў XVI-XVIII стагоддзях супрацьяддзем ад усіх хваробаў. Так, знакаміты «терыяк Мітрыдата» складаўся з 70 інгрэдыентаў. Для беднякоў быў створаны спецыяльны сурагат гэтага леку. Яго так і называлі — «терыяк для бедных». Ён утрымліваў ўсяго тры інгрэдыенты.

Аптэкі належалі прыватным прадпрымальнікам або каталіцкім кляштарам. Манахі мелі ад іх велізарны прыбытак, бо многія заморскія лекі атрымлівалі хутчэй за «прыватнікаў» — ад сваіх субратоў па манаскіх ордэнаў ў Амерыцы, Афрыцы і Індыі.

Паводле падлікаў Грыцкевіча, у Беларусі ў XVI-XVIII стагоддзях было не менш за 40 аптэк, а ў такіх гарадах, як Гродна і Пінск, — адначасова не менш за дзве.

Як выглядалі аптэкі таго часу? Унутраны выгляд адной з іх каротка апісаны ў акце ўвядзення ў спадчыну нашчадкаў берасцейскага аптэкара Станіслава Баброўскага ў 1639 годзе. Яго аптэка выходзіла дзвярыма на рынак. У ёй стаялі тры шафы, два вялікія драўляныя куфры, столік з высоўнай шуфлядай для касы. На вокнах былі жалезныя краты, побач з аптэкай размяшчаўся каменны склеп. У аналагічнай установе, якая працавала ў манастыры ў Глыбокім, на першым паверсе быў пакой для адпускання лекаў і лабараторыя, а на другім — склады траваў і іншых аптэчных матэрыялаў.

Действующая аптека-музей в Гродно, находящаяся в здании иезуитского монастыря в самом центре города. Она впервые упоминается в 1687 году. Фото: TUT.BY
Дзейная аптэка-музей у Гродне, якая знаходзіцца ў будынку езуіцкага кляштара ў самым цэнтры горада. Яна ўпершыню згадваецца ў 1687 годзе. Фота: TUT.BY

Як адзначае Грыцкевіч, абсталяванне беларускіх аптэк таго часу не саступала еўрапейскім. У кожнай з тых, апісанне якіх захавалася, было ад 500 да 870 адзінак посуду і прыбораў. Сярод іх перагонныя кубы, шалі, слоікі, шкатулкі, патэльні, бутэлькі, пляшкі, скрынкі — дзякуючы гэтаму аптэкары гатавалі складаныя лекавыя прэпараты. Але нават у сярэдзіне XVIII стагоддзя хімікаты складалі толькі невялікую частку ўсіх такіх лекаў. Значная частка прэпаратаў была расліннага паходжання, прадуктамі апрацоўкі расліннай сыравіны (алею, смалы і гэтак далей) ці сумесямі хімікатаў і інгрэдыентаў расліннага і жывёльнага паходжання.

Дарэчы, посуд і начынне для беларускіх аптэк таго часу рабілі на мясцовых фабрыках. Напрыклад, у 1794 годзе — у год паўстання Тадэвуша Касцюшкі — Налібоцкі завод выпусціў 1503 адзінкі аптэкарскага посуду, у тым ліку слоікі, пляшкі, рэторты, колбы, каўпакі.

Да канца XVIII стагоддзя ў аптэках выраблялі не толькі лекі, але і парфумерныя, кандытарскія і алкагольныя вырабы, а таксама прадавалі ўсходнія араматычныя рэчывы (шафран, перац, імбір, цынамон). Але з развіццём гандлю і з’яўленнем крамаў, якія гандлявалі заморскімі таварамі, гаспадары апошніх дамагліся забароны для аптэк канкураваць з імі. Пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі шматпрофільныя сярэднявечныя аптэкі-крамы ператварыліся ў спецыялізаваныя фармацэўтычныя ўстановы.

Кім былі дактары той эпохі?

Прафесія лекара — вельмі даўняя. Але першыя пісьмовыя згадкі пра яе прадстаўнікоў у Беларусі сустракаюцца на мяжы XV-XVI стагоддзяў, што, вядома, зусім не адмаўляе іх існавання і раней.

У гэты час было адразу некалькі груп людзей, якія маглі лячыць хворых. Самая прэстыжная — лекары з дыпломамі ўніверсітэтаў (іх было зусім няшмат). За імі ішлі цырульнікі-хірургі, якія пераважалі па колькасці. Іх праца была менш прэстыжнай, бо занятак фізічнай працай (у тым ліку хірургіяй) тады не лічыўся ганаровым. А яшчэ ніжэй іх каціраваліся «лазебнікі» (лазеншчыкі) — ім дазвалялася толькі выкарыстоўваць слоікі, прыкладваць пластыры, займацца масажам (ды і тое выключна ў лазнях).

Николас Тульп исследует лимфатическую систему недавно повешенного преступника. Картина Рембрандта «Урок анатомии доктора Тульпа». Изображение: commons.wikimedia.org
Нікалас Тульп даследуе лімфатычную сістэму нядаўна павешанага злачынца. Карціна Рэмбранта «Урок анатоміі доктара Тульпа». Выява: commons.wikimedia.org

Колькасць дактароў — ураджэнцаў Беларусі з дыпломамі ўніверсітэтаў вызначыць складана. Што да цырульнікаў, то Грыцкевіч знайшоў у дакументах XVI-XVIII стагоддзяў згадкі пра 150 асобаў такой прафесіі — яны працавалі ў больш чым 40 гарадах і мястэчках Беларусі. Зрэдку ў дакументах XVIII стагоддзя такія людзі называліся фельчарамі (ад нямецкага feldscherer, што літаральна значыць «палявы цырульнік»). Але часцей іх называлі «барбер» (ад лацінскага слова barba — «барада»), «бальверамі» або «бальвежамі». Адкуль такая сувязь з працэсам стрыжкі? У той час людзям гэтай прафесіі дазвалялася праводзіць не толькі касметычныя дзеянні, але і аказваць шэраг медыцынскіх паслуг.

Цырульнікі аб’ядноўваліся ў цэхі са сваімі майстрамі і чаляднікамі (цэхі ў розных прафесіях існавалі яшчэ ў Сярэднявеччы ва ўсёй Еўропе).

Мінусам было тое, што цэхі цырульнікаў развіваліся ў Беларусі самі па сабе, а шпіталі, што згадваліся вышэй, — самі па сабе. Ні адзін з цэхаў цырульнікаў не меў свайго шпіталя. Кажучы сучаснай мовай, цырульнікі лячылі хворых амбулаторна — то-бок у іх дома. Але пры гэтым яны аказвалі людзям рэальную хірургічную і тэрапеўтычную дапамогу, бо мелі для гэтага дастатковую кваліфікацыю.

Наогул улады слаба кантралявалі сферу медыцыны. Вось што іранічна пісаў з гэтай нагоды філосаф XVIII стагоддзя Саламон Маймон, які нарадзіўся ў раёне Міра (цяпер гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне, дзе знаходзіцца знакаміты замак). У маладосці ён дастаў «вялікі медыцынскі слоўнік, у якім пададзеныя не толькі тлумачэнні з усіх частак медыцыны, але і яе разнастайнае выкарыстанне. Пры ўсякай хваробе, напрыклад, акрамя яе прычыны, пададзеныя яе сімптомы, спосабы лячэння. <…> Я не хацеў задавальняцца адной тэорыяй і вырашыў практычна выкарыстоўваць мае веды. Я наведваў хворых, па абставінах і сімптомах вызначаў хваробы і іх прычыны, прапісваў нават рэцэпты. Нарэшце я пачаў нават сам гатаваць лекі. <…> Што гэта былі за лекі — можна сабе ўявіць».

Якія аперацыі можна было зрабіць?

І ўсё ж у цэлым беларускія дактары таго часу ўмелі многае. Цырульнікі даставалі абломкі костак з ран, рабілі перавязкі, лячылі нарывы, язвы, пераломы і вывіхі, а таксама раненні чэрапа. Так, у 1718 годзе «едина вдова, женщина Евдокия Мащиха» вылечыла украінскага пеўчага Турчыноўскага, якому «главу в двох месцах до мозгу прорубали». У 1733-м глыбоцкаму ксяндзу Пятроўскаму рыбак Патап нанёс палкай і дзідай удары па галаве «у самой макушки, так что кости вышли и показались». У прысутнасці судовага прыстава доктар даставаў у параненага «кости недалеко от макушки».

Цырульнікі рабілі нават своеасаблівыя пластычныя аперацыі. У 1722 годзе адзін шляхціц адсек частку носа карчмару Сапсаю. Барбер прышыў пацярпеламу орган на месца.

Вельмі маляўнічае апісанне тыповай аперацыі хірургаў-цырульнікаў захавалася ў дзённіку шляхціца Лапацінскага. Гэта своеасаблівая «гісторыя хваробы», запісаная самім пацыентам. Увосень 1742 года падчас аднаго з узброеных сутыкненняў мясцовай шляхты на Мсціслаўшчыне (сучасная Магілёўская вобласць) яго паранілі ў нагу. На наступны дзень, калі канечнасць распухла і пачарнела, параненага адвезлі ў Мсціслаў. На трэці дзень пасля ранення цырульнікі Морда і Маер у прысутнасці аптэкара-езуіта Эйманда выявілі ў параненага пачатковыя прыкметы гангрэны і прапанавалі яму «ўсю чарнату выразаць да косткі».

Цирюльник проводит ампутацию, гравюра 1540 года. Изображение: Populär historia 2/2015, commons.wikimedia.org
Цырульнік праводзіць ампутацыю, гравюра 1540 года. Выява: Populär historia 2/2015, commons.wikimedia.org

Аўтар дзённіка ўспамінаў пра далейшыя дзеянні цырульнікаў, якія выкарысталі характэрнае для таго часу абязбольванне і абеззаражанне раны: «Я пагадзіўся з тым, і адразу Морда пачаў круціцца ля маёй нагі, а паколькі я ні ў якай меры не хацеў узяць опію, баючыся, каб мне не адпілавалі нагу, то змяшаў Маер шклянку гарэлкі напалову з вадой і паклаў дастаткова цукру (гэта ўсё магло быць каля кварты) і даў мне выпіць; мяне так адурманіла, што я не адчуў у назе ніякага болю. Тады спярша Морда разрэзаў скуру ад раны да раны, затым, працягнуўшы шавецкую іголку праз краі і склаўшы ўдвая, паднёс уверх так, што нацягнулася скура, і па здаровым месцы, на якім не было чарнаты, ні пасінення, разануў брытвай. Тады ў мяне пачалася моцная потлівасць, і ад моцнага болю заняло дыханне, і я адразу ж працверазеў, І здалося мне, што кроплі гарэлкі не выпіў. Калі [цырульнік] зрабіў некалькі вялікіх разрэзаў, кожны раз працягваючы іголку, паказалася белая костка, а потым Морда пачаў мяне віншаваць і запэўніваць, што вылечыць».

Пачуўшы такую навіну, шляхціц узрадаваўся і ўжо «не заўважаў болю»: «Сам узяўшы ў габрэя брытву, выразаў у сябе чарнату, якая ў малых кавалачках як канаплянае зерне ў розных месцах раны была. Рана ж зрабілася вялікай на 1,5 чвэрці локця (ад 38 да 46 см. — Заўв. рэд.) даўжынёю, і больш чым на 0,5 чвэрці шырынёю, і кроў з яе невымерна лілася, месцамі як з фантана выкідваючыся, якую спярша стрымлівала сукно і скура бота, куляй у сярэдзіну прастрэла ўцягнутыя, таму і была такая прыпухласць. Узяў другі раз шклянку гарэлкі цырульнік, і нібыта хацеў даць мне выпіць, ад чаго калі я адмовіўся, наблізіўшыся, выліў мне яе на рану; што выклікала ў мяне такі боль, што ні сказаць, ні крыкнуць я не змог; але гэты боль не цягнуўся доўга, і рана ачысцілася. Адразу ж мне прыклалі лёгкія мазі <…> і моцна абвязалі нагу, перасцерагаючы, што, калі павязка слабець не будзе, каб паведамілі цырульніку; калі ж аслабее, цырульнічаня, якое пакінулі пры мне, мусіць яе мацней сцягнуць».

Вскрытие трупа. Миниатюра из французского издания трактата «О свойствах вещей» Бартоломея Английского. XV век. Изображение: lookandlearn.com, commons.wikimedia.org
Ускрыццё трупа. Мініяцюра з французскага выдання трактата «Пра ўласцівасці рэчаў» Барталамея Англійскага. XV стагоддзе. Выява: lookandlearn.com, commons.wikimedia.org

Праз гадзіну Лапацінскі заснуў і спаў да вечара так, што цырульнікі, якія прыйшлі зноў, пабудзілі яго: «Калі я апрытомнеў, то адчуў, што ўсе пластыры адпалі, так хутка прыпухласць зменшылася: мусілі яны яе зноў перавязаць, а ў мяне з’явіўся вялікі апетыт, якога не было некалькі дзён, што было прыкметай таго, што я выйшаў з небяспечнага стану». Неўзабаве паранены пачаў хадзіць на мыліцах. Рана яго зажыла праз 18 тыдняў.

У Беларусі праводзіліся і складанейшыя аперацыі. Напрыклад, у 1750 годзе доктар Банаўдус у Воўчыне (цяпер вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці) выдаліў металічны відэлец даўжынёй з цалю з прамой кішкі ксяндза Бухавецкага, які запэўніваў, што калісьці праглынуў яго.

У 1763-м фельчар Мілер зрабіў у адным з маёнткаў аперацыю кесарава сячэння жонцы палкоўніка Матушэвіча. Цяжарная жанчына падняла нешта і надарвалася, у яе ўзнік крывацёк, які павівальная бабка прыняла за пачатак родаў і не спыняла. Калі цяжарная сплыла крывёй, нарэшце паслалі па фельчара ў мястэчка Тэрэспаль (цяпер у Польшчы на мяжы з Беларуссю). Той прыбыў няхутка. Прыехаўшы, ён адзначыў у жанчыны вялікую страту крыві, але наважыўся на аперацыю і выканаў яе «з вялікім болем для няшчаснай маці». Пасля таго як быў выняты хлопчык, пайшло яшчэ больш крыві. Жанчына аслабла і неўзабаве памерла. А вось дзіця выжыла.

Рождение близнецов. Миниатюра из «La Cité de Dieu» (1475—1480). Изображение: François Maitre, commons.wikimedia.org
Нараджэнне блізнят. Мініяцюра з выдання La Cité de Dieu (1475−1480). Выява: François Maitre, commons.wikimedia.org

Праз дзесяць гадоў хірург Фрэдэрык Тэадор Эме зрабіў у Нясвіжы аперацыю выдалення пухліны малочнай залозы вагой 3700 г, а таксама выдаліў мужчыну камяні ўрэтры, якія выклікалі гангрэну машонкі.

У цэлым, паводле Грыцкевіча, метады лячэння беларускіх хірургаў XVI-XVIII стагоддзях былі аналагічныя прыёмам, якія выкарыстоўваліся і ў іншых краінах Еўропы, і адпавядалі ўзроўню развіцця медыцыны таго часу.

Чытайце таксама