Пентагон раскрыў падрабязнасці першага ў гісторыі паветранага вучэбнага бою на рэальных знішчальніках (а не ў сімуляцыі) паміж штучным інтэлектам і жывым лётчыкам, паведамляе «Хайтэк».
Паветраны бой прайшоў паміж рабатызаваным знішчальнікам X-62A і пілатаваным чалавекам знішчальнікам F-16. Падчас выпрабаванняў на борце X-62A знаходзіліся лётчыкі, якія маглі адключыць сістэму ШІ ў любы момант.
Абодва самалёты прадэманстравалі высокую актыўнасць у вядзенні бою, збліжаліся на адлегласць да 600 м на хуткасці больш чым 1900 км/г. Хто менавіта перамог у баі, не паведамляецца, але другому пілоту Х-62А ўмешвацца не даводзілася.
Усяго X-62A выканаў 21 вылет у перыяд са снежня 2022 да верасня 2023 года. Амаль пасля кожнага выпрабавання ШІ меў патрэбу ў перапраграмаванні. У выніку ў той ці іншай ступені змену зазналі 10 000 радкоў коду.
— Патэнцыял аўтаномных баявых дзеянняў класа «паветра-паветра» ўяўляўся цягам дзесяцігоддзяў, але рэальнасць да сёння заставалася далёкай марай, — адзначыў міністр Вайскова-паветраных сіл ЗША Фрэнк Кендал. Ён дадаў, што ШІ пераадолеў «адзін з самых значных бар’ераў у баявой авіяцыі» і яго паспяховае выкарыстанне стала пераломным момантам.