Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Сродкі, якія вылучаюцца на беларускіх сілавікоў з бюджэту, растуць з году ў год. Напрыклад, у 2024-м органам унутраных справаў​​ скіравалі 1 млрд 755,6 млн рублёў (за год да гэтага — 1,5 млрд рублёў, у 2022-м — 1,15 млрд). А колькі айчынныя міліцыянты і паліцыянты зараблялі ў мінулыя эпохі? Мы гэта падлічылі і параўналі іх даходы з заробкамі іншых людзей.

Даследчыкі ці журналісты, якія хочуць расказаць пра тое, колькі зараблялі дзяржслужбоўцы ў мінулым (гаворка як пра ХІХ, так і пра ХХ стагоддзе), непазбежна сутыкаюцца з пытаннем, ці можна перавесці лічбы іх заробкаў у сучасныя. На жаль, гэта праблематычна, а агульнапрызнанай методыкі падліку няма. Таму прасцей за ўсё параўнаць іх з заробкамі іншых катэгорый насельніцтва, а таксама ў асобных выпадках — з цэнамі таго часу, калі гэтая інфармацыя даступная.

Грувасткая структура і грашовыя заробкі для выканаўцаў

ХІХ стагоддзе ў Беларусі фактычна пачалося на пяць гадоў раней за каляндарнае: у 1795-м нашыя тэрыторыі канчаткова далучыла да сябе Расійская імперыя. У складзе гэтай дзяржавы нашыя продкі жылі аж да рэвалюцыі 1917 года.

Каб разабрацца ў заробках сілавікоў таго часу, трэба зразумець уладкаванне органаў улады ў імперыі. Структура паліцыі ў гарадах і ў вёсках была рознай.

Калі абагульніць (за такі доўгі перыяд сістэма не раз змянялася), то ў вясковай мясцовасці існавалі павятовыя паліцэйскія ўпраўленні (павет — аналаг сучаснага раёна), якія ўзначальвалі спраўнікі. Ніжэй іх па ўзроўні былі станавыя прыставы (звычайна імі былі дваране), паліцэйскія ўраднікі (у сярэднім на павет прыпадала каля 11 урадніцкіх участкаў), а яшчэ ніжэй — выканаўцы на месцах, якія прыцягваліся да паліцэйскай службы па павіннасці: па адным чалавеку ад кожных дзесяці двароў («дзясяцкія») і ў якасці старэйшага над імі — адзін чалавек з кожных ста двароў («соцкі»).

Форма городового и ротмистра Отдельного корпуса жандармов в конце XIX века. Почтовая марка России 2013 года. Фото: commons.wikimedia.org
Форма гарадавога і ротмістра Асобнага корпуса жандараў у канцы XIX стагоддзя. Паштовая марка Расіі 2013 года. Фота: commons.wikimedia.org

У гарадской паліцыі структура была іншай — разбяромся ў ёй на прыкладзе Мінска. Там існавала паліцэйскае ўпраўленне. Ім кіраваў паліцмайстар, якога прызначаў на гэтую пасаду губернатар (пасада паліцмайстра была ў буйных губернскіх гарадах, у невялікіх павятовых гарадах паліцыяй кіраваў гараднічы). Горад падзяляўся на пяць паліцэйскіх частак, за кожную з якіх былі адказныя прыставы. Ім падпарадкоўвалася паліцэйская варта — акалодачныя наглядчыкі (або ўчастковыя стражнікі) і гарадавыя. Апошнія былі адной з візітных картак любога дарэвалюцыйнага горада. Жартавалі, што «ў лесе ёсць лясун, у вадзе — вадзяны, у доме — дамавік, а ў горадзе — гарадавы». У цэлым жа структура паліцыі была надзвычай грувасткай.

Першыя звесткі пра тое, колькі атрымлівалі паліцыянты, мы знайшлі станам на сярэдзіну ХІХ стагоддзя. Як пісаў гісторык Аляксандр Ерашэвіч, у 1859−1860 гадах у Віцебску, Магілёве, Гродне і Мінску (усе гэтыя гарады мелі статус губернскіх) заробак шараговых паліцыянтаў сур’ёзна адрозніваўся ад выплат вышэйшаму начальству, якое мела чыны, пенсійныя разрады і іншыя бонусы. У выніку найвышэйшыя паліцэйскія чыноўнікі атрымлівалі 16,4 рубля за месяц (гаворка, імаверна, пра спраўнікаў і паліцмайстраў), выканаўцы — усяго 2,5−2,6 рубля. Яшчэ горшая была сітуацыя ў павятовых беларускіх гарадах. Там гадавы заробак складаў 19 рублёў (1,5 рубля за месяц). Нядзіўна, што ў невялікіх населеных пунктах былі запоўненыя толькі 57,6% вакансій. У сярэднім жа дзве траціны беларускіх паліцыянтаў атрымлівалі за год каля 22 рублёў (1,8 за месяц). Значная частка з іх працавала ў вясковай мясцовасці.

Наколькі высокімі былі гэтыя сумы? У нашым распараджэнні ёсць цэны таго часу і памеры заробкаў рабочых. Праўда, не ў Беларусі, а ў сталічным Санкт-Пецярбургу — так што тут трэба рабіць зніжку на вышэйшы ўзровень жыцця ў сталіцы імперыі.

У 1853-м цана мяшка пшанічнай мукі вагой пяць пудоў (81,9 кг) там складала 505 капеек (ці крыху больш за 5 рублёў), цана жытняй (яе мералі па дзевяць пудоў, або 147 кг) — 572 капейкі (трохі даражэй). У 1861-м цэны выраслі, адпаведна, да 612 і 716 капеек. За той год ёсць звесткі і пра цану хлеба. За фунт (прыкладна 400 грамаў) сітнага хлеба (з пшанічнай мукі) прасілі 4 капейкі, жытняга — 1,8 капейкі. Выходзіць, сярэдні беларускі паліцэйскі той эпохі не мог купіць нават мяшка мукі за свой месячны заробак.

А колькі тады атрымлівалі рабочыя? Возьмем тыя ж даты: 1853 і 1861 гады. Заробкі ў капейках за месяц былі такія:

Прафесія Зарплата ў 1853 годзе Зарплата ў 1861 годзе
Муляр 94 130
Маляр 96 121
Цясляр 81 102
Слесар 138 161
Сталяр 90 126
Чорнарабочы 50 72
Тынкоўшчык 84 133

Атрымліваецца, што ў сярэднім беларускія паліцэйскія атрымлівалі крыху больш, чым шараговыя рабочыя сталіцы. У сваю чаргу, паліцэйскае начальства мела значна большыя (але зусім не завоблачныя) сумы. Відавочна, што паліцыянты не жылі на гэтыя грошы, а прымалі дары — прасцей кажучы, бралі хабар, што было тыповым для расійскай паліцыі таго часу.

Чины Минской городской полиции, начало XX века. Фото из книги Ю.В.Курьяновича «Белорусский уголовный розыск» (Минск, 2003 год)
Чыны Мінскай гарадской паліцыі, пачатак XX стагоддзя. Фота з кнігі Ю. Кур’яновіча «Беларускі крымінальны вышук» (Мінск, 2003 год)

«Это министерство действительно тепленькое, — пісаў мемуарыст Сяргей Мінцлоў пра міністэрства паліцыі ў пачатку XX стагоддзя. — Неопытные люди диву даются: чины полиции содержание получают не ахти какое, а живут отлично, одеты всегда с иголочки. Пристава — это уже полубоги; вид у них по меньшей мере фельдмаршальский, а апломба, красоты в жестах!.. <…> Портные, переплетчики, сапожники — все цехи работают даром на полицию: это уже всероссийский закон — его же не перейдешь!»

Але ўсё ж галоўнай крыніцай пабочных даходаў паліцэйскіх былі не паборы з дробных майстэрняў, а хабар за ўсё запар. Прычым хабар дзяліўся на дазволены амаль афіцыйна і той, за якія паліцыягтаў усё ж часам каралі. «По праздникам взятки носили почти узаконенный характер. Считалось обязательным, чтобы домовладельцы, торговцы, предприниматели посылали всем начальствующим в полицейском участке к Новому году и прочим большим праздникам поздравления со „вложением“ (то-бок з грашыма. — Заўв. рэд.). Околоточным, квартальным и городовым „поздравления“ вручались прямо в руки, так как поздравлять они являлись сами. Давать было необходимо, иначе могли замучить домовладельцев штрафами», — успаміналі сучаснікі.

На сувязі са злачынным светам зарабіў на дзве сядзібы

Разабрацца ў сітуацыі на мяжы XIX-XX стагоддзяў, а таксама непасрэдна перад рэвалюцыямі прасцей: гэтыя пытанні даследаваў доктар гістарычных навук Захар Шыбека, адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў па дарэвалюцыйным Мінску, пра які ён разам са сваёй жонкай Соф’яй пісаў у даследаванні «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада».

У гэтым выпадку пачнём з прыкладаў з цэнамі. У 1911 годзе кілаграм жытняга хлеба каштаваў 5−7 капеек, бульбы — 19 капеек, ялавічыны — 37 капеек, сметанковага масла — 90 капеек. За 20 гадоў (1893−1913) цана за дзясятак яек павялічылася ўдвая — з 15 да 30 капеек.

Здание по адресу Подгорная, 7 (теперь Карла Маркса, 5), в котором с 1908 по 1917 год размещалось городское полицейское управление и сыскное отделение. Начало XX века. Фото: Национальный цифровой архив Польши
Будынак па адрасе Падгорная, 7 (цяпер Карла Маркса, 5), у якім з 1908 да 1917 года размяшчалася гарадское паліцэйскае ўпраўленне і вышуковае аддзяленне, пачатак XX стагоддзя. Фота: Нацыянальны лічбавы архіў Польшчы

Што да даходаў, то дзённы заробак чорнарабочага з 1891 да 1913 года вырас з 60 да 75 капеек. Але цэны раслі яшчэ хутчэй.

Вышэйшай была зарплата рабочых на буйных мінскіх прадпрыемствах. Як піша Шыбека, у 1901 годзе на адным з іх інжынер атрымліваў 70 рублёў за месяц, яго памочнік — 50, качагар — ад 17 да 30, вартаўнік — 12 рублёў. Але большая частка гэтых сумаў у людзей ішла на аплату жылля і ежы. Перад Першай сусветнай вайной сямейны рабочы з пяццю дзецьмі (а сем'і да рэвалюцыі звычайна былі вялікія) плаціў за арандаваную кватэру 11−12 рублёў за месяц. За абед у шынку (суп, селядзец з бульбяным пюрэ, чай) трэба было аддаць каля 20 капеек. Як піша Шыбека, «толькі той рабочы, хто ў 1911−1912 гадах меў не менш чым 30 рублёў кожны месяц, мог забяспечыць сям’ю».

Дробныя чыноўнікі дзяржустановаў атрымлівалі 25−30 рублёў за месяц, фельчары — ад 35 да 50. Зарплата народных настаўнікаў у канцы ХІХ стагоддзя складала 25 рублёў, прычым жанчынам плацілі менш — 15,4 рубля. Настаўнікі масава скардзіліся на нізкую аплату сваёй працы і часта звальняліся. Каб выратаваць становішча, улады ў 1913 годзе прынялі закон, згодна з якім месячны заробак настаўнікаў з улікам усіх даплат мог дасягаць 50 рублёў. А вось працу ў семінарыі (сярэдняй спецыяльнай навучальнай установе) у канцы ХІХ стагоддзя ацэньвалі вышэй — 68,5 рубля за месяц.

Што да прадстаўнікоў гарадской эліты, то штомесячны заробак службоўцаў Лібава-Роменскай чыгункі складаў 96 рублёў, чальцы гарадской управы ў 1909-м атрымлівалі 200 рублёў за месяц. А гарадскі галава — 416 рублёў.

А цяпер на гэтым фоне разгледзім сітуацыю сярод сілавікоў. Паліцыя ўтрымлівалася з бюджэту горада. Як адзначаў Шыбека, заробак звычайнага гарадавога ў канцы ХІХ стагоддзя складаў усяго 156 рублёў за год, або 13 рублёў за месяц. То-бок прыкладна на ўзроўні вартаўніка. Пасля сямігадовай службы да яго дадавалася 50 рублёў за год (прыкладна 4 рублі за месяц), пасля 12 гадоў — яшчэ 50 рублёў. Праз 30 гадоў службы шараговы паліцыянт мог разлічваць на пажыццёвую гадавую пенсію ў памеры 96 рублёў (8 рублёў за месяц).

Зрэшты, як і раней, наўрад ці хтосьці з паліцыянтаў жыў выключна на гэтыя грошы. Як адзначае Шыбека, прадстаўнікі гэтай прафесіі цалкам маглі атрымліваць шматлікія дары. Чым вышэйшы па статусе быў службовец, тым большымі яны былі. Напрыклад, многія з іх атрымлівалі значную частку свайго даходу за кошт сакрэтных сувязяў са злачынным светам. Так, аднаму з начальнікаў паліцыі Сакалову менавіта гэта дазволіла перад пачаткам Першай сусветнай вайны купіць сабе дзве сядзібы.

Д.А.Соколов, минский полицмейстер в 1907—1914 годах. Фото: Национальный исторический архив Беларуси
Д.Сакалоў, мінскі паліцмайстар у 1907−1914 гадах. Фота: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

Незадоўга да Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі, у 1908-м, у 89 гарадах імперыі пры паліцэйскіх упраўленнях былі створаныя вышуковыя аддзяленні. У тым ліку і ў Мінску. Гэта была эліта паліцыі, таму начальнік такой установы атрымліваў 116 рублёў за месяц, прыстаў — 83 рублі, паліцэйскія наглядчыкі — 45 рублёў, агенты (учорашнія гарадавыя) — 20 рублёў.

Ад самазабяспечання да зарплаты вышэйшай, чым па краіне

У 1917 годзе да ўлады ў былой імперыі прыйшлі бальшавікі. Яны распусцілі паліцыю і стварылі новую структуру — рабочую міліцыю. Яна не мела пастаяннага штата і будавалася на добраахвотным прынцыпе, што адлюстроўвала ідэалістычныя ўяўленні пра хуткую перамогу камунізму ва ўсім свеце.

Створаная бальшавікамі міліцыя мусіла ўтрымлівацца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. У тых умовах наладзіць матэрыяльнае забяспечанне было нерэальна: грошай не хапала, цэны рэзка пайшлі ўверх. Напрыклад, са студзеня да снежня 1917 года цана пшанічнай мукі на рынках былой імперыі паднялася з 3,9 рубля за пуд да 15 рублёў, на жытнюю муку — з 3,6 да 13 рублёў. У гэтых умовах атрады і дружыны міліцыі пераходзілі на самазабяспечанне. То-бок фактычна пачала адбіраць грошай і ежу ў насельніцтва.

Ні пра якую барацьбу са злачыннасцю ў такіх умовах гаворкі ісці не магло. Таму з 1918 года цэнтралізаванае фінансаванне міліцыі ўсё ж пачалося. Але ва ўмовах барацьбы за ўладу і пастаянных войнаў усіх з усімі (у Расіі чырвоныя ваявалі з белымі, у Беларусі нашыя суайчыннікі спрабавалі стварыць сваю дзяржаўнасць, а суседнія краіны ім перашкаджалі) міліцыянтам плацілі ў паўтара-два разы менш, чым байцам Чырвонай арміі: захаванне ўлады, якое забяспечвалі вайскоўцы, было прыярытэтам.

Милиционер в Москве (СССР), 1931 год. Фото: Брэнсон Деку, oldmos.ru, commons.wikimedia.org
Міліцыянт у Маскве (СССР), 1931 год. Фота: Брэнсан Дэку, oldmos.ru, commons.wikimedia.org

У пачатку 1920-х гадоў — тады ўжо з’явілася БССР, частка СССР, — утрыманне міліцыі перадалі ў мясцовыя бюджэты рэспублік. З гэтага часу і без таго незайздроснае фінансавае становішча сілавікоў у пераважнай большасці рэгіёнаў пагоршылася. Мы не знайшлі звестак па Беларусі, але ёсць лічбы па расійскіх рэгіёнах. Напрыклад, у 1924−1925 гадах сярэдні заробак міліцыянтаў у суседняй з БССР Бранскай губерні ў гарадах складаў 20 рублёў 53 капейкі, у павятовых гарадах — 17 рублёў 33 капейкі, у вясковай мясцовасці — 17 рублёў 5 капеек. Пры гэтым зарплата старшыні Омскага губернскага суда (Омск — горад у расійскай Сібіры) складала 92 рублі за месяц, суддзі — 78, адказнага сакратара — 55, ляснога аб’ездчыка і дворніка — 45. Як бачым, нават дворнік атрымліваў удвая больш, чым міліцыянт.

У наступнае дзесяцігоддзе сітуацыя змянілася. У 1934-м быў створаны Народны камісарыят унутраных справаў СССР, вядомы непасрэдным удзелам у масавых рэпрэсіях. Яго часткай стала і міліцыя — у складзе НКУС дзейнічала Галоўнае ўпраўленне міліцыі. Атрымалася, што пад адным дахам працавалі і сучасны КДБ (НКУС быў яго папярэднікам), і МУС. Плюсам для міліцыянтаў стала рэзкае павышэнне фінансавання.

Як адзначаў даследчык Сяргей Кістанаў, звестак пра заробкі за першыя гады працы НКУС пакуль няма, яны даступныя з 1936-га. Наогул, паводле даследчыка, у тое дзесяцігоддзе «сярэдняя заработная плата ў СССР складала каля 350 руб. Аднак варта памятаць, што яе памер мог змяняцца ў залежнасці ад выканання планавых паказчыкаў. У якасці прыкладу можна прывесці так званых стаханаўцаў, памер заработнай платы якіх мог быць шматкротна вышэйшы — каля 1 тысячы рублёў (хоць такіх людзей было вельмі мала. — Заўв. рэд.), а таксама кіраўнічых работнікаў, памеры заработнай платы якіх былі яшчэ вышэйшыя». У гэты перыяд кваліфікаваныя рабочыя атрымлівалі 230 рублёў, навукоўцы ў ВНУ — ад 300 да 330 рублёў, дактары — 189 рублёў.

У 1936-м быў прыняты тарыфны пералік, паводле якога ў залежнасці ад штомесячнага заробку ў НКУС была выдзеленая 21 група супрацоўнікаў. Разрыў паміж першай асобай (начальнік упраўлення) і апошнімі пазіцыямі (дробная тэхнічная праца) складаў 4,4 разу.

«Аналіз тарыфнага плану дазваляе вылучыць умоўна верхнюю групу пасадаў у НКУС па атрыманай заработнай плаце, — адзначаў Кістанаў. — У яе мы можам аднесці пазіцыі з 1-й да 7-й са штомесячнай заработнай платай у памеры ад 650 да 1 тысячы руб. У гэтую ўмоўную групу можна аднесці начальніка ўпраўлення НКУС разам з намеснікамі і памочнікамі, а таксама начальнікаў структурных падраздзяленняў (упраўленняў, аддзяленняў). Да ўмоўна сярэдняй групы мы адносім персанал НКУС, які займаў дробныя кіраўнічыя пасады. [Гэта] <…> 8−11-я пазіцыі са штомесячнай заработнай платай 500−600 руб. Самая шматлікая ў тарыфным пераліку — умоўна найніжэйшая група пасадаў супрацоўнікаў НКУС. Да яе адносяцца пасады кадравых работнікаў і дапаможнага персаналу, прычым апошнія займаюць з 18-й да 22-й пазіцыі ў пераліку. Сумы штомесячнай заработнай платы вар’ююцца ад 350 да 475 і ад 225 да 325 руб. адпаведна».

Милиционер стоит на посту на улице Горького. Москва, СССР. Август 1941 года. Фото: RIA Novosti archive, Ozersky / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Міліцыянт стаіць на пасту на вуліцы Горкага. Масква, СССР. Жнівень 1941 г. Фота: RIA Novosti archive, Ozersky / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Даследчык рабіў выснову, што ў сярэдзіне 1930-х гадоў пераважная большасць супрацоўнікаў НКУС СССР паводле тарыфнага пераліку атрымлівала вышэйшую штомесячную зарплату, чым у сярэднім па краіне. Ніжэйшая зарплата была толькі ў супрацоўнікаў, якія знаходзіліся на дапаможных і абслугоўвальных пасадах. Зрэшты, тыя, хто працаваў у НКУС, пастаянна атрымлівалі прэміі і надбаўкі.

Але нават гэтыя лічбы аказаліся не канчатковымі. З 1938-га ў НКУС пачаўся рост заробкаў. На думку Кістанава, з аднаго боку гэта сведчыла пра павелічэнне дапамогі з боку дзяржавы, з іншага — пра прыхаваную інфляцыі, якая існавала ў СССР. Тым не менш зарплата супрацоўнікаў упраўленняў НКУС з 1936 да 1940 года практычна падвоілася, зарплата супрацоўнікаў аддзяленняў (драбнейшая структура) і рэгіянальных структурных падраздзяленняў за той самы перыяд таксама павялічылася і да канца 1930-х дасягнула ўзроўню заработнай платы супрацоўнікаў упраўленняў.

Зрэшты, шчасце гэтыя грошы прынеслі не ўсім: тысячы супрацоўнікаў НКУС, якія займаліся рэпрэсіямі супраць насельніцтва, самі былі рэпрэсаваныя падчас сталінскага тэрору.

Адраджэнне за часамі Шчолакава і адмова ад заробкаў

За часамі Сталіна органы спецслужбаў некалькі разоў рэарганізоўвалі, міліцыя трапляла ў склад то аднаго ведамства, то іншага. У 1953-м яна стала часткай МУС СССР. Праз сем гадоў гэтае агульнасаюзнае ведамства ліквідавалі, перадаўшы яго функцыі рэспубліканскім міністэрствам. Адзінае МУС саюза зноў з’явілася толькі ў канцы 1960-х. Узначаліў яго Мікалай Шчолакаў, які меў давер савецкага лідара Леаніда Брэжнева.

На той час служба ў гэтым дзяржаўным органе была надзвычай непрэстыжная. «Нищая, плохо оснащенная, деморализованная милиция. Малообразованная — в некоторых важных службах до половины сотрудников не имели за плечами даже средней школы. Непопулярная — милиция, в которой „бьют“, дала повод к волне антимилицейских бунтов. Когда министр Щелоков вернется из своей первой поездки по стране, он поделится впечатлением от своих подчиненных: „Не знаю, как на врагов, а на меня это войско наводит ужас“», — успамінаў пісьменнік Сяргей Крэдаў.

Николай Щелоков. Фото: guardinfo.ru, ru.wikipedia.org
Міністр унутраных справаў СССР Мікалай Шчолакаў. Фота: guardinfo.ru, ru.wikipedia.org

У біяграфіі Шчолакава цытавалася яго запіска, напісаная на імя Брэжнева. У ёй сцвярджалася, што калі ў 1962-м да дысцыплінарнай і крымінальнай адказнасці прыцягнулі больш за 31 тысячу супрацоўнікаў міліцыі, то ў 1966-м — ужо больш чым 41 тысячу. На 1 жніўня 1967-га некамплект у сістэме МУС складаў 17 тысяч чалавек (6,5% штатнай колькасці).

«В стране за три года сменяется почти половина всего рядового и младшего начальствующего состава милиции. В некоторых регионах текучесть еще выше», — пісаў Шчолакаў. На яго думку, асноўнай прычынай гэтага былі нізкія заробкі.

«Таму, — адзначаў ён, — у міліцыю ідуць пераважна людзі, якія не могуць уладкавацца ў іншых месцах, з нізкім адукацыйным і культурным узроўнем, не здольныя па-сапраўднаму выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. З гэтай жа прычыны органы міліцыі буйных гарадоў камплектуюцца, як правіла, за кошт жыхароў вёсак, узровень развіцця якіх адстае ад узроўню развіцця гараджан. Нізкая зарплата прыводзіць да таго, што кваліфікаваныя і падрыхтаваныя работнікі міліцыі пераходзяць у іншыя ўстановы і на прадпрыемствы, а многія шараговыя работнікі, якія ўсведамляюць важнасць сваёй працы і звязалі сваё жыццё з міліцыяй, вымушаныя ўладкоўвацца працаваць па сумяшчальніцтве вартаўнікамі, грузчыкамі і да т.п.».

Шчолакаў наважыўся на рэформы. Паводле Крэдава, за новым міністрам пабудавалі сучасную структуру МУС, стварылі інстытут прафілактыкі злачынстваў, адкрылі 17 новых ВНУ і акадэмію, абмундзіравалі міліцыянтаў, паднялі ім заробак, забяспечылі іх тэхнікай. Паднялі прэстыж прафесіі. Дзякуючы гэтаму аблічча міліцыі ашаламляльна змянілася. Дарэчы, гэтыя пераўтварэнні ажыццяўляліся з удзелам намесніка міністра Барыса Шуміліна, які да гэтага ўзначальваў МУС БССР.

Як адзначалася ў біяграфіі Шчолакава, да канца 1967 года зарплату шараговаму і малодшаму складу паднялі амаль удвая, а сярэдняму, старшаму і найвышэйшаму аднавілі выплату акладаў па званні. «Да прыкладу, за званне „палкоўнік міліцыі“ пры маім акладзе намесніка начальніка аддзела гэта было павышэнне зарплаты амаль на 1/3 (200 рублёў плюс 90), — расказваў для гэтай кнігі адзін з супрацоўнікаў МУС. — Таксама супрацоўнікам належаў бясплатны праезд на ўсіх відах грамадскага транспарту і прыгарадных электрычках, льготы да аплаты за кватэру, прадстаўленне кватэр, найшырэйшыя магчымасці для завочнай (вочнай) прафесійнай адукацыі ў сярэдніх і вышэйшых школах органаў унутраных справаў і інш.».

Узровень гэтых заробкаў не стаяў на месцы, а рос. Цікава, што ў той час да міліцэйскага спартыўнага таварыства «Дынама» былі прыпісаныя гульцы аднайменных клубаў з розных гарадоў, што дазваляла ім атрымліваць міліцэйскія заробкі. Напрыклад, зорка кіеўскага «Дынама» Алег Блахін (у 1975-м яго прызналі найлепшым футбалістам у Еўропе) скончыў сваю кар’еру ў канцы 1980-х у званні маёра міліцыі. Гэта дазваляла футбалісту атрымліваць дадаткова 320 рублёў за месяц.

Милиционер у милицейского автомобиля ГАЗ-24 («Волга») на Красной площади в Москве, СССР. 1977 год. Фото: FORTEPAN / Urbán Tamás, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Міліцыянт ля міліцэйскага аўтамабіля ГАЗ-24 («Волга») на Краснай плошчы ў Маскве, СССР. 1977 год. Фота: FORTEPAN / Urbán Tamás, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Пры гэтым у васьмідзясятыя стандартная стыпендыя ў савецкіх універсітэтах складала 40 рублёў, павышаная — 50. Зарплата ў маладых спецыялістаў-пачаткоўцаў была каля 120−130 рублёў. Класны кіраўнік з усімі надбаўкамі (класнае кіраўніцтва, стаж працы, дадатковыя гадзіны) мог зарабіць 200 рублёў. Сталяр на мэблевай фабрыцы — 190, брыгадзір тамсама — да 350, што было супастаўна з даходамі капітана другога рангу, які служыў камандзірам дызельнай падводнай лодкі (у Крыме ён атрымліваў 350−400 рублёў, а на поўначы з усімі надбаўкамі — да 750). Батон хлеба каштаваў ад 13 да 28 капеек, каўбаса — 2 рублі 20 капеек. Праезд у метро — 5 капеек, трамвай — 3, тралейбус — 4.

Так што міліцыя пачала атрымліваць цалкам годныя грошы. «1988 год. Курсант стыпендыя 50 руб. 1989 год. Лейтэнант міліцыі першы заробак — 186 рублёў. Праз 2 гады — 215 рублёў», — успаміналі на форумах. Так што высокі ўзровень заробкаў захоўваўся аж да распаду Савецкага Саюза.

Але ў апошнія гады яго існавання грымнуў крызіс. Цэны пайшлі ўверх, узнік дэфіцыт тавараў. У 1990-м каля ста міліцыянтаў, якія працавалі ў чатырох раённых аддзелах у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург) і Беларусі, адмовіліся атрымліваць заробак у якасці пратэсту супраць нізкай аплаты сваёй працы. Непасрэдна перад гэтай акцыяй іх заробак павысілі ў сярэднім на 50−70 рублёў, у выніку ён склаў у сярэднім 365 рублёў. Працягу гэтай гісторыі мы не знайшлі — мяркуючы з усяго, акцыя аказалася адзінкавай. А ў 1991-м Савецкі Саюз распаўся, Беларусь стала незалежнай.

Чытайце таксама