30 гадоў таму, 10 ліпеня 1994 года, у Беларусі прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка — і з таго часу ён з усёй сілы трымаецца за ўладу. Але нават за некалькі дзён да таго галасавання ў апанентаў быў план, як яго спыніць. Расказваем, у чым была сутнасць ідэі і чаму яе так і не рэалізавалі.
Вынікі першага тура
Першы тур прэзідэнцкіх выбараў прайшоў 23 чэрвеня 1994 года. У выбарчыя бюлетэні трапіла шэсць прозвішчаў. Два з іх успрымаліся як тэхнічныя. Камуніста Васіля Новікава і кіраўніка калгаса «Прагрэс» Аляксандра Дубко вылучыла ўлада, каб адцягнуць галасы ў Лукашэнкі. Але, хутчэй, атрымалася наадварот: яны забралі выбаршчыкаў у прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча.
Таму рэальных прэтэндэнтаў на перамогу было чацвёра: згаданыя Кебіч і Лукашэнка (тады дэпутат Вярхоўнага Савета і дырэктар саўгаса «Гарадзец»), а таксама лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк і экс-кіраўнік Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч.
Паводле афіцыйных звестак, у першым туры Лукашэнка набраў каля 45% і выйшаў у другі тур з Кебічам (17,3%). За імі ішлі Пазняк (12,8%) і Шушкевіч (крыху менш за 10%).
Тыя выбары дагэтуль застаюцца самымі дэмакратычнымі ў беларускай гісторыі. Але, магчыма, яны таксама былі сфальсіфікаваныя. Лукашэнка сцвярджаў у 2012-м, што насамрэч перамог ужо ў першым туры. З гэтым меркаваннем былі згодныя і прадстаўнікі БНФ. Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савета ад Фронту і адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Пазняка, пісаў у сваёй кнізе «Дзевяноста чацвёрты»:
«Ноч з 23 на 24 чэрвеня, калі падлічваліся вынікі галасаваньня ў першым туры выбараў, я ў якасьці даверанай асобы Зянона Пазьняка правёў у Цэнтральнай выбарчай камісіі, прычым — у кабінэце яе старшыні Аляксандра Абрамовіча. Да яго сьцякаліся дадзеныя з абласных камісіяў, і ужо гадзіны ў тры ночы быў папярэдні вынік: перамог Аляксандар Лукашэнка, ён атрымаў каля 54−56 працэнтаў галасоў. Другім за ім ішоў Пазьняк, потым — Шушкевіч, а Кебіч быў на чацьвёртым месцы. Я паехаў у штаб-кватэру БНФ на Варвашэні, 8 (цяпер праспект Машэрава, 8. — Заўв. рэд.), дзе працавала Грамадзкая кантрольная камісія і куды прыходзілі вынікі ад назіральнікаў. Розьніца ў дадзеных была 1,5−2 працэнты. Лукашэнка выйграваў». А вось раніцай з’явіліся звесткі, якія мы назвалі вышэй.
Тое, што гэтыя альтэрнатыўныя звесткі — не міф, пацвярджае Аляксандр Фядута (тады сябра выбарчага штаба Лукашэнкі): «Паводле звестак Грамадскай кантрольнай камісіі, Лукашэнка перамагае ўжо ў першым туры».
Ускосна можна меркаваць, што ў штаба Лукашэнкі была ідэя апратэставаць вынікі галасавання першага тура. Аднак ад яе хутка адмовіліся. Фядута тлумачыў адкрыта: «У выпадку іх (вынікаў. — Заўв. рэд.) афіцыйнага абвяржэння выбары маглі быць прызнаныя несапраўднымі, а наменклатура атрымала б шанец акрыяць ад спалоху і не дапусціць паўторнага вылучэння Лукашэнкі».
БНФ супраць Лукашэнкі
Беларусь чакаў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У БНФ было дакладнае разуменне, што дапусціць перамогі Лукашэнкі нельга. Яшчэ ў 1993-м гэты палітык заявіў пра жаданне аднавіць Савецкі Саюз у форме новай імперыі, выступіўшы такім чынам супраць беларускай дзяржаўнасці.
Тым часам штаб Кебіча адчайна шукаў сабе саюзнікаў. Як успамінаў Сяргей Навумчык, «на другі ці на трэці дзень пасьля першага туру мне патэлефанавалі са штабу Кебіча (была гаворка і з самім Кебічам). У мяне спыталі, ці разумею я ўсю складанасьць сытуацыі і ці ня мог бы Беларускі Народны Фронт у гэты няпросты момант падтрымаць Вячаслава Францавіча. Я адказаў, што складанасьць сытуацыі разумею (мы, Апазыцыя БНФ, прадбачылі яе яшчэ тады, калі Кебіч з паплечнікамі праводзілі ў Канстытуцыю прэзыдэнцтва (БНФ выступаў супраць прэзідэнцтва, папярэджваючы, што гэта можа скончыцца дыктатурай. — Заўв. рэд.)). Але Кебіча падтрымаць БНФ ня можа — ды ўвогуле нерэальна, каб ён перамог з чыёй бы то ні было падтрымкай. Гэтыя словы я вымавіў лёгка, бо стаўленьне да Кебіча было ўстойліва адмоўным».
А вось за гэтым Навумчык экспромтам прапанаваў наступнае: «Я прапанаваў Кебічу зьняць сваю кандыдатуру. Вялікая частка выбаршчыкаў ішла галасаваць ня столькі за Лукашэнку, колькі супраць Кебіча <…>. І калі прозьвішча прэм’ера ня будзе ў бюлетэнях, дык ня будзе каго выкрэсьліваць, і людзі проста ня прыйдуць на выбары. Трэба па дзяржаўных СМІ патлумачыць людзям сытуацыю, безумоўна, што эфір для гэтага павінен быць дадзены і камандзе Пазьняка. А мы, Народны Фронт, здымем усіх 7 тысяч назіральнікаў з выбарчых участкаў. Я сказаў таксама, што Пазьняк ня будзе настойваць на тым, каб патрапіць у бюлетэні як кандыдат, які афіцыйна выйшаў на трэцяе месца».
Між тым, калі б на ўчасткі ў такім выпадку прыйшло менш за 50% выбаршчыкаў, выбары б не адбыліся.
Дэпутату адказалі, што падумаюць. Праз некалькі хвілін ператэлефанавалі і сказалі, што прапанова цікавая, але Іван Антановіч лічыць, што ў Кебіча ёсць шанцы. Антановіч у мінулым быў высокапастаўленым наменклатурным работнікам, узначальваў аддзел культуры ЦК Камуністычнай партыі Беларусі. На тых выбарах працаваў у складзе каманды Кебіча (пазней за Лукашэнкам ён узначаліў МЗС). Навумчык параіў яшчэ раз падумаць і паехаў у штаб-кватэру БНФ, дзе ягоную прапанову адразу падтрымалі.
Логіка, як успамінаў палітык абмеркаванне з калегамі, была ў наступным:
- Людзям, якія галасавалі супраць Кебіча, выбары сапраўды сталі б нецікавымі.
- Як яму патлумачылі ў ЦВК, у выпадку зняцця кандыдатуры Кебіча Лукашэнка заставаўся б у бюлетэні адзін, што адразу змяншала інтрыгу і цікавасць да выбараў.
- У БНФ ведалі, што частка прыхільнікаў Пазняка будзе галасаваць у другім туры за Лукашэнку. Чаму? «Бо ён успрымаўся імі як „таксама ня быў ва ўладзе“; я нават са зьдзіўленьнем даведваўся, што некаторыя лічылі, што „Пазьняк і Лукашэнка — паплечнікі, бо супраць Кебіча“. Мы разлічвалі (думаю, слушна), што выступ Пазьняка па тэлебачаньні і ў іншых дзяржаўных СМІ (а лепей і не адзін выступ, разам з камандай) і падрабязныя тлумачэньні пазбавілі б іх ілюзіяў», — пісаў Навумчык.
- Калі б БНФ зняў з выбараў усіх назіральнікаў, якія былі на кожным участку, улады маглі б «быць не зацікаўленыя ў тым, каб другі тур адбыўся». Вось як гэта тлумачыў Навумчык: «Апазыцыя БНФ не галасавала за „прэзыдэнцкія“ разьдзелы Канстытуцыі, за саму Канстытуцыю, якая ўводзіла прэзыдэнцтва, і мы ад пачатку ставілі пад сумнеў легітымнасьць увядзеньня прэзыдэнцтва». Спыніць Лукашэнку для БНФ тады было важней.
Паводле Навумчыка, «у выпадку, калі б другі тур не адбыўся, закон прадугледжваў правядзеньне паўторных выбараў з паўторным вылучэньнем кандыдатаў. Канечне, на выбарах мог ізноў вылучыцца Лукашэнка, але за гэты час ягоны імідж „народнага заступніка“ мог быць разбураны».
Грыб пагадзіўся, Кебіч — не
Навумчык з Пазняком сустрэліся са спікерам Вярхоўнага Савета Мечыславам Грыбам — фармальна менавіта ён быў кіраўніком дзяржавы, хоць рэальная ўлада была ў Кебіча, — і атрымалі яго згоду на такую камбінацыю.
Заставалася пераканаць Кебіча. У мемуарах «Спакуса ўладай» той прызнаваўся, што «чальцы штаба выказваліся за байкот другога тура. Грамадская думка да такога выніку выбараў маральна гатовая. Людзі зразумеюць, што вы ідзяце на гэты крайні крок у інтарэсах краіны, — пераконвалі мяне». А некаторыя прапаноўвалі, сфальсіфікаваўшы выбары і заняўшы пасаду прэзідэнта, «зрабіць бліскучы жэст — вынесці на паседжанне Вярхоўнага Савета пытанне пра скасаванне прэзідэнцкай формы кіравання як нясвоечасовай і не адпаведнай нацыянальным традыцыям краіны».
Такіх дзеянняў вельмі баяліся ў штабе Лукашэнкі. «Прыйдзіце на выбары, ня дайце іх сарваць. Зянон Станіслававіч, зьвяртаюся да вас асабіста: ня трэба байкатаваць выбары!» — заклікаў тады Аляксандр Фядута. Праз гады ён пісаў пра гэта так: «У чыноўнікаў яшчэ быў шанец не дапусціць перамогі Лукашэнкі: ім было дастаткова сарваць другі тур выбараў. Гэтага вельмі баяліся ў нашым перадвыбарным штабе. Было відаць, як нервова курыў звычайна спакойны [кіраўнік перадвыбарчага штаба Леанід] Сініцын, калі гаворка заходзіла пра другі тур: а раптам Кебіч здыме сваю кандыдатуру? Што тады? Будзе галасаванне па кандыдатуры Лукашэнкі ці побач з ягоным прозвішчам у бюлетэні апынецца прозвішча „бронзавага прызёра“ „прэзідэнцкай гонкі“ — Зянона Пазняка? Гэта непазбежна спрацавала б на зніжэнне яўкі, як і наяўнасць у бюлетэні толькі аднаго прозвішча. Але прэм’ер аказаўся цялём, асуджаным на смерць. Яго вялі на забой — і ён ішоў, пакорліва схіліўшы галаву і не супраціўляючыся».
Кебіч здымаць сваю кандыдатуру адмовіўся. Перад другім турам Зянон Пазняк, Станіслаў Шушкевіч і Васіль Новікаў заклікалі сваіх прыхільнікаў галасаваць супраць усіх. Але гэты заклік ужо ні на што не ўплываў. У другім туры Лукашэнка атрымаў больш за 80% (Кебіч — усяго каля 14%, менш, чым у першым туры) і стаў прэзідэнтам Беларусі.
Чытайце таксама


