Супрацоўнікі Баскскага цэнтра прыкладной матэматыкі ў Більбаа, Іспанія, даказалі гіпотэзу беларуска-амерыканскага даследчыка Оскара Зарыскага, якая заставалася без адказу 54 гады. Як паведамляецца ў прэс-рэлізе ўстановы, каманда навукоўцаў, якая складаецца з Хаўера Фернандэса дэ Бабадзільі і Томаша Пелкі, пацвердзіла здагадку аднаго з самых вядомых алгебраічных геометраў XX стагоддзя — ураджэнца Кобрына, піша выданне «Беларусь і свет».
Зарыскі сфармуляваў у 1970 годзе ў сваёй працы восем гіпотэз, якія датычаць алгебраічнай геаметрыі. Сем з іх былі ў розны час правераныя рознымі навукоўцамі раней, і толькі адна — гэтая — дагэтуль заставалася без рашэння.
Працу Бабадзільі і Пелкі апублікалі анлайн 3 ліпеня 2024 года ў прэстыжным часопісе «Аналы матэматыкі», які выдаецца амерыканскімі Прынстанскім універсітэтам і Інстытутам перспектыўных даследаванняў.
«Выкарыстоўваючы інавацыйны падыход, які спалучае алгебраічную і сімплектычную геаметрыі, навукоўцы даказалі гіпотэзу, раскрыўшы магутную здольнасць матэматыкі наводзіць масты паміж рознымі галінамі ведаў», — сказана ў прэс-рэлізе.
Оскар Зарыскі нарадзіўся ў 1899 годзе ў Кобрыне. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце. Потым эміграваў у Італію, дзе працягваў навучанне, а потым — у ЗША, дзе выкладаў ва ўніверсітэце Джонса Хопкінса, Ілінойскім і Гарвардскім універсітэтах.
Навукоўцу належаць асноватворныя працы ў галіне камутацыйнай алгебры і алгебраічнай геаметрыі, якія ён звязаў разам. Базісным паняццем у гэтай сферы стала тапалогія Зарыскага.
Быў чальцом Нацыянальнай акадэміі навук ЗША, прэзідэнтам Амерыканскага матэматычнага таварыства. Атрымаў стыпендыю Гугенхайма, прэмію Коўла па алгебры, прэмію Вольфа па матэматыцы і іншыя ўзнагароды.