Сёння, 2 верасня, памёр трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, паведамляе Беларуская федэрацыя барацьбы. Яму было 86 гадоў.
Аляксандр нарадзіўся ў горадзе Белая Царква (Украіна). У калекцыі Мядзведзя россып узнагарод і перамог з самых прэстыжных спаборніцтваў. Свой першы залаты алімпійскі медаль ён выйграў у 1964 годзе ў Токіа, потым перамог праз чатыры гады на Гульнях у Мехіка і ў 1972-м на Алімпіядзе ў Мюнхене. На рахунку барца сем вікторый на чэмпіянатах свету. Акрамя таго, ён станавіўся трохразовым чэмпіёнам Еўропы і дзевяціразовым чэмпіёнам СССР. У 2005 годзе Мядзведзя прызналі найлепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі віду спорту і ўвялі ў Залу спартыўнай славы барацьбы.
Пасля завяршэння выступленняў Мядзведзь працаваў трэнерам, а таксама функцыянерам. У прыватнасці, ён трэніраваў зборную Беларусі па вольнай барацьбе і ўзначальваў федэрацыю па гэтым відзе спорту.