Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. СМИ сообщили, что США готовы прекратить помощь Украине. Эксперты рассказали о последствиях — они очень печальные
  2. Как выглядят обложки мировых газет после исторической перепалки Трампа и Зеленского (беларусские вас не удивят)
  3. Зеленский опубликовал большое заявление после встречи с Трампом: «Нам нужны гарантии безопасности, а не просто прекращение огня»
  4. Дасягнуўшы дна, даляр разварочваецца: як хутка ён будзе расці? Прагноз па валютах
  5. Минский школьник вел дневник во время Второй мировой. Он описал жизнь под оккупацией — вряд ли вы так ее себе представляли
  6. Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Мінсувязі
  7. Лукашэнка заклапаціўся адтокам людзей з рэгіёнаў. Ён агучыў «рэцэпт», як спыніць гэты працэс
  8. Названы победители антипремии «Золотая малина». Худшим признано супергеройское кино
  9. Причиной недавнего отключения отопления в Мозыре стал беспилотник, залетевший в Беларусь во время российской атаки Украины, — «Флагшток»
  10. Мама или бабушка увлекаются «сердечными каплями»? Корвалол таит в себе ряд опасностей и запрещен в США — перескажите близким этот текст
  11. Что произошло после того, как из Белого дома перестали вести трансляцию. В чем признался советник Трампа
Читать по-русски


/

У 2017 годзе ў сусветны пракат выйшаў фільм «Забойства святога аленя» самага вядомага грэцкага рэжысёра сучаснасці Ёргаса Лантымаса («Бедныя-няшчасныя», «Віды дабрыні», «Фаварытка»). Назва і сюжэт звязаныя са старажытнагрэцкім міфам пра Іфігенію — дачку палкаводца і цара Агамемнана. Каб спыніць насланую багіняй Артэмідай бязветранасць, праз якую караблі з войскам не маглі даплысці да Троі, ён мусіць прынесці ў ахвяру любімую дачку. У фільме Лантымаса сюжэт міфа пра Іфігенію пераносіцца ў ЗША і робіцца асновай пазачасавай гісторыі пра ахвяру адным дзеля дабра большасці. Розныя інтэрпрэтацыі міфа можна ўбачыць і ў працах іншых рэжысёраў. Агамемнаны кінематографа працягваюць прыносіць у ахвяру сваіх Іфігеній, але іх матывы часта прымушаюць задумацца: каму насамрэч патрэбная гэтая ахвяра? Сёння мы раскажам пра чатыры фільмы, дзе за асабістыя амбіцыі мужчын іх жанчыны расплачваліся жыццём, свабодай і гонарам.

«Дзіця Розмары», рэжысёр Раман Паланскі (1968 год)

«Дзіця Розмары» стала ідэальным дэбютам Рамана Паланскі ў Галівудзе, куды той перабраўся з сацыялістычнай Польшчы: больш за 33 мільёны даляраў збораў у ЗША пры бюджэце 3 мільёны, дзве намінацыі на «Оскар» і тры — на «Залаты глобус», захопленыя водгукі крытыкаў і наступны культавы статус фільма.

Як імкліва пайшла ўгару кар’ера галоўнага мужчынскага персанажа «Дзіцяці Розмары», так і статус Паланскі ў галоўным кінагорадзе свету пасля гэтага фільма падняўся да ўзроўню Альфрэда Хічкока, Роберта Олтмэна і іншых зорак Новага Галівуду. На жаль, вынікі ўзрушальнага дэбюту Паланскі амаль не заспела яго жонка, актрыса Шэран Тэйт. Сюжэт фільма трагічна адгукнуўся ў асабістым жыцці рэжысёра ў жніўні 1969-га. Праз год пасля прэм’еры Тэйт на дзявятым месяцы цяжарнасці жорстка забілі паслядоўнікі культу серыйнага забойцы Чарлза Мэнсана. Сярод шматлікіх гісторый пра праклён фільма гэтая знаходзіць з ім больш за ўсё паралеляў.

Роман Полански и Шерон Тейт на премьере фильма «Ребенок Розмари», 1968 год. Фото: Peter Borsari, Flickr.com
Раман Паланскі і Шэран Тэйт на прэм’еры фільма «Дзіця Розмары», 1968 год. Фота: Peter Borsari, Flickr.com

Фільм пачынаецца з пераезду Гая і Розмары Вудхаус, якія толькі што ажаніліся, у новую кватэру ў вядомым нью-ёркскім доме «Брэмфард». Гай працуе акторам, здымаецца ў асноўным у рэкламе і марыць трапіць у кіно. Розмары — хатняя гаспадыня.

Неўзабаве пасля пераезду яна знаёміцца з Міні і Раманам Кастэветамі, пажылой і вельмі энергічнай парай, якая жыве ў тым самым доме. Пасля жудаснага здарэння ў «Брэмфардзе» тыя ласкава запрашаюць маладых павячэраць разам у іх кватэры, і хоць Гай і Розмары спачатку не вельмі гэтага хочуць, у выніку ўсё ж згаджаюцца. Вячэра нечакана збліжае Гая і Рамана, і малады мужчына працягвае перыядычна наведваць Кастэветаў. У гэты ж час дзякуючы трагічнаму супадзенню мара Гая ажыццяўляецца: ён атрымлівае ролю ў вялікім фільме. На радасцях ён прапануе Розмары завесці дзіця. Яна згаджаецца, чаму вельмі рады будучы бацька. Але яшчэ больш, здаецца, гэтаму радуюцца Кастэветы.

З моманту зачацця і да родаў нішто ў цяжарнасці Розмары не здаецца нармальным. Сюррэалістычная сцэна апладнення пакідае сумневы ў тым, хто бацька дзіцяці і ці здарылася наогул зачацце — можа, гэта быў проста псіхадэлічны сон? Дзіўны кактэйль, які настойліва рэкамендуе піць Міні для здароўя плода. Строгае папярэджанне ад найлепшага гінеколага горада не верыць кнігам для цяжарных. На гэтым фоне з кожным месяцам Розмары становіцца ўсё слабейшай, але амаль усе вакол робяць выгляд, што ўсё ў парадку. Жанчына кажа мужу, што сумняваецца ў парадах пажылых сяброў, што душаць яе сваім клопатам, і адчувае сябе ўсё горш, але ён толькі кажа ёй супакоіцца і не паддавацца трывогам цяжарных.

Розмары з цяжкасцю верыць мужу, толькі вось глядач занадта добра адчувае цвёрдую глебу яе боязі і нават цьмяна здагадваецца, навошта муж змушае яе сумнявацца. Гай гаворыць без ніякага намёку на няўпэўненасць у сваіх словах, што не дазваляе яго ў нечым абвінаваціць. Хіба можа муж, які, мяркуючы з усяго, вельмі кахае сваю жонку, хлусіць ёй нават тады, калі яна пытае яго наўпрост і пра такія сур’ёзныя рэчы? Ці можа ён дазволіць ёй насіць не тое што чужое, а наогул праклятае дзіця, калі момант яго зачацця не быў сном? У гэта не хочацца верыць. Але калі дапусціць такую думку, то цяжка ўявіць, якая мэта вартая такой ахвяры.

Асобнай згадкі варты трывожны саўндтрэк «Дзіцяці Розмары», напісаны кампазітарам Кшыштафам Камедам. Галоўная тэма фільма, Lullaby, дагэтуль застаецца адной з самых жудасных у гісторыі кіно.

«Забойцы кветкавага месяца», рэжысёр Марцін Скарсэзэ (2023 год)

Перад тым як рэжысёр «Забойцаў кветкавага месяца» Марцін Скарсэзэ патэлефанаваў Лілі Гладстоўн, выканаўцы галоўнай ролі, яна планавала завяршыць кар’еру і нават паспела запісацца на курс па аналізе дадзеных. У інтэрв'ю The Hollywood Reporter акторка сказала, што шукала нешта больш стабільнае ў посткаранавірусным свеце, а яе банкаўская картка была на нулі. Удалы таймінг званка ад рэжысёра падарыў Лілі «Залаты глобус» за найлепшую жаночую ролю і «Оскар» у той самай намінацыі, а кінематографу — адну з самых запамінальных роляў 2023 года.

У цэнтры сюжэту «Забойцаў кветкавага месяца» — эпічная гісторыя пра знішчэнне амерыканскіх індзейцаў з племя асэйджы ў пачатку ХХ стагоддзя. На асабістым узроўні гэта гісторыя адносін Эрнэста Беркхарта, белага мужчыны, які вярнуўся з Першай сусветнай (Леанарда Ды Капрыа) і індзейскай жанчыны Молі Кайл (Лілі Гладстоўн). Яна паходзіць са звычайнай для асэйджаў сям'і з буйным капіталам, заробленым дзякуючы знойдзенай на іх тэрыторыі нафце. Эрнэст вяртаецца з вайны ў родную Аклахому і просіць дапамогі ў дзядзькі Уільяма з мянушкай Кароль. Яго паважаюць і белыя жыхары горада, і індзейцы, лічачы пажылога патрыярха сваім памочнікам.

Лили Гладстоун и Леонардо Ди Каприо в фильме «Убийцы цветочной луны». Кадр: Appian Way Productions
Лілі Гладстоўн і Леанарда Ды Капрыа ў фільме «Забойцы кветкавага месяца». Кадр: Appian Way Productions

Дзядзька раіць пляменніку ажаніцца з Молі, каб бліжэй падабрацца да багацця яе сям'і. Эрнэст згаджаецца, але да першапачаткова выключна фінансавай матывацыі дадаюцца шчырыя пачуцці, якія ўзнікаюць паміж ім і Молі. На фоне няшчасцяў, якія адбываюцца з сям’ёй жонкі, Эрнэст дэманструе вельмі неабходную падтрымку і клопат пра жонку. З кожнай наступнай падзеяй здаецца, што гэта гісторыя пра шлюб па разліку, у якім паступова ўзнікае каханне. Дакладней, так магло б здавацца, калі б глядач не бачыў падвойнага дна цёплага стаўлення Эрнэста. Молі і праўда не бачыць схаваных матываў, кахае мужа і верыць яму да самага канца.

Рабіць гэта, вядома, не варта было. Цягам усёй гісторыі спрабуеш здагадацца, кіруе Эрнэстам глупства ці двудушнасць. Ні адзін з адказаў яго не апраўдвае, але падкрэслівае неадназначнасць недалёкага героя.

Калі б ён быў відавочным злыднем, можна было б проста яго неўзлюбіць і перажываць за лёс няшчаснай жонкі. Але добра напісаны персанаж Эрнэста тым і цікавы, што ён глыбейшы за адно суровае меркаванне. Да фінальнай сцэны ў полі мы спрабуем зразумець, што для яго важнейшае: любоў да новай сям'і ці вернасць дзядзьку. І зноў любы з адказаў не абяцае адназначнай высновы, бо на дарозе да яго герой паспявае ахвяраваць занадта многім.

Фінал фільма, як і герой Леанарда Ды Капрыа, не пакідае адназначнага ўражання, акрамя таго, што нават яго справядлівасць вельмі ўмоўная.

Відавочна станоўчым вынікам карціны падаецца сам факт аповеду гісторыі асэйджаў, якая дазволіла Лілі Гладстоўн стаць першай акторкай індзейскага паходжання — намінанткай на «Оскар» за галоўную жаночую ролю, а музыкам таго ж племені атрымаць намінацыю за найлепшую песню ў фільме. Яны нават выканалі яе на цырымоніі ўзнагароджання.

«Вялікія вочы», рэжысёр Цім Бёртан (2014 год)

«Я думаю, тое, што зрабіла Кін, выбітна. Яно мусіць быць добрым. Калі б яно было кепскім, яно б не падабалася такой вялікай колькасці людзей», — цытатай знакамітага амерыканскага мастака Эндзі Уорхала пачынаецца фільм, заснаваны на падзеях жыцця амерыканскай поп-арт мастачкі Маргарэт Кін.

У канцы 1950-х Маргарэт (Эмі Адамс) кідае першага мужа і разам з дачкой пераязджае ў Сан-Францыска, дзе спрабуе пракарміць сябе і дачку, працуючы ілюстратаркай на мэблевай фабрыцы і пішучы партрэты людзей у фірмовым стылі — з вялізнымі вачыма. На адным з такіх нядзельных кірмашоў яна знаёміцца з Уолтэрам Кінам (Крыстаф Вальц), сваім будучым мужам і, паводле яго ўласных сцверджанняў, таксама мастаком. Пасля акажацца, што ён працуе рыэлтарам, а малюе толькі ў выходныя і для душы. Зрэшты, і гэта акажацца не канчатковай праўдай.

Увага, спойлеры

Вынаходлівы Уолтэр прапануе Маргарэт пачаць выстаўляць свае карціны і нават знаходзіць першае месца для выставы — папулярны мясцовы клуб. І яго карціны, і працы Маргарэт вывешваюць каля прыбіральняў, але нават там незвычайныя велікавокія працы жанчыны звяртаюць на сябе ўвагу. З часам імі пачынае цікавіцца ўсё больш людзей, у тым ліку вядомых. У адзін момант, калі мужа і жонку пытаюць пра аўтарства карцін, Уолтэр апярэджвае разгубленую Маргарэт і кажа, што іх напісаў ён. Ён пераконвае жонку, што з мужчынскім аўтарствам і яго хваткай карціны будуць прадавацца лепш. Маргарэт сумняваецца, але верыць мужу, хоча забяспечыць сям’ю і дачку — і згаджаецца. Наступныя 13 гадоў увесь свет будзе лічыць Уолтэра аўтарам карцін.

Пасля таго як творчасць мужа і жонкі пачынае прыносіць грошы, Кіны збіраюцца падтрымліваць легенду пра справу, якая стала іх сямейным бізнесам. Магчыма, пра іх сакрэт ніхто і не даведаўся б, калі б не дзве акалічнасці: прага славы Уолтэра і пакуты сумлення Маргарэт. Выдатна разумеючы створаны імі падман, Уолтэр нібыта пачынае верыць, што ён сапраўды вялікі мастак.

Пасля разгромнага артыкула пра стыль Кінаў ад мастацкага крытыка Джона Кэнэдэя з The New York Times (артыкул сапраўды існуе) Уолтэр пачынае вінаваціць жонку ў падрыве яго рэпутацыі. Справу, якой не было б без Маргарэт, Уолтэр ужо лічыць толькі сваёй і ўжо не толькі адмаўляе права жонкі на творчасць, але і лічыць яе працу абавязаннем перад ім. Але Уолтэр Кін памыліўся, думаючы, што Маргарэт будзе мірыцца з такім стаўленнем, і «Вялікія вочы» аказваюцца гісторыяй барацьбы жанчыны за сваё права на поспех без сарамлівасці і страху быць непрынятай.

У 90-я сапраўдная Маргарэт Кін напісала партрэт Лізы Мэры, тагачаснай дзяўчыны Ціма Бёртана, рэжысёра «Вялікіх вачэй». Пазней Бёртан пачаў калекцыянаваць карціны мастачкі. Гэты фільм не надта падобны да класічных працаў Ціма Бёртана ў гатычнай эстэтыцы, але што дакладна нагадвае пра яго — дык гэта карціны Маргарэт, у якіх адчуваецца ўплыў на змрочна-абаяльных герояў яго іншых работ.

«мама!», рэжысёр Дарэн Аранофскі (2017 год)

Водгукі на «маму!» аказаліся такімі ж супярэчлівымі і заблытвальнымі, як рэкламная кампанія фільма, якая падавала яго як хорар. Калі фільм ім і ёсць, то толькі з прыстаўкай «пост-», але наогул да нейкага аднаго жанру яго складана аднесці. Ды і ці варта? Урэшце, чым бы фільм ні быў, ён знаходзіць крытыкаў і прыхільнікаў сярод аматараў самых розных жанраў.

У пачатку мы бачым сцэну: вакол агонь, позірк дзяўчыны, цёмны экран. У доме, які гарыць, мужчына — Ён (Хаўер Бардэм) — ставіць шкляны крышталь на пастамент, і згарэлы дом пачынае аднаўляцца. На ложку з’яўляецца маладая дзяўчына-маці (Джэніфер Лоўрэнс), — якая прачынаецца і шукае мужа. Ён, вядомы пісьменнік, сядзіць у сябе ў кабінеце і беспаспяхова спрабуе напісаць новую кнігу. Пачуццё неразумення таго, што адбываецца, будзе нарастаць і далей, пакуль глядач не пачне бачыць у заблытанай гісторыі знаёмыя біблейскія матывы. Зрэшты, заўважыць іх можна яшчэ да пачатку фільма, калі паглядзець на напісанне імёнаў-азначэнняў герояў.

Хавьер Бардем и Дженнифер Лоуренс в фильме «мама!». Изображение: Paramount
Хаўер Бардэм і Джэніфер Лоўрэнс у фільме «мама!». Выява: Paramount

Да пары паступова пачынаюць прыходзіць няпрошаныя госці, якія турбуюць маці, але зусім не хвалююць Яго. Спярша да іх заходзіць мужчына, якога Ён, не параіўшыся з жонкай, запрашае ў дом. Потым прыходзіць і жонка госця, а за імі — і іх дзеці. Паток незнаёмцаў, якія да таго ж паводзяцца надзвычай непаважліва да маці, працягвае павялічвацца і моцна трывожыць жанчыну. Ён, прымаючы захапленні, падаецца прыязным да ўсіх, і самі незнаёмцы апантана ім захапляюцца. У адказ на просьбы маці выгнаць усіх Ён толькі спрабуе ўнікнуць дзеяння і працягвае прымаць новых людзей нават тады, калі падзеі фільма робяцца фантасмагарычнымі. Становіцца ясна, што натоўпы незнаёмцаў не выклікаюць у Яго такога здзіўлення, як у жонкі, і нават прыемныя Яму. Маці застаецца толькі цярпець, а пасля і змагацца.

У фінале фільма, калі яго просталінейная метафара ўжо відавочная і шакавальнае значэнне пачатковай сцэны раскрываецца, становіцца зразумелым і ўніверсальнае значэнне гісторыі. Гераіня Джэніфер Лоўрэнс — гэта адначасова гістарычны зборны вобраз і прыватны прыклад ахвяры жанчыны дзеля незразумелай вышэйшай мэты. Няхай яна ідзе на яе сама, дзеля кахання, але чамусьці такая ахвярнасць падаецца вымушанай, навязанай і занадта вялікай.