Сорак гадоў таму, 3 снежня 1984 года, здарылася найбуйнейшая па колькасці пацярпелых тэхнагенная катастрофа ў гісторыі чалавецтва — але наўрад ці многія беларусы пра яе чулі. Бхапальскую аварыю цалкам можна назваць індыйскім Чарнобылем: радыяцыі там не было, але наступствы аказаліся амаль такімі ж смяротнымі. Як і ў выпадку з меласавым патопам у Бостане, пра які нядаўна расказвала «Люстэрка», віной усяму сталі безадказнасць, сквапнасць і абыякавасць да беднага мясцовага насельніцтва. Вось толькі цяпер гэта прывяло да трагедыі непараўнальна большых маштабаў з тысячамі ахвяр. Бхапал — гэта не толькі гісторыя прамысловай катастрофы, але і ілюстрацыя жудасна несправядлівай сацыяльнай няроўнасці, дзе тыя, хто мае менш за ўсё, плацяць самую высокую цану.
У гэтым тэксце ёсць фота ахвяраў катастрофы, якія могуць падацца некаторым непрымальнымі. Калі вы не хочаце іх бачыць, калі ласка, не чытайце матэрыял.
Пякучы чылі
У Бхапале, буйным горадзе ў Цэнтральнай Індыі, снежаньскае надвор’е — як жнівень у Беларусі: удзень стаяла +26°С, ноччу — +13°С, веяў ледзь прыкметны паўночны ветрык, на небе — ні аблачынкі. У ноч з 2 на 3 снежня жыхары мірна спалі, за выключэннем тых, хто працаваў у начную змену: чыгуначнікаў, медыкаў і работнікаў хімічнага завода амерыканскай кампаніі Union Carbide. Гэтае прадпрыемства размяшчалася ў паўночнай частцы горада, у атачэнні густанаселеных трушчобаў і ўсяго за некалькі кіламетраў ад цэнтра і вакзала.
Пасля паўночы Азіза Султан прачнулася: яе малы надрыўна кашляў. Раскрыўшы вочы, у паўцемры яна заўважыла, што пакойчык запоўнены белым туманам. Такі ж туман слаўся вуліцай. Праз хвіліну адтуль пачалі даносіцца крыкі: «Бяжым, бяжым!»
Не разумеючы, што адбываецца, Азіза закашлялася і сама. Ёй пачало пячы вочы, а кожны ўдых стаў такім пякучым, нібы яна ўдыхала агонь.
16-гадовая Рэхана Бі, якая жыла з бацькамі і трыма братамі ў трушчобах ля завода, прачнулася ад таго, што хтосьці калаціў у дзверы і клікаў яе бацьку. Той падняўся і вызірнуў вонкі — з-за яго спіны дзяўчына ўбачыла шчыльны туман і натоўп людзей. Яны кашлялі і тыкаліся ў бакі, нібы сляпыя. Вочы і лёгкія Рэханы ахапіла агнём.
«Нашыя целы быццам напоўніла чырвоным перцам чылі. Цякло з вачэй, з носа, у роце была пена. Кашаль быў настолькі моцным, што людзі курчыліся ад болю. Некаторыя ўставалі і беглі ў чым былі, у бялізне і нават зусім без адзення. У адзін бок, у іншы — проста беглі, спрабуючы ўратаваць сваё жыццё», — успамінала потым жыхарка горада Чампа Дэві Шукла.
Калі б людзі разумелі, што здарылася, яны б не беглі, а замкнуліся б у дамах, пастараліся б залезці вышэй, абматалі б твары мокрымі хусткамі і схаваліся б пад коўдры. Тысячы жыццяў тады мелі б шанец на выратаванне. Але жыхары нічога не ведалі.
Цыстэрны з атрутай
Завод Union Carbide India Limited (UCIL) у Бхапале выпускаў інсектыцыды — хімікаты для абароны раслін ад насякомых. Асноўным уладальнікам была Union Carbide — адна з галоўных хімічных карпарацый ЗША, якая ўваходзіла ў спіс пяцісот найбуйнейшых кампаній Злучаных Штатаў па аб’ёме выручкі (у яе было 50,9% акцый, астатнія — у мясцовых інвестараў). На момант катастрофы фірма з амаль векавой гісторыяй валодала сотнямі заводаў па ўсім свеце, вырабляючы тавары ад пестыцыдаў да батарэек Energizer. У Індыі ў яе было 14 заводаў і 28 гандлёвых прадстаўніцтваў, на іх працавала 9000 чалавек.
На бхапальской фабрыцы вырабляліся тры пестыцыды з розных вытворных карбамінавай кіслаты. Асноўным прадуктам быў «Севін» (гэта гандлёвая назва рэчыва карбарыл) — «фірмовы» тавар амерыканскай кампаніі, аналаг вядомага ў СССР рэчыва ДДТ. Для вытворчасці «Севіну» і іншых прадуктаў выкарыстоўваўся метылізацыянат (МІЦ), які атрымлівалі з рэакцыі фасгену з метыламінам.
Метылізацыянат (МІЦ) — гэта вадкасць з рэзкім пахам, якая кіпіць ўжо пры 39,1°С. Рэчыва выбухованебяспечнае, высокарэактыўнае і смяротна атрутнае — у шмат разоў горшае за цыянід.
На Union Carbide India Limited метылізацыянат захоўвалі ў трох вялікіх цыстэрнах Е610, Е611 і Е619, часткова закапаных у зямлю і закрытых зверху «шапкай» з бетону. Паводле дакументах завода, кожную ёмістасць можна было запаўняць вадкім МІЦ не больш чым на 50% (гэта каля 30 тон). А адну цыстэрну заўсёды трэба было трымаць пустой — каб перапампаваць туды змесціва іншых у выпадку надзвычайнага здарэння.
Аднак інструкцыі бяспекі рэдка выконваліся на гэтым прадпрыемстве. Завод быў стратным і толькі нядаўна аднавіў выпуск прадукцыі, за гэты час у цыстэрнах сабралася больш за 60 тон МІЦ, прычым у баку Е610 яго было каля 42 тон — значна больш за належнае.
Калі прадпрыемства аднавіла вытворчасць «Севіну», МІЦ у першую чаргу мусілі ўзяць з гэтай перапоўненай цыстэрны. Але не выйшла. Каб трымаць рэчыва пад ціскам (інакш яго было не выпампаваць) і каб у бак не трапляла вільгаць з паветра, зверху запампоўвалі сухі азот. Але чамусьці ён не трымаўся ў ёмістасці. Правяраць яе на ўцечку ніхто не стаў — проста пераключыліся на суседнюю цыстэрну. За дзень-два да трагедыі ў Е610 зноў спрабавалі напампаваць азот, каб зліць МІЦ, зноў не выйшла — і бак зноў проста кінулі без праверкі на герметычнасць.
Чайная паўза
Увечары 2 снежня начальнік змены даў указанне прамыць трубу падачы азоту. Яна была іржавая, шэраг ахоўных клапанаў у ёй сапсаваўся, нейкія наогул адсутнічалі — іх мусілі паставіць, але забылі. Не падазраючы пра гэта, рабочыя адкрылі вентылі і пакінулі абсталяванне на некалькі гадзін. Праз няспраўнасці клапанаў вада свабодна цякла проста ў цыстэрну з 42 тонамі МІЦ. Туды трапіла некалькі сотняў літраў.
Але метылізацыянат, змешваючыся з вадой, вылучае шмат вуглякіслага газу і цяпла. Гэта выклікала хуткую і бурную рэакцыю ў ёмістасці. Там пачалі расці ціск і тэмпература. Пайшлі дадатковыя рэакцыі, якія паскаралі асноўную, — і так па коле.
У 22.30 ціск у баку Е610 складаў 14 кілапаскаляў, але за паўгадзіны вырас да 70. Работнікі вырашылі, што гэта проста «маняць» іржавыя датчыкі — не ўпершыню.
Газ пайшоў назад па тых трубах, праз якія ў цыстэрну цякла вада. У 23.30 рабочыя ў зоне завода МІЦ адчулі, што з паветрам нешта не тое, і да 23.45 знайшлі невялікую ўцечку. Дзяжурны махнуў рукой: гэта рэч звычайная, турбавацца няма пра што, вось-вось пачнецца перапынак на чай — потым паправім.
Калі чайная паўза скончылася, рэакцыю ў цыстэрне было ўжо не спыніць. Ціск прайшоў адзнаку 280 кілапаскаляў і імкліва рос далей. Тэмпература дасягнула сотняў градусаў Цэльсія (дакладныя ацэнкі ў справаздачах адрозніваюцца). Метылізацыянат выпараўся, утвараў іншыя таксічныя злучэнні, распадаўся да цыяністага вадароду (сінільнай кіслаты).
Выключыць сірэну!
Каля 00.40 адзін з рабочых нарэшце пайшоў праверыць сховішча МІЦ і знайсці невялікую, як тады думалі, уцечку. Стоячы на бетоннай шапцы над трыма цыстэрнамі, Суман Дэй адчуў, што бетон гарачы. Раптам паверхня пад ім затрэслася, загрымела — нібы ён стаяў на вечку катла, які кіпіць. Суман пабег прэч і пачуў за сабой гучны гук. Павярнуўшыся, ён убачыў, як пласт бетону таўшчынёй сантыметраў на 15 трэснуў. Адтуль паваліў жар як з печы. Крыху пазней цыстэрну выпхне з бетоннага ложа.
Тут Суман пачуў яшчэ адзін гук — цяпер шыпенне. Зірнуўшы ў яго бок, ён убачыў, як з высокай трубы, злучанай з рэзервуарам, вырываецца газ і ўтварае белае воблака. Яно праносіцца над заводам і рухаецца ў бок жылых кварталаў.
Хтосьці з рабочых завода ўключыў аварыйную сігналізацыю. Яна запусціла дзве сірэны — заводскую і для навакольнага насельніцтва. Другую адразу адключылі: кіраўніцтва завода заўсёды было супраць паведамлення жыхарам пра «неістотныя ўцечкі» — не хацела падымаць шум.
Рабочыя пачалі бегчы з завода, ведаючы толькі адну інструкцыю — рухацца супраць кірунку ветру. Праўда, толку ад яе было мала: брама на выхад была ўсяго адна, многім давялося штурмаваць бетонны плот вышынёй 2,5 метра.
У 2023 годзе Netflix выпусціў міні-серыял «Чыгуначнікі: нерасказаная гісторыя Бхапала 1984-га» (The Railway Men: The Untold Story of Bhopal 1984). Гэта індыйская мастацкая карціна з чатырох эпізодаў. Фільм даволі дакладна, моцна і з увагай да дэталяў паказвае карціну катастрофы і трагедыю жыхароў горада. На стрымінгавым сэрвісе яго можна паглядзець на хіндзі ці англійскай з субтытрамі — напрыклад, на англійскай, нямецкай, украінскай і польскай мовах.
Смяротныя ўцёкі
Таксічны газ з ванітным пахам варанай капусты ўсё вырываўся з трубы завода і, знесены ветрам на паўднёвы ўсход, каля гадзіны ночы ахутаў цэнтральную частку соннага горада.
Кантактуючы з чалавекам, МІЦ дзейнічае як хімічная зброя. Ён раствараецца ў слёзнай вадкасці і слізістых абалонках, выклікаючы хімічны апёк. Трапляючы ў лёгкія, раз’ядае іх знутры — чалавек літаральна захлынаецца вадкасцю, што вылучаецца пры гэтым. А паколькі гэты газ цяжэйшы за паветра, ён сцелецца па зямлі шчыльным туманам. Пры высокай яго канцэнтрацыі ўцячы немагчыма — дастаткова некалькіх удыхаў, каб атрымаць смяротнае атручанне. І ніякага супрацьяддзя няма.
Першымі ахвярамі сталі жыхары трушчобаў, размешчаных амаль ушчыльную да завода. Найбяднейшыя раёны прынялі на сябе асноўны ўдар. Людзі прачыналіся ад удушша і палення ў вачах. Хтосьці паміраў, нават не паспеўшы прачнуцца, — і ў нейкім сэнсе ім пашанцавала. Бо лёс многіх іншых быў значна больш жудасны.
Пачалася паніка. Ніхто не ведаў, што адбываецца і куды бегчы. Людзі несліся ў розныя бакі, цягнучы за сабою дзяцей. Паток вырываў малых з рук бацькоў. Але вельмі хутка станавілася ўсё роўна.
Некаторыя здагадаліся закрыць рот і нос хаця б мокрымі павязкамі, але і гэта дапамагала ненадоўга. Людзі слеплі, газ выпальваў іх вочы і лёгкія, пашкоджваў нервовую сістэму. Іх разрываў кашаль і некантраляваныя ваніты, яны валіліся проста на зямлю, страчваючы кантроль над целам, біліся ў канвульсіях, патанаючы ва ўласных вадкасцях. Тых, хто ўпаў, ніхто не падхопліваў, і іх затоптвалі іншыя. Усе караскаліся адно на аднаго, нават каровы беглі, спрабуючы выратаваць свае жыцці, і душылі людзей на бягу.
Мама Рэханы Бі (мы згадвалі яе ў пачатку тэксту) была цяжарная. З васьмімесячным жыватом бегчы ёй было цяжка, і далёка сям’я не ўцякла — ад безвыходнасці яны праседзелі на ўзбочыне ўсю ноч. Да канца дня бацькі і трохгадовы брат Рэханы памерлі. Плод у жываце памерлай варушыўся да наступнай раніцы. У іншых цяжарных міжвольныя роды маглі пачацца проста на бягу — і гэтыя дзеці, як і іх маці, былі асуджаныя.
Некаторым удавалася выжыць. Санджай Верма была немаўлём падчас аварыі. Амаль уся яе сям’я загінула, але старэйшыя брат і сястра выратавалі дзяўчынку. Калі яны беглі, натоўп раздзяліў іх з братам. Той страціў прытомнасць. Ачуўшыся на наступны дзень, юнак знайшоў сябе ў грузавіку сярод целаў загінулых. Яго ледзь не скінулі ў раку за 20 міляў ад горада — а маглі і спаліць, але не хапала дроваў для крэмацыі. Іншы жыхар горада ачуўся ўжо ў моргу з абмарожанымі пальцамі.

«Усё ў парадку»
Пра тое, што адбываецца ў горадзе, даведаліся ў паліцыі і тэлефанавалі на завод тройчы паміж 01.25 і 02.10, задаючы пытанне пра ўцечку газу. Два разы іх запэўнівалі, што ўсё ў парадку, а на трэці сказалі: «Мы не ведаем, што здарылася», — і кінулі слухаўку.
Прыкладна да дзвюх гадзін ночы цыстэрна спустошылася. У гэты ж час завод нарэшце ўключыў вонкавую сірэну і гучнагаварыцелі. Прадстаўнік прадпрыемства ўпершыню пацвердзіў паліцыі, што адбылася ўцечка, але заявіў, што яна ўжо «ліквідаваная».
На практыцы гэта значыла, што былі выкінутыя ў паветра каля 40 тон метылізацыянату і іншых утвораных у рэакцыях таксічных рэчываў. Дакладны склад воблака невядомы дагэтуль, бо кампанія не раскрыла інфармацыі; але там, прынамсі, утрымліваліся таксама сінільная кіслата (цыяністы вадарод), фасген (тая самая хімічная зброя часоў Першай сусветнай вайны), хлорысты вадарод, метыламін, аксіды азоту, чадны газ.
Да раніцы атрутнае воблака развеялася. У раёнах, да якіх дабраўся газ, паводле афіцыйных звестак, жыло 520 000 чалавек, у тым ліку 200 000 дзяцей. Вуліцы былі запоўненыя тысячамі трупаў — не толькі людзей, але і жывёл: ад сабак да быкоў. Дрэвы пажоўклі і абляцелі, як пасля восеньскага лістападу. У горадзе пачаліся перабоі з харчаваннем: пастаўшчыкі баяліся ехаць у заражаную зону. Улады выпусцілі афіцыйныя заявы, што паветра, вада, расліннасць і прадукты харчавання бяспечныя. Забаранілі толькі лавіць рыбу.
«Прамывайце вадой»
У 900-тысячным на той момант Бхапале былі ўсяго дзве невялікія дзяржбальніцы. У ноч аварыі іх запаланілі тысячы людзей. У пацыентаў былі курчы і канвульсіі, удушша, сінія вусны, ішла пена з рота. Падчас праслухоўвання стэтаскопам дактары чулі булькатлівыя хрыпы ў лёгкіх. Іншымі сімптомамі былі слепата, раздражненне скуры, спазмы страваводу і кішэчніка. А яшчэ разгубленасць і амнезія. Некаторыя паводзіліся як вар’яты. Былі выпадкі частковага паралічу. За першыя два дні шпіталі з сумарнай ёмістасцю каля 1800 месцаў прынялі каля 50 000 пацыентаў.
Дактары Бхапала ніколі не сутыкаліся з такой сітуацыяй, у іх не было досведу барацьбы з прамысловымі катастрофамі. Яны не ведалі сімптомаў атручання метылізацыянатам і паняцця не мелі, з якім наогул таксінам маюць дачыненне.
Першай версіяй дактароў быў аміяк, потым — фасген. На заводзе Union Carbide доўгія гадзіны адмаўляліся выдаваць хоць якую інфармацыю, баючыся сказаць нешта, не зацверджанае мацярынскай кампаніяй у ЗША. А там была нядзеля. Урэшце шпіталям перадалі, што таксін — гэта МІЦ (там ніколі не чулі такога слова, не ведалі, што рабіць, і не мелі антыдоту).
Раніцай медыкі Union Carbide адказалі на званкі з бальніц, што метылізацыянат не смяротны — гэта нешта накшталт слезацечнага газу, і пацыентам трэба проста прамываць вочы вадой. А на той час ужо самі дактары атрымлівалі пашкоджанні ад кантакту з таксінам на целах і вопратцы пацыентаў. Адзін з інтэрнаў памёр пасля выратавання дзіцяці, зрабіўшы яму штучнае дыханне.
Расстаноўка прыярытэтаў
Каб зразумець, як наогул стала магчымая катастрофа такіх маштабаў, трэба вярнуцца на некалькі гадоў таму. Завод у Бхапале быў пабудаваны ў 1969 годзе як сімвал «Зялёнай рэвалюцыі» — амбіцыйнай праграмы прэм’ер-міністаркі Індзіры Гандзі па мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі краіны. Высокаўраджайныя гатункі патрабавалі больш пестыцыдаў, і амерыканская Union Carbide убачыла ў гэтым выдатную магчымасць для бізнесу.
Завод у Бхапале быў пабудаваны на вобраз і падабенства амерыканскага завода Union Carbide у Вірджыніі. Вось толькі Індыя не ЗША. І ўладальнікі ставіліся да прадпрыемства адпаведна, імкнучыся атрымаць максімум і ігнаруючы рызыкі. У краіне, якая развіваецца, паводзіцца так было прасцей.
Фабрыку ўзвялі ўсяго за два кіламетры ад цэнтра горада, хоць нават тагачасныя нормы патрабавалі размяшчаць небяспечныя вытворчасці на ўскраіне, каб вецер зносіў магчымыя выкіды прэч ад жылых раёнаў. Але нашмат страшнейшым было рашэнне захоўваць велізарныя аб’ёмы смяротна небяспечнага МІЦ. Калі завод праектавалі, яго кіраўнік, аргенцінец Эдуард Муньяс, прапаноўваў выкарыстоўваць толькі невялікія ёмістасці, як гэта рабілі ў Японіі ці пазней пачалі рабіць у ЗША. Рэчыва можна было не захоўваць на заводзе зусім, і першыя гады так і рабілі: яго пастаўлялі ў невялікіх аб’ёмах і адразу пускалі ў вытворчасць. Але потым з меркаванняў выгады вырашылі вырабляць самі. Зноў жа, можна было наогул не захоўваць небяспечны МІЦ: тэхналогія дазваляла сінтэзаваць яго і ў тым самым цыкле рабіць з яго «Севін». Але амерыканскае кіраўніцтва настаяла на будаўніцтве вялізнага сховішча.
Да пачатку 1980-х гадоў мары пра звышпрыбыткі развеяліся. Пасля некалькіх неўраджайных гадоў індыйскія фермеры проста не маглі дазволіць сабе амерыканскія пестыцыды. Завод працаваў у страту, і карпарацыя пачала рыхтаваць яго да продажу. А пакуль — эканоміла на ўсім. Скарацілі персанал — з тысячы да 642 чалавек. Дасведчаных інжынераў замянілі на некваліфікаваных рабочых, якія часта нават не разумелі англійскай мовы інструкцый. Цякучка ў небяспечным цэху МІЦ дасягала 80%. Пачаткоўцы атрымлівалі мінімальны інструктаж. Многія нават не ведалі, наколькі небяспечны метылізацыянат, — думалі, што ён можа толькі раздражняць вочы.
Цягам трох гадоў перад катастрофай здарылася пяць сур’ёзных інцыдэнтаў з уцечкамі, у прыватнасці, МІЦ і фасгену. Адзін рабочы загінуў, дзясяткі пацярпелі. Прафсаюзы з 1976 года білі трывогу. У 1982-м па горадзе развесілі плакаты: «Асцярожна — смяротныя аварыі! Жыцці тысячаў у небяспецы!»
«Патэнцыйная небяспека выкіду таксічных рэчываў… Недахопы ў абслугоўванні ахоўных клапанаў… Праблемы праз высокую цякучку персаналу…» — пісалі амерыканскія інспектары ў справаздачы пасля праверкі завода ў траўні 1982 года. Але кіраўніцтва UC у ЗША абмежавалася фармальнымі рэкамендацыямі. За два з паловай гады да катастрофы больш ніхто не прыязджаў правяраць, ці выпраўленыя парушэнні. Марнаваць грошы на рамонт і замену абсталявання на стратным заводзе ніхто не хацеў.
У выніку здарылася тое, што здарылася: не разумеючы тэхналогіі і не ведаючы пра небяспеку, работнікі пусцілі ваду іржавымі трубамі з пашкоджанымі ахоўнымі клапанамі, а калі ў рэзервуары з МІЦ пачалася рэакцыя, не надавалі значэння паказанням датчыкаў.
Прадпрыемства мела чатыры асноўныя сістэмы бяспекі для перадухілення і нейтралізацыі магчымага выкіду метылізацыянату. Кожная з іх магла выратаваць тысячы жыццяў. Але да снежня 1984 года тры з іх не працавалі, чацвёртая была неэфектыўная.
Халадзільная ўстаноўка падтрымлівала тэмпературу ў рэзервуарах з МІЦ ніжэй за пункт кіпення — гэта перадухіляла выпарэнне і зніжала рызыку некантраляваных рэакцый. У чэрвені 1984 года яе адключылі дзеля эканоміі, фрэон злілі.
Скрубер (газапрамывальнік) мусіў нейтралізаваць любыя ўцечкі таксічнага газу растворам каўстычнай соды. Але яго выключылі ў кастрычніку, палічыўшы непатрэбным, бо завод у той перыяд толькі захоўваў МІЦ, але не вырабляў яго. Да таго ж зламаўся датчык падачы шчолачы, і ніхто не мог праверыць, ці працуе сістэма наогул. Зрэшты, скрубер не выратаваў бы горада: ён мог нейтралізаваць 1,5 кг газу за хвіліну пры ціску, не вышэйшым за 1 атмасферу. У ноч катастрофы газ ішоў патокам 200−400 кг за хвіліну пры ціску каля 12 атмасфер і тэмпературы звыш 200 °C.
Трэцяй сістэмай была факельная вежа для спальвання газаў. Яе таксама адключылі ў кастрычніку, каб замяніць праржавелую трубу, якая да яе вяла. Але да снежня трубу так і не паставілі, і падчас уцечкі газ пайшоў наўпрост у неба. Але нават калі б вежа працавала, падчас спробы спаліць такі магутны паток газу высокай была рызыка выбуху, які разбурыў бы трубаправоды і выпусціў яшчэ больш МІЦ.
Апошнім рубяжом абароны была вадзяная заслона — распыляльнікі для «збівання» газавага воблака. У тую ноч рабочыя ўключылі іх, нягледзячы на заржавелыя вентылі. Але напор аказаўся занадта слабым — струмені не даставалі да ўзроўню уцечкі. Яшчэ ў 1982 годзе амерыканскія інспектары рэкамендавалі паставіць больш магутную сістэму, але гэтага не зрабілі.
Union Carbide спрабавала спісаць аварыю на сабатаж. Але ўсе незалежныя ад кампаніі расследаванні паказалі: вінаватая была сістэмная эканомія на бяспецы, памножаная на злачынную бестурботнасць. На заводзе не было нават плана абароны насельніцтва.
Як адзначаецца ў справаздачы па выніках расследавання міжнародных прафсаюзаў, бхапальскую катастрофу можна было перадухіліць. Але для гэтага трэба было думаць пра людзей больш, чым пра прыбытак.
Найбуйнейшая ў гісторыі
Маштаб трагедыі на месцы быў зразумелы адразу, але рэгістрацыя фактаў смерці ў мітусні амаль не вялася.

У першыя тыдні пасля аварыі два дзясяткі шпіталяў прынялі 170 тысяч пацыентаў з сімптомамі атручання газам, у тым ліку 10,7 тысячы з сур’ёзнымі траўмамі.
Першыя афіцыйныя звесткі пра колькасць ахвяр з’явіліся ў студзені: улады Індыі паведамілі пра больш чым 1400 загінулых. Да 1991 года лічбу скарэктавалі да 3800 памерлых і 11 000 тых, хто атрымаў інваліднасць. Менавіта гэтыя лічбы прызнае Union Carbide.
Але муніцыпальныя работнікі, што сваімі рукамі грузілі целы на грузавікі для пахавання ў брацкіх магілах, кажуць не менш чым пра 15 000 загінулых. Актывісты, якія падлічылі колькасць прададзеных у горадзе пахавальных саванаў, сцвярджаюць: толькі за першы тыдзень памерла каля 8000 чалавек.
Індыйская рада медыцынскіх даследаванняў ацэньвае колькасць загінулых у тую ноч у восем-дзесяць тысяч чалавек, а да 1994 года ад наступстваў атручання памерла ўжо больш за 25 000. Amnesty International называе лічбу ў 22 000 загінулых.

Дакладная колькасць загінулых у бхапальскай катастрофе невядомая і ніколі не зможа быць падлічаная. Але ў адным усе крыніцы згаджаюцца: гэта самая смяротная прамысловая катастрофа ў гісторыі чалавецтва.
Аднак які сэнс у дакладным падліку загінулых, калі людзі працягваюць паміраць дагэтуль?
Удар на пакаленні наперад
«Пашанцавала тым, хто памёр у тую ноч. Няшчасныя — гэта тыя, хто выжыў», — кажа Рашыда Бі, што страціла пяцярых сваякоў, якія памерлі ад раку пасля атручання газам. Яе словы гучаць страшна, але праўдзіва: катастрофа ў Бхапале не скончылася раніцай 3 снежня 1984 года. Яна доўжыцца дагэтуль.
Сёння, праз 40 гадоў, паводле розных ацэнак, каля 120−150 тысяч жыхароў Бхапала па-ранейшаму пакутуюць ад наступстваў атручання. У выжылых — слепата, цяжкія захворванні лёгкіх, нервовай сістэмы, апорна-рухальнага апарата. Частата раку ў іх у дзесяць разоў вышэйшая за сярэдні паказчык.
Але самае жудаснае — гэта ўплыў на рэпрадуктыўную функцыю і пашкоджанні ДНК, якія выяўляюцца пасля нараджэння дзяцей нават праз дзесяцігоддзі.
Паводле даследавання за 1987 год, у першыя месяцы пасля трагедыі ў 43% цяжарных жанчын, якія жылі за кіламетр ад завода, адбыліся выкідкі. З тых дзяцей, што нарадзіліся, 14% памерлі ў першы месяц жыцця — у пяць разоў больш, чым звычайна. Даследаванне 2016 года паказала: у жанчын, якія перажылі катастрофу, і нават у іх дачок рызыка нараджэння дзяцей з прыроджанымі анамаліямі ў сем разоў вышэйшая за звычайную.

Сярод нованароджаных сустракаюцца найцяжэйшыя дэфекты: расшчапленне паднябення, дэфармацыя чэрапа, анамаліі канцавін і полавых органаў. Ёсць выпадкі нараджэння з адным вокам пасярод ілба. І іншыя: дзяўчынка з нагой у пяць разоў большай за другую, немаўляты з пальцамі, што растуць проста з плячэй, з чэрапам, разадзьмутым да велізарных памераў. У многіх немаўлятаў дыягнастуюць сіндром Даўна.
А яшчэ — агрэсіўныя формы раку ў маленькіх дзяцей. У 2001 годзе рэпарцёр апісваў убачаныя ў анкалагічнай бальніцы Бхапала фатаграфіі пацыентаў з рэтынабластыномай — злаякаснай пухлінай сятчаткі вока. Яна жахліва дэфармавала палову твару, ператвараючы яго ў падабенства маскі — распухлае, скрыўленае вока было аблямаванае запаленай тканкай. Ніводнаму з гэтых дзяцей не было яшчэ шасці гадоў. На некаторых здымках асабліва жудасна выглядаў кантраст: адна палова твару заставалася дзіцячай, некранутай, а другая была знявечаная хваробай. На адной з фатаграфій немаўля ўсяго некалькіх месяцаў ад роду было схаванае за дзвюма такімі пухлінамі.
Эфект ад катастрофы быў настолькі вялікім, што адбіўся на жыццях сотняў тысяч чалавек. У даследаванні 2022 года амерыканскія навукоўцы прааналізавалі розную агульнаіндыйскую статыстыку за 1985 год і знайшлі шмат адхіленняў ад звычайнай карціны. У тым годзе ў цяжарных значна часцей здараліся выкідкі, прычым у большасці выпадкаў яны насілі хлопчыкаў (суадносіцца з ранейшымі даследаваннямі пра тое, што хлопчыкі ва ўлонні больш ўразлівыя перад любымі шкоднымі вонкавымі ўздзеяннямі).
Сярод хлопчыкаў, якія ўсё ж нарадзіліся ў тым годзе, былі статыстычныя адрозненні ў дарослым узросце ў параўнанні з тымі, хто на год старэйшы або маладзейшы: горшае здароўе, часцейшыя рак і інваліднасць, як вынік — у сярэднім на два гады меншая працягласць навучання, ніжэйшая занятасць. Таксама выявілася, што негатыўныя эфекты аварыі не абмяжоўваюцца радыусам 5 км ад завода (звычайна на гэтай тэрыторыі засяроджваліся ўсе даследаванні і лічбы), а прыкметныя ў радыусе 100 км.
Таксічная безвыходнасць
Але не толькі газавае воблака той ночы атруціла жыццё дзясяткам тысячам бхапальцаў.
Усе 15 гадоў да катастрофы Union Carbide скідвала таксічныя адходы ў адкрытыя сажалкі проста на тэрыторыі завода. Тысячы тон пестыцыдаў, растваральнікаў і хімічных каталізатараў усмакталіся ў глебу. Мусонныя дажджы размывалі атрутныя сажалкі, і таксіны праніклі ў грунтовыя воды. Ужо ў 1980 годзе былі паведамленні пра гібель быдла, якое піло з мясцовых вадаёмаў.
А пасля трагедыі завод проста закінулі. Тоны небяспечных хімікатаў засталіся раскіданымі па тэрыторыі, побач засталіся высыхаць сажалкі-выпаральнікі з вадкімі адходамі. Union Carbide правяла ў 1989 годзе сакрэтныя аналізы глебы і вады. Вынікі былі жахлівымі: вада была настолькі таксічнай, што імгненна забівала паддоследных рыб. Многія пробы былі ўзятыя проста ля заводскай сцяны — а з іншага яе боку людзі бралі ваду з калодзежаў. Кампанія схавала гэтыя звесткі. Жыхароў ніяк не папярэдзілі, што ўся мясцовасць атручаная і небяспечная.
Праз дзесяць гадоў, у 1999-м, даследаванне Greenpeace выявіла ў глебе і вадзе вакол завода цяжкія металы, хлорарганічныя злучэнні, пестыцыды — высокатаксічныя рэчывы, якія назапашваюцца ў арганізме. А ў 2002 годзе ртуць і іншыя яды знайшлі ў грудным малацэ жанчын, што жылі побач з заводам. Забруджанне распаўсюдзілася нашмат далей, чым лічылася раней: яго сляды знаходзяць у радыусе 3,5 км ад завода.
Нягледзячы на рашэнне Вярхоўнага суда Індыі 2004 года пра забяспечанне насельніцтва чыстай вадой, людзі дагэтуль вымушаныя піць атручаную, бо той, што часам прывозяць вадавозкі, не хапае. Пераехаць мясцовым жыхарам няма куды: яны занадта бедныя. На высахлых таксічных сажалках, дзе ў зямлі дагэтуль знаходзяць ртуць і іншыя яды, іх дзеці гуляюць у крыкет.
За сорак гадоў ніхто так і не ўзяўся сур’ёзна за ачышчэнне тэрыторыі. Union Carbide праводзіла толькі сімвалічныя спробы — ды і тыя спыніліся ў 1994 годзе, калі кампанія прадала сваю індыйскую «дачку». У 1998 годзе штат Мадх’я-Прадэш забраў тэрыторыю завода ва ўласнасць, паабяцаўшы заняцца яе рэабілітацыяй. Але далей за абяцанні не пайшло.
Два гады «турмы» праз чвэрць стагоддзя
Праз чатыры дні пасля катастрофы, 7 снежня 1984 года, старшыня Union Carbide Уорэн Андэрсан прыляцеў з ЗША ў Бхапал. Ён выйшаў з самалёта з супрацьгазам у руцэ — нібы турыст з фотаапаратам. Ля трапа яго арыштавалі. «Ён не прадэманстраваў нават найменшага раскаяння ці спачування, — успамінаў пазней кіраўнік гарадской адміністрацыі Моці Сінгх. — Толькі халодную цікаўнасць. Пытаў пра кірунак ветру, хацеў агледзець завод — нібыта вывучаў маштаб учыненых разбурэнняў».
Андэрсана змясцілі пад арышт у пансіянаце кампаніі, і ён пачаў рабіць званкі. Ужо праз некалькі гадзін прыйшоў загад ад кіраўніцтва штата: неадкладна вызваліць бізнесоўца і пасадзіць на ўрадавы самалёт да Дэлі. Адтуль ён паляцеў у Штаты і ўжо ніколі не вярнуўся ў Індыю, ігнаруючы ўсе спробы індыйскага правасуддзя прыцягнуць яго да адказнасці. ЗША адмовіліся яго выдаваць. Андэрсан памёр у 2014 годзе ва ўзросце 92 гадоў, так і не паўстаўшы перад судом.
У 1989 годзе Union Carbide заключыла ўгоду з урадам Індыі. Як пазней высветлілася, не абышлося без уплыву Генры Кісінджэра — былы дзяржсакратар ЗША, а цяпер дарадца карпарацыі націснуў праз індыйскіх прамыслоўцаў на прэм’ер-міністра Раджыва Гандзі. З ахвярамі ніхто не раіўся, больш за тое, урад Індыі абвясціў сябе адзіным іх прадстаўніком у судах па катастрофе як у краіне, так і за мяжой, і людзі не змаглі падаць персанальныя пазовы ў суд ЗША. У межах угоды ў абмен на зняцце прэтэнзій кампанія пагадзілася выплаціць 470 мільёнаў даляраў — у сярэднім 500 даляраў на пацярпелага.
Для параўнання: былым сваім рабочым у ЗША, пацярпелым ад вытворчасці азбесту, які аказаўся таксічным, тая ж Union Carbide плаціла згодна з прысудамі сотні тысяч і мільёны даляраў.
Пад крымінальны суд трапілі толькі восем індыйскіх менеджараў завода. У 2010 годзе ім вынеслі прысуд (аднаму пасмяротна) — па два гады турмы за прывядзенне да смерці па неасцярожнасці. Усіх тут жа выпусцілі пад заклад. Некаторыя нават пасля суда сцвярджалі, што ў катастрофе вінаваты сабатаж.
У 2001 годзе Union Carbide паглынуў хімічны гігант Dow Chemical за 11,6 мільярда даляраў — гэта ў 25 разоў больш за суму кампенсацыі ахвярам Бхапала. Новы ўладальнік з таго часу паводзіўся так, нібыта купіў актывы, але не абавязанні UC. Ніякіх дадатковых выплат, ніякага ачышчэння тэрыторыі.
Ці скончыцца гэта?
Актывісты з ліку тых, хто выжыў, і сёння ездзяць па свеце, расказваюць пра сваю трагедыю, падаюць скаргі ў суды, СААЗ, ААН, арганізоўваюць дэманстрацыі, страйкі седзячы, галадоўкі і маршы, спрабуючы дабіцца справядлівасці.
«Катастрофа працягвае забіваць і рабіць інвалідамі новыя пакаленні, а вінаватыя ў гэтым працягваюць атрымліваць асалоду ад шчаслівага і багатага жыцця. Карпарацыі, якія ўчынілі генацыд у Бхапале, працягваюць весці бізнес як звычайна», — сказала адна з актывістак падчас выступу ў Школе грамадскай аховы здароўя Гарварда ў верасні 2024 года.
Разам з ёю выступалі дзве жанчыны, якія былі маленькімі дзецьмі ў момант аварыі: Фархат Джахан і Баці Бай Раяк. Маці тады схапіла пяцімесячную Джахан на рукі, бацька — яшчэ дваіх дзяцей, яны выбеглі з дому, згубіўшы адно аднаго па дарозе. Джахан з мамай праседзелі ноч у парку. Уся сям’я выжыла. Але ў маці — фіброз лёгкіх, у абедзвюх сясцёр, якім было тады два гады, хранічная ныркавая недастатковасць, адна пастаянна ходзіць на дыяліз, другая памерла ў 24 гады ад гэтай жа хваробы, пакінуўшы дзвюх дачок, з якіх адна нарадзілася з сур’ёзнымі дэфектамі.
Раяк у дзень аварыі было чатыры гады. Яе сям’я не стала ўцякаць, а ўсю ноч хавалася дома на падлозе, накрыўшыся мокрай коўдрай: зрабіць так у выпадку аварыі з хімікатамі ім калісьці параіў дзядзька, які працаваў на заводзе Union Carbide. Родныя дзяўчыны моцна пацярпелі, бацькі не маглі працаваць, і ў восьмым класе ёй давялося кінуць школу, каб зарабляць грошы. Яе старэйшы брат пасля аварыі пачаў кепска бачыць і загінуў у 15 гадоў ад удару токам падчас рамонту нейкай прылады.
Справядлівасць для іх так і не перамагла, як і для дзясяткаў тысяч іншых. Большасць дагэтуль не прызнаная пацярпелымі, медыя працягваюць дзяжурна тыражаваць лічбу ў 3800 загінулых. Ні адно дзіця, што нарадзілася пасля трагедыі з прыроджанымі дэфектамі, тым больш не атрымала кампенсацыі. За другую, экалагічную, катастрофу, якая расцягнулася на дзесяцігоддзі, адказнасці не прызнаў ніхто. Велізарная тэрыторыя пасярод Бхапала наўрад ці калі-небудзь будзе ачышчаная: гэта запатрабуе мільярдаў даляраў, ды і вывозіць таксічныя адходы, па сутнасці, няма куды.
Вядома, гэтая трагедыя стала ўрокам для прадпрыемстваў у хімічнай сферы, нейкія працэсы сталі бяспечнейшыя — але не больш за тое. Не прайшло і паўтара года, як у іншай частцы свету адбылася новая «рэкордная» тэхнагенная катастрофа — выбухнуў рэактар у Чарнобылі. Хоць прычыны былі іншымі, абодва выпадкі радніць злавесны ланцужок: сістэмныя праблемы з бяспекай, ігнараванне трывожных сігналаў, спробы схаваць маштаб бедства ў першыя гадзіны. За пралікі і халатнасць кіраўніцтва заплацілі мясцовыя жыхары, рабочыя, ратавальнікі і іх сем'і. І ў абодвух выпадках наступствы атручваюць жыцці людзей дзесяцігоддзямі.
Але калі Чарнобыль прывёў да радыкальнага перагляду падыходаў да ядзернай бяспекі, то гісторыя Бхапала так і не навучыла свет галоўнаму — ставіць чалавечыя жыцці вышэй за прыбытак, імідж і страх адказнасці перад начальствам.
Чытайце таксама


