Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Мама или бабушка увлекаются «сердечными каплями»? Корвалол таит в себе ряд опасностей и запрещен в США — перескажите близким этот текст
  2. The Washington Post: Администрация Трампа рассматривает остановку военной помощи Украине
  3. Названы победители антипремии «Золотая малина». Худшим признано супергеройское кино
  4. Минский школьник вел дневник во время Второй мировой. Он описал жизнь под оккупацией — вряд ли вы так ее себе представляли
  5. Зеленский опубликовал большое заявление после встречи с Трампом: «Нам нужны гарантии безопасности, а не просто прекращение огня»
  6. «Мы сейчас переживаем огромное историческое унижение». Светлана Алексиевич встретилась с беларусами — рассказываем главное
  7. Как выглядят обложки мировых газет после исторической перепалки Трампа и Зеленского (беларусские вас не удивят)
  8. Причиной недавнего отключения отопления в Мозыре стал беспилотник, залетевший в Беларусь во время российской атаки Украины, — «Флагшток»
  9. Госсекретарь США заявил, что Зеленский должен извиниться за то, что «превратил переговоры в фиаско»
  10. СМИ сообщили, что США готовы прекратить помощь Украине. Эксперты рассказали о последствиях — они очень печальные
  11. Что произошло после того, как из Белого дома перестали вести трансляцию. В чем признался советник Трампа
Читать по-русски


З Беларусі ў Расію сёння ідзе не толькі раскансерваваная ваенная тэхніка. Адпраўляюць сваю прадукцыю ў суседнюю краіну і некаторыя беларускія прадпрыемствы ваенна-абароннага комплексу. Супрацоўнікі гэтых кампаній расказалі «Зеркалу» пра загрузку іх вытворчасцяў, рабочыя змены, свае заробкі і «плюшкі». Яны таксама выказаліся пра тое, як гэта — разумець, што ўдзельнічаеш у вытворчасці сродкаў, з дапамогай якіх могуць забіваць людзей.

Производственный цех НПО "Агат", Минск, 31 января 2020 года. Фото: TUT.BY
Вытворчы цэх НВА «Агат», Мінск, 31 студзеня 2020 года. Фота: TUT.BY

«Людзей цяпер шукаюць і набіраюць вельмі актыўна»

Глеб (імёны герояў артыкула змененыя па іх просьбе) працуе інжынерам на прадпрыемстве ваенна-прамысловага комплексу «Пеленг». Мужчына кажа, што заробкі на іх прадпрыемстве нядрэнныя. Паводле яго словаў, сярэдні заробак — каля 2400 рублёў. За апошнія паўтара года аклад у іх падымалі тры разы, кожны раз — на 10%, апошні раз — у пачатку кастрычніка. Таксама работнікаў прэміруюць да святаў, напрыклад, да Дня машынабудаўнікоў (яго адзначалі 25 верасня) выплацілі па 200 рублёў. Але супрацоўнікаў просяць выходзіць звыш нормы ў выходныя. Пры гэтым вытворчасць працуе ў тры змены, а зборка — у дзве.

На сайце прадпрыемства размешчаныя некалькі вакансій. Да прыкладу, шліфоўшчыку аптычных дэталяў шостага разраду гатовыя плаціць зарплату ў 4000 рублёў. Наймальнік абяцае выплаціць пры працаўладкаванні «прывітальны бонус «- таксама 4000 рублёў, яго мусяць выплаціць цягам пяці рабочых дзён пасля працаўладкавання. Оптыку шостага разраду гатовыя плаціць зарплату ў 3500 рублёў, а таксама выплаціць такі ж разавы бонус пры працаўладкаванні.

— У нас вельмі вялікі заказ на выраб сістэм прыцэлаў для танкаў і бронетэхнікі. Ёсць такі прыцэл наводчыка «Сасна-У». І амаль усё ідзе ў Расію. Таксама мы рамантуем прыцэлы, але гэтым яшчэ займаюцца на БелОМА, — расказаў Глеб пра загрузку на прадпрыемстве.

Па словах суразмоўцы, іх прадпрыемства пашыраецца, хутка мусіць адкрыцца новы корпус. А нядаўна з’явіўся новы аддзел — «авіяцыйныя сістэмы», туды цяпер шукаюць супрацоўнікаў. Глеб мяркуе, што праца там, магчыма, будзе звязаная з беспілотнікамі.

Производственные цеха ОАО "Пеленг" Фото: facebook - аккаунт ОАО "Пеленг".
Вытворчыя цэхі ААТ «Пеленг» Фота: facebook-акаўнт ААТ «Пеленг».

— Наогул, людзей цяпер шукаюць і набіраюць вельмі актыўна. Здаецца, у планах набраць каля 200 чалавек. Вельмі патрэбныя наладчыкі станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем (ЛПК), на зборку патрабуюцца мантажнікі, слесары, оптыкі. У нас з 1 кастрычніка з’явілася праграма «Прывядзі сябра»: калі супрацоўнік уладкоўвае чалавека па дэфіцытнай праграме, то яму плацяць бонус ад разраду новага супрацоўніка. Напрыклад, за чацвёрты разрад — 320 рублёў, за пяты — 512 рублёў, за шосты — 1024 рубля.

Глеб кажа, што «Пеленг» — «дастаткова сучаснае» прадпрыемства, ён сапраўды атрымлівае веды і навыкі. На яго думку, інжынеры і канструктары кваліфікаваныя. Аднак вайна ва Украіне прымусіла некаторых супрацоўнікаў задумацца, «многім гэта (вайна. — Заўв. рэд.) не падабаецца, асабліва моладзі».

— Але частка людзей неадназначна ставіцца да таго, што адбываецца, маўляў, ЗША таксама вінаватыя. Усё ж Расія на нас зрабіла вялікі ўплыў, мы ж у асноўным на іх абаронку працуем. Туды было шмат камандзіровак: на выставы, семінары, мы часта кантактавалі з расіянамі. Ды і прапаганда добра працуе. Але людзі ўсё пераасэнсоўваюць, пачынаюць усведамляць, куды нас цягнуць. Асабіста я негатыўна стаўлюся да Расіі і вайны, праз падзеі ва Украіне адчуваю сябе не вельмі добра. Лічу, што мы самі сабе капаем яму, ствараем праблемы.

Вытворчасць мусіць працаваць кругласутачна, санкцыі не спыняць

Андрэй — яшчэ адзін супрацоўнік ААТ «Пеленг». Ён расказаў, што «адчувае сябе вельмі кепска праз тое, што іх фірма робіць заказы для арміі Расіі». Тым не менш працаваць там ён застаўся.

— Сваё рашэнне я буду апраўдваць тым, што працаваў дрэнна, неэфектыўна і наогул таемна страйкаваў, — кажа працаўнік.

Продукция ОАО "Пеленг" во время презентационной выставки Государственного военно-промышленного комитета Республики Беларусь, Минск, 29 января 2016 года. Фото: TUT.BY
Прадукцыя ААТ «Пеленг» падчас прэзентацыйнай выставы Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь, Мінск, 29 студзеня 2016 года. Фота: TUT.BY

Мужчына расказаў, што ў канцы верасня іх кіраўніцтва агучыла планы прадпрыемства на 2023 год, пры выкананні якіх кампанія дасягне «абсалютнага рэкорду». Згодна з дакладам кіраўніцтва (ён ёсць у распараджэнні рэдакцыі), «Пеленг» збіраецца выпусціць больш прадукцыі, напрыклад, па асноўных вырабах лічбы такія: вырабіць 600 прыцэлаў наводчыка «Сасна-У», 500 прыцэлаў «Дзень-Ноч», 200 прыцэльных комплексаў «Каліна». Для гэтага вытворчасць мусіць працаваць кругласутачна, адначасова заяўляецца, што санкцыі «Пеленг» не спыняць.

Інжынерам, канструктарам, тэхнолагам і іншым спецыялістам прапануюць сумяшчаць асноўную працу і дадатковую, вітаюцца і тыя, хто гатовы перайсці на новую працу ў цэхі.

«Разумею, што фактычна працую на вайну»

Васіль працуе на прадпрыемстве ваенна-абароннага комплексу «НТЦ «ЛЭМТ» БелОМА», якое вырабляе медыцынскае і аптычна-электроннае абсталяванне. На сайце прадпрыемства пра гэта мала інфармацыі, аднак суразмоўца адзначыў, што спектр ваеннага абсталявання вельмі шырокі: каліматарныя і аптычныя прыцэлы для стралковай зброі, цеплавізары, сістэмы назірання, сістэмы вызначэння балістыкі снарадаў і іншае.

Па словах Васіля, зарплаты супрацоўнікаў з розных аддзелаў адрозніваюцца. Заробак шмат у чым залежыць ад непасрэднага начальніка, хоць падчас яе разліку выкарыстоўваецца тарыфная сетка, а пры заключэнні працоўнай дамовы можна «выбіць» сабе большую зарплату.

— Агулам заробак — капейкі, інжынер з 10-гадовым стажам можа атрымаць на рукі ўсяго 1300 рублёў. Часам у сувязі з выкананнем кантракту на пастаўку могуць дадаткова прэміраваць аддзел, але гэта вялікая рэдкасць. У звычайных рабочых зарплата вышэйшая: калі высокі разрад, то толькі аклад можа быць 1600 рублёў плюс прэмія каля 300 рублёў. Ёсць прэміі да святаў.

Стенд холдинга "БелОМО" на 15-й Международной конференции и выставке оборонной промышленности IDEX 2021 в Абу-Даби, ОАЭ, 24 февраля 2021 года. Фото: facebook - аккаунт холдинга "БелОМО"
Стэнд холдынгу «БелОМА» на 15-й Міжнароднай канферэнцыі і выставе абароннай прамысловасці IDEX 2021 у Абу-Дабі, ААЭ, 24 лютага 2021 года. Фота: facebook-аккаўнт холдынгу «БелОМА»

Васіль кажа, што звышнармаваныя працы на прадпрыемстве ёсць, але прыцягваюць на іх, у асноўным, рабочых, такія працы аплачваюцца па павышаным тарыфе. Па словах супрацоўніка, інжынерам працаваць звыш нормы не мае сэнсу — гэтыя гадзіны ім кампенсуюць адгулам, а не грашыма.

— Па зарплаце ў параўнанні са сваімі суседзямі з «Пеленга» мы адназначна прайграем, — лічыць Васіль. — Пры гэтым у нас вельмі вузкі кірунак, усіх спецыялістаў з іншых фірмаў ведаем па імёнах. Часам іх спрабуюць перавабіць, але ў цэлым мы спраўляемся, хоць загрузка апошнім часам павялічаная.

Мужчына кажа, што яны выконваюць заказы краін Блізкага Усходу, ёсць заказы і для Расіі.

— Я разумею, што фактычна працую на вайну (з Украінай. — Заўв. рэд.), апасродкавана падтрымліваю забойствы тымі інструментамі, якія выпускае нашае прадпрыемства. Адчуваю за гэта віну, мне шчыра сорамна за сябе, за сваю краіну і тых асобаў, якія дапусцілі тое, што мы, беларусы, сталі ўдзельнікамі вайны. Хоць, вядома, гэта мала суцешыць людзей, якія страцілі сваіх родных.

«Толькі праз такія маральныя прынцыпы я не змагу сысці»

Арцём — рабочы на аптычным заводзе «Сфера» ММЗ імя Вавілава. Ён кажа, што заказаў апошнім часам стала вельмі шмат. Нядаўна на сходзе супрацоўнікам абвясцілі, што прадпрыемства не спраўляецца з выкананнем аб’ёму заказаў, таму іх вытворчасць даводзіцца адкладаць на наступны год.

— Вырабляем аптычныя прылады для рознага тыпу ўзбраенняў і тэхнікі. Асноўны наш пакупнік — Расія. Я не ведаю, ці ёсць пастаўкі прадукцыі канкрэтна для тэхнікі і ўзбраення для выкарыстання іх ва Украіне, але, думаю, так.

Арцём расказвае, што аплачваецца праца работнікаў па-рознаму — залежыць ад разраду супрацоўніка, выкананай колькасці заказаў (на прадпрыемстве здзельная аплата працы, больш вырабіш — большай будзе прэміяльная частка). Напрыклад, наш суразмоўца атрымлівае ад 1000 рублёў. Звыш нормы працаваць людзей ніхто не прымушае, калі толькі работнік сам праявіць ініцыятыву.

Фото: belomo.by
Фота: belomo.by

— Я адчуваю сябе цяпер цалкам спакойна. У палітыцы я нейтральны. Выконваю сваю працу, за якую мне плацяць, а што і дзе будзе ўсё гэта выкарыстоўвацца, мяне ўжо не хвалюе. Мне часта задавалі пытанні з разраду «ды як ты можаш працаваць там, дзе робяць тое, з дапамогай чаго забіваюць людзей». Гэта жыццё. Я вельмі спачуваю ўсім украінцам, але праз гэта не буду пазбаўляць сябе амаль адзінага месца ў краіне, дзе больш-менш стабільны і добры заробак. У мяне таксама ёсць сям’я, якую трэба ўтрымліваць, і толькі праз такія маральныя прынцыпы я не змагу сысці. Быў бы ў мяне іншы выбар — я б сышоў.

«Прынцыпова» не звязаныя з арміяй Расіі і Беларусі

Кампанія «Абаронныя ініцыятывы» займаецца распрацоўкай і вытворчасцю комплексаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) для самалётаў і верталётаў, таксама наземных комплексаў радыёэлектроннага прыкрыцця. Адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства, Дзяніс, паведаміў, што іх прадукцыя не пастаўлялася ў Расію і Беларусь, яны працуюць на «іншыя краіны, якія не ўдзельнічаюць у ваенным канфлікце» з Украінай.

— У нас няма работ звыш нормы, усё штатна. Актыўнага пошуку супрацоўнікаў цяпер не заўважана. Таму па заробках у нас усё як звычайна, — расказаў мужчына.

Беларус не сказаў, якія канкрэтна сумы атрымліваюць супрацоўнікі, адзначыў толькі, што заробак «крыху вышэйшы за рынак». Пры гэтым яны моцна залежаць ад пасады і вопыту.

Іван працуе на прадпрыемстве, якое ўваходзіць у Дзяржкамваенпрам Беларусі. Ён адзначыў, што іх прадукцыя ідзе на экспарт, яны «прынцыпова» не звязаныя з УС Расіі і Беларусі. Пры гэтым экспартная загрузка ў кампаніі добрая, вытворчасць працуе кругласутачна ў дзве змены.

— У нас усё добра, зарплаты захаваныя. Напрыклад, канструктар, у залежнасці ад яго ўменняў і кваліфікацыі, атрымлівае 2000−2500 рублёў. Новых вакансій няма, але гэта звязана з тым, што нам яны і не патрэбныя. Калі паўстае пытанне пра тое, што патрэбны чалавек, то супрацоўніка бяруць адразу.