ВУП Беларусі ў студзені-кастрычніку скараціўся на 4,7% да аналагічнага перыяду мінулага года, паведамляе Белстат. Месяц таму падзенне было на такім жа ўзроўні. Тым часам чыноўнікі стараюцца знаходзіць пазітыўныя моманты ў эканоміцы (прынамсі ў сваіх прагнозах).
ВУП за дзесяць месяцаў гэтага года склаў 159 млрд рублёў у цяперашніх цэнах.
На 2022 год быў запланаваны рост ВУП на 2,9% у дачыненні да 2021-га. Гэта прадугледжана прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на гэты год. Аднак планы вярсталіся ў канцы мінулага года, да пачатку вайны ва Украіне і наступных санкцыяй супраць Мінска з боку заходніх краін. Пры гэтым чыноўнікі яшчэ летась прагназавалі падзенне ВУП, нягледзячы на агучаныя прагнозы па яго росце.
У Мінэканомікі раней заяўлялі, што скарачэнне эканомікі звязваюць з перабудовай экспартных паставак і ссоўваннем тэрмінаў уборкі ўраджаю на 8−9 дзён. Рэальны сектар, паводле дадзеных ведамства, працягвае адаптавацца да цяперашніх умоваў, «што суправаджаецца „перакройваннем“ дзелавых сувязяў і бізнес-працэсаў».