У панядзелак, 21 лістапада, у тэлеграм-канале аб’яднання былых сілавікоў з’явілася паведамленне пра збор інфармацыі. Але які менавіта, не ўдакладняецца, фармулёўкі вельмі размытыя — «збор інфармацыі, здольнай аказаць дапамогу ў справе вяртання законнасці і правапарадку ў краіне, захавання яе незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, аднаўлення справядлівасці і роўнасці». Спыталі ў Аляксандра Азарава — прадстаўніка Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку.
«Любая крупінка інфармацыі можа стаць у выніку апошнім пазлам, здольным дапоўніць поўную карціну болевых пунктаў рэжыму і яго ўразлівасцяў», — гаворыцца ў паведамленні ад BYPOL.
Таксама аб’яднанне заяўляе, што гарантуе ананімнасць крыніцам інфармацыі і абавязваецца выкарыстоўваць яе «выключна ў мадыфікаваным выглядзе». Ніякай іншай канкрэтыкі няма.
— Гэта інфармацыя, якая датычыць усяго, што нам можа дапамагчы перамагчы рэжым, — заявіў «Люстэрку» Азараў. — Напрыклад, інфармацыя пра расійскіх вайскоўцаў у Беларусі. Інфармацыя пра падрыхтоўку Беларусі да вайны, разведвальная інфармацыя, Інфармацыя з розных праваахоўных органаў. Інфармацыя, якая паказвае злачыннасць рэжыму.
Паводле словаў Азарава, паведамленні ўжо сталі паступаць у чат-бот. Ці не баіцца BYPOL, што ім могуць дасылаць звесткі дзейныя сілавікі, каб дэзарыентаваць?
— Вядома, сілавікі будуць дасылаць фэйкавую інфармацыю. Але мы будзем старацца ўсё правяраць, — абяцае Азараў. — Частка інфармацыі будзе для аператыўнага выкарыстання, і яна застанецца ў таямніцы. Частка, якую можна апублічыць, мы размесцім у нашым тэлеграм-канале.
На пост BYPOL тэлеграм-канал, звязаны з ГУБАЗіК, ужо адрэагаваў заўвагай пра тое, што яны «гатовыя выявіць» удзельнікаў, якія засталіся ў Беларусі, і папярэдзіў пра крымінальную адказнасць за адпраўку інфармацыі ў бот BYPOL. Азараў лічыць, што на гэта не варта звяртаць увагі.
— Гэта іх праца — так гаварыць, — тлумачыць ён. — Таму мы забяспечваем ананімнасць інфарматараў, мы не будзем публікаваць інфармацыю, якая можа нашкодзіць крыніцы. Паўтаруся, мы будзем даваць у эфір толькі інфармацыю, якую можна даваць.
Ці значыць гэта, што план «Перамога» пераходзіць ужо ў нейкую актыўную фазу?
— Гэта падрыхтоўка да запуску плана. Гэта наступны такі элемент, — тлумачыць Азараў.
Між тым, яшчэ ў кастрычніку ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання выйшаў сюжэт, у якім Рыгор Азаронак расказаў, што нібыта яшчэ год таму ўкараніўся ў план «Перамога», атрымліваў заданні і нават грошы за іх выкананне. Аляксандр Азараў назваў аповед Рыгора Азаронка фантазіямі і паведаміў, што такіх заданняў яму ніхто не даваў, бо ў іх няма сэнсу. Акрамя таго, паводле яго словаў, ніхто з удзельнікаў плана «Перамога» не быў раскрыты ад дзеянняў прапагандыста.
Нагадаем, 4 кастрычніка Аб’яднаны пераходны кабінет заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту плана «Перамога». А праз 10 дзён падчас абвяшчэння контртэрарыстычнай аперацыі ў краіне з’явіліся паведамленні нібыта пра яго старт. Аляксандр Азараў назваў гэтыя паведамленні фэйкавымі і патлумачыў, як менавіта стартуе план «Перамога».