Аляксандр Лукашэнка лічыць, што абставіны прымусяць прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага сесці за стол перамоваў з Масквой «праз год-два» пасля пачатку ўзброенай агрэсіі РФ. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у каментары «Люстэрку» заявіў, што ў расійскіх уладаў няма «ніякіх гадоў». А адказваць давядзецца не толькі Уладзіміру Пуціну, але і Аляксандру Лукашэнку.
На думку Падаляка, чарговыя публічныя выказванні Лукашэнкі «дэманструюць яго абсалютную адарванасць ад рэальнага свету, неразуменне прыроды і ходу гэтай вайны і традыцыйную схільнасць да абразлівай пустапарожняй балбатні», што ўласцівая «палітыкам архаічнага правінцыйнага толку, якія дзесяцігоддзямі здзекуюцца са здаровага сэнсу».
«Варта нагадаць гэтаму „саюзнаму сябру дзяржавы-тэрарыста“, што вайна не скончылася за „3−4 дні, патрэбныя для захопу Кіева“. Не працягнецца яна і 1−2 гады. Украіна будзе вырашаць, калі і як пакараць агрэсара. Само ж меркаванне пра тое, што пасля генацыдных ракетных абстрэлаў украінскі народ стане на калені і пачне прасіць капітуляцыі, лішні раз падкрэслівае катэгарычнае няведанне ўкраінскага народа. Больш за тое, мяркую, што ўсё гэтае дзікае слоўнае багацце — хутчэй, панічная трансляцыя ўнутраных страхаў самога Лукашэнкі», — сказаў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны.
Ён лічыць, што беларускі рэжым шалёна баіцца пройгрышу Расіі, таму што разумее: пасля гэтага з’явіцца «маса фундаментальных юрыдычных пытанняў да суб’ектаў, якія наўпрост, ускосна, інфраструктурна падтрымалі масавыя забойствы мірных грамадзян ва Украіне».
«Дык вось, і блізка няма „ніякіх гадоў“ у запасе ў пуцінскага рэжыму — усё для іх скончыцца значна хутчэй і значна разбуральней. Гэтаксама хутка і нечакана для многіх, як былі вызваленыя Харкаўская вобласць і Херсон. У адзін цудоўны момант „расійскі акупацыйны фронт“, які на чужой зямлі забівае, рабуе і разбурае, імкліва абрынецца, а тыя ці іншыя суб’екты, якія дагэтуль вераць у сваю хітрасць, пачнуць істэрычна шукаць адвакацкія канторы, каб паспрабаваць давесці „мы наогул ні пры чым, мы праходзілі міма, нас прымусілі“. Спадару Лукашэнку трэба проста трошкі пачакаць правільнага і аб’ектыўнага фіналу», — дадаў Падаляк.
Нагадаем, 23 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў расійскаму тэлеканалу «Звезда», што, на ягоную думку, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сядзе за стол перамоваў з Масквой «праз год-два» — яго прымусяць абставіны і людзі.
«Паглядзіце, праз год-два, народ яго (Зяленскага. — Заўв. рэд.) будзе вінаваціць: „Чаму ты зрабіў так, што вайна гэтая пачалася?“ Тут пытанне не ў тым, хто мае рацыю, хто вінаваты. Чаму тут у цябе ідзе вайна? Таму вось гэтая вось сітуацыя будзе штурхаць кіраўніцтва Украіны, калі яны разумныя, да таго, каб сесці за стол перамоваў», — сказаў Лукашэнка.