Савет міністраў перагледзеў забарону на разбіранне тушак птушкі ў крамах. Цяпер гэтае абмежаванне распаўсюджваецца толькі на тушкі курэй і бройлераў. Адпаведнае рашенне прыняў урад.
Раней у крамах паводле рашэння ўрада нельга было разбіраць тушкі птушкі. У новым дакуменце ўдакладнілі, што забарона распаўсюджваецца толькі на тушкі курэй і куранят-бройлераў. То-бок тушкі іншай птушкі, да прыкладу, качкі або індычкі, як вынікае з пастановы ўрада, цяпер можна разбіраць у крамах.
Нагадаем, у кастрычніку Саўмін увёў забарону на разбіранне ў крамах свежых, астуджаных або замарожаных частак тушкі птушкі (уключаючы паўтушку, чвэрткі пярэднюю і заднюю, грудку, філе, кумпячок, галёнку, сцягно, крыло, спінку), за выключэннем вырабленых мясаперапрацоўчымі, птушкагадоўчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі.
Нагадаем, жорсткі кантроль за гэтым прадуктам і забароны пачалі ўводзіць пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на хітрасць птушкафабрык, якія прыдумалі, як абыходзіць абмежаванні на павышэнне цэн на тушкі курыц — іх пачалі прадаваць палавінкамі.
— Бач, быў хлеб, кураня, цыпляня — з’явіўся новы тавар! Расчлянілі дохлую курыцу, запіхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар! — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А людзі вымушаныя купляць тыя ж прадукты, але чамусьці па вышэйшай цане. Разумееце, да чаго дайшлі: цэлая тушка кураняці каштуе два рублі, а напалову раздзеленая — пяць рублёў, да прыкладу. А што здарылася, чаму у два-тры разы падаражэў тавар? Таму што вы яго разрэзалі напалову? — абураўся ён.
Пасля гэтага Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю падрыхтавала пастанову што да рэгулявання цэн на мяса курэй і частак тушкі куранят-бройлераў. Так, кошт дзвюх паўтушак, пярэдняй і задняй чвэрткі тушкі не мусіць перавышаць кошту самой тушкі, а кошт іншых частак тушкі — кошту тушкі, павялічанай на 10%. На курынае філе ўведзеныя памежная максімальная аптовая надбаўка, гандлёвая надбаўка (з улікам аптовай надбаўкі) у памеры 15%.