Зянон Пазняк наведаў пазіцыі палка Каліноўскага ў Бахмуце. На фронце і ў прыфрантавой зоне палітык агулам прабыў суткі. Тут ён перасоўваўся на браневіку і начаваў з байцамі на адным з ваенных аб’ектаў, дзе спаў у спальным мяшку. Пра падрабязнасці паездкі «Люстэрку» расказаў намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук.
«З улікам яго ўзросту гэта мужны крок»
Полк Кастуся Каліноўскага і рух «Вольная Беларусь», які прадстаўляе Зянон Пазняк, кантактуюць з пачатку вайны. Прадстаўнікі «Вольнай Беларусі» дапамагалі падраздзяленню з тэхнікай: перадалі мікрааўтобус і дроны. Паводле Вадзіма Кабанчука, некаторыя з яго таварышаў па службе ведаюць Пазняка не адзін дзясятак гадоў, таму вайскоўцы даўно звалі палітыка ў госці.
— Калі Зянон Станіслававіч прыехаў ва Украіну, то спытаў, ці можа ён наведаць баявыя пазіцыі. Мы сказалі: «Вядома, толькі ўдакладнім пытанні бяспекі», — тлумачыць Вадзім Кабанчук. — З улікам яго ўзросту (палітыку 78 гадоў. — Заўв. рэд.) гэта мужны крок.
Пра тое, што Пазняк наведае Бахмут і прыфрантавую зону, ведалі толькі камандзіры. Гэтага патрабавала бяспека. Для астатніх байцоў візіт палітыка аказаўся сюрпрызам. Разам з ім да каліноўцаў прыехалі таксама беларускі палітолаг Павел Усаў і псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі.
— Яны перасоўваліся на браневіку. Мы вылучылі ім бронекамізэлькі і каскі, — адзначае намеснік камандзіра палка Каліноўскага. — Суправаджалі іх байцы, якія ведаюць абстаноўку, таму палітык заязджаў толькі туды, дзе было адносна бяспечна. Ніякіх жорсткіх інструкцый ніхто не агучваў. Пры сабе ў нас была зброя, таму Зянона Станіслававіча мы б у крыўду не далі. Але ні страху, ні хвалявання, якія звычайна здараюцца ў людзей, што ўпершыню прыязджаюць у зону баявых дзеянняў, я ў яго не заўважыў.
Між тым Пазняк сустрэўся не толькі з байцамі на фронце, але і з каліноўцамі, якія праходзяць падрыхтоўку ў вучэбцы. Начаваў палітык у прыфрантавой зоне, а дакладней — на адным з аб’ектаў, дзе размяшчаюцца беларускія добраахвотнікі. Спаў, як і ўсе, у спальным мяшку на матрацы.
— На бахмуцкай базе яго завялі ў нашую сталоўку, пакармілі супам і яшчэ чымсьці, -працягвае Кабанчук. — Яму ўсё спадабалася. Да Зянона Станіслававіча адразу ж прыйшоў гарнізонны кот. Гэтага ката ў нас называюць кот-паліграф, ён ідзе толькі да добрых людзей. Дык вось, пакуль Зянон Станіслававіч не даеў, кот з рук у яго не злез. Хлопцы рэагавалі на палітыка пазітыўна. Было шмат пытанняў, Ён адказваў. У нас ёсць частка хлопцаў, якія да яго вельмі добра ставяцца, і людзі з іншымі перакананнямі. Але я глядзеў, як адбываліся сустрэчы. Зянон Пазняк як фігура гістарычнага маштабу ўсім быў цікавы сам па сабе. Ён добры апавядальнік, у яго добрая памяць, ён стаяў ля вытокаў адраджэння незалежнасці Беларусі ў 1990-я. Ён шмат можа расказаць хлопцам, якія ў той час яшчэ не нарадзіліся.

«Мы бачым, што з нейкіх прычын Украіна не размаўляе з астатнім беларускім палітычным спектрам»
— Навошта гэтая паездка была самому палку?
— Гэта трэба не толькі палку, але і ўсім беларусам. Паездка Зянона Станіслававіча ў Бахмут — сімвалічны крок. Пазняк — адзін з заснавальнікаў незалежнай Беларусі. Тое, што ён наведаў самае гарачае месца Украіны, дзе быў Зяленскі, яшчэ раз паказвае Украіне, што не ўсе беларусы аднолькавыя. Не ўсе падпарадкаваліся дыктатуры, не ўсе падтрымліваюць пуцінскую агрэсію ў дачыненні да Украіны. Гэта маральна-палітычны пасыл. Сінергія. Гэта падымае пазіцыі як Зянона Станіслававіча, так і палка. І гэта вельмі важна. Асабіста я рады, што ён туды заехаў, хоць мы самі не маглі на гэтым настойваць. Гэта яго рашэнне.
— Ці вырашаліся нейкія важныя пытанні палітычнага характару?
— Мы абмяркоўвалі пытанні будучыні Беларусі. Разглядалі развіццё некалькіх сцэнарыяў. Вядома, усё цяпер завязана на Украіне. Ад таго, як будуць развівацца падзеі на фронце, залежыць будучыня Беларусі.
Полк — перш за ўсё ваенная структура. Ён выступае ініцыятарам стварэння палітычнага суб’екта, з якім будзе размаўляць Украіна.
Мы бачым, што з нейкіх прычын Украіна не размаўляе з астатнім беларускім палітычным спектрам. А нам трэба вырашаць пытанні ва Украіне ўжо цяпер. Мы пачалі ў гэта ўключацца.
У будучыні гэтым мусіць займацца структура, якая не з’яўляецца ваеннай, а займаецца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Так мусіць быць у ідэале, але пакуль такой структуры няма, гэтым давялося займацца палку. Я думаю, яна з’явіцца з часам.
— Чаму вы абралі Зянона Пазняка? Ён даўно не жыве ў Беларусі, частка моладзі яго ведае не так добра, як тую ж Святлану Ціханоўскую. Калі гэта такі важны візіт у плане сімвалізму, то чаму ён, а не яна?
— Я не магу сабе ўявіць, каб яна прыехала ва Украіну. Мы задавалі ім (Офісу Ціханоўскай. — Заўв. рэд.) пытанні, яны адказвалі, што служба бяспекі не дазваляе ёй прыязджаць ва Украіну. Але, умоўна, уявім, што ў яе няма ніякага афіцыйна візіту і сустрэч з украінскімі афіцыйнымі дзеячамі, хай бы прыехала ў прыватным парадку.
— А калі б яна прыехала, вы б сустрэліся?
— Давайце будзем гаварыць не пра нейкае праецыраванне будучыні, а пра тое, што можа па факце адбывацца.
— Зянон Пазняк многіх называе «агентурай». Валерый Сахашчык не ўваходзіць у гэты спіс. Наколькі можна зразумець з публічных заяваў, Пазняк і Сахашчык падтрымліваюць дастаткова добрыя адносіны. Ці ўздымаў з вамі Зянон Станіслававіч нейкія тэмы адносна Сахашчыка?
— Мы абмяркоўвалі шмат пытанняў, але асноўны іх пасыл быў у тым, што беларусам трэба стварыць вайскова-палітычны цэнтр нацыянальнага вызвалення для дэакупацыі Беларусі. У гэтым у нас пазіцыі супадаюць. Выдатна, што ёсць еўрапейскія партнёры, але мы ведаем: пытанне вызвалення Беларусі яны не будуць вырашаць. Калі ў іх будзе магчымасць дамовіцца з Лукашэнкам, яны заўсёды з ім дамовяцца.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Эмісары Лукашэнкі вядуць пастаянную працу ў Еўропе, каб забяспечыць палітычную будучыню рэжыму ці, напрыклад, сваю фізічную бяспеку. Іх цяпер моцна напружыла, што Еўропа ідзе па шляху стварэння міжнароднага трыбунала за ваенную агрэсію ў дачыненні да Украіны. Там два вакантныя месцы — адно для Пуціна, другое для Лукашэнкі. Задача Лукашэнкі — выскокваць з гэтай сітуацыі. Стратэгічна яго дарадцы разумеюць: Расія вайну прайграла, а значыць, рана ці позна іх будуць судзіць. Таму цяпер яны задзейнічаюць розныя варыянты.
Думаю, у хуткім часе мы ўбачым, хто пачне з імі перамовы без папярэдніх умоваў. Нашая пазіцыя такая: рэжым, які акупаваў Беларусь, мусіць пры любым раскладзе сысці. Мы не будзем даваць гарантыі бяспекі Лукашэнку і яго атачэнню, каб яны заставаліся пры ўладзе на нейкіх умовах. Усе яны павінныя будуць сысці.
— З гэтым зразумела, але ці будзе полк узаемадзейнічаць з Валерыем Сахашчыкам і вайсковай часткай, пра якую ён так шмат гаворыць?
— Калі з’явіцца частка, тады будзе з кім узаемадзейнічаць.