Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ў Зімбабвэ з 30 студзеня да 1 лютага. Як сцвярджае зімбабвійскае выданне TheNewsHawks са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, ён паабяцаў пабудаваць заводы па перапрацоўцы літыю, калі яму дадуць літыевыя канцэсіі ў гэтай краіне. Першай на гэтую публікацыю звярнула ўвагу «Наша Ніва».
Як сцвярджаюць крыніцы, падчас візіту абмяркоўвалася шмат пытанняў. У тым ліку гэта былі «крытычна [важныя] перамовы па двухбаковых пытаннях і кантактах з удзелам блізкіх сяброў Лукашэнкі, але галоўнае пытанне было ў прыродных запасах краіны, у прыватнасці, у белым золаце — літыі».
На тэрыторыі Зімбабвэ знаходзяцца найбуйнейшыя ў Афрыцы і ў свеце радовішчы літыю. Сусветны лідар па яго куплі — Кітай. Здабычу на гэтых радовішчах вядуць кітайскія кампаніі.
Летась Зімбабвэ забараніла экспарт неапрацаванага літыю, каб утрымаць замежныя кампаніі і кантрабандыстаў ад марадзёрства. Пазней забарона была аб’яднаная з поўнай забаронай на экспарт каляровых металаў.
Літый, яго злучэнні і сплавы крытычна неабходныя для аўтапраму, авіябудавання, металургіі, мікраэлектронікі, хіміі і іншых сфераў. Таксама ён запатрабаваны ў фармакалогіі, цяжкай прамысловасці і ядзернай энергетыцы. Літый — адзіная даступная крыніца атрымання трытыю (радыеактыўны ізатоп вадароду), таксама ён ужываецца падчас вырабу стрыжняў, якія рэгулююць сістэму абароны рэактара.