Згодна з новым даследаваннем «Беларускі трэкер перамен», які фіксуе палітычныя і эканамічныя трэнды ў Беларусі, колькасць прыхільнікаў дзейнай улады ў Беларусі вырасла. У чым прычына і якія яшчэ змены ў беларускім грамадстве адзначылі эксперты?
Для чацвёртага выпуску «Беларускага трэкеру перамен» аўтары змянілі метад даследавання. Яны правялі замер на базе анлайн-панэлі (гэта сэрвіс, які рэкрутуе беларусаў у інтэрнэце для ўдзелу ў апытаннях). Паводле іх, даследаванне не прэтэндуе на цалкам карэктную рэпрэзентацыю беларускага грамадства, а адлюстроўвае толькі трэнды, якія яму ўласцівыя.
Працягвае расці давер да інстытутаў рэжыму. Чаму?
У лістападзе 2022 года эксперты фіксавалі 61% беларусаў, схільных давяраць дзейнай уладзе. Пасля выкарыстання новай методыкі ў сакавіку яны атрымалі іншыя вынікі — 66%. Аднак, паводле аўтараў, гэтыя лічбы параўноўваць нельга, яны паказваюць толькі ўзрослы трэнд на давер уладзе і не азначаюць, што прыхільнікаў дзейнай улады ў Беларусі сапраўды 66%.
— Лічачы свае дадзеныя надзейнымі і валіднымі, мы пры гэтым прызнаем, што да дадзеных, сабраных з дапамогай апытанняў у Беларусі, трэба ставіцца з асцярожнасцю, — адзначаюць аўтары даследавання. — Так, у гэтым выпуску прадстаўленая дынаміка падтрымкі рэжыму — мы не маглі пераправерыць дынаміку з дапамогай іншай анлайн-панэлі, таму падкрэсліваем непрэзентатыўны характар нашай выбаркі. Размеркаванне адказаў у выбарцы можа адрознівацца ад рэальнага ў тым ліку і з прычыны рэпрэсіўных дзеянняў беларускіх уладаў, якія выклікаюць павышаную трывожнасць падчас адказаў на сенсітыўныя (адчувальныя. — Заўв. рэд.) пытанні. Так, значная колькасць рэспандэнтаў спынілі праходжанне апытання, убачыўшы пытанне пра ўхваленне дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі і ўрада Беларусі. Гэта прыводзіць да патэнцыйных скажэнняў размеркаванняў адказаў у дасягнутай выбарцы ў бок «нейтральнасці», а таксама да вымывання з выбаркі нейтральных рэспандэнтаў, якія вастрэй рэагуюць на сенсітыўныя пытанні. Акрамя таго, не варта забываць пра прыроду анлайн-апытання, якое адлюстроўвае больш эканамічна і сацыяльна актыўнае гарадское насельніцтва, таму можна меркаваць, што, імаверна, падтрымка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі сярод выбаркі адрозніваецца ад рэальнай.
Але чаму ўсё ж такі ёсць запыт на рост даверу?
— Калі дынаміка не выпадковая і не звязаная са зменамі ў структуры выбаркі, то найбольш імаверна, што яна тлумачыцца замацаваннем адчування стабільнасці на фоне ваеннай катастрофы, якая адбываецца ва Украіне і Расіі, — адзначае сацыёлаг і адзін з аўтараў даследавання Філіп Біканаў.
Эксперты інтэрпрэтуюць гэтыя вынікі «хутчэй як падтрымку нейтральнага статусу і спакою на фоне праблем суседзяў». Таксама яны падкрэсліваюць, што ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі для большай часткі беларускага грамадства павестка дэмакратычных сіл знаходзіцца на «перыферыі інфармацыйнага поля».
Напрыклад, пра стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай чулі каля 7% апытаных. На думку даследчыкаў, АПК — усё яшчэ вельмі незразумелая для пераважнай большасці беларусаў структура. Нават сярод праціўнікаў улады: каля траціны з іх не могуць адказаць на пытанне пра вынікі працы Кабінета. У той жа час мінімум 55% апытаных у курсе наконт затрыманняў і звальненняў людзей за ўдзел у падзеях 2020 года.
З новага апытання вынікае, што ў беларускім грамадстве захоўваецца сур’ёзнае непрыманне паміж прыхільнікамі рэжыму і яго праціўнікамі. Таксама эксперты лічаць, што беларусы дагэтуль не страцілі цікавасць да перамен.
Згодна з вынікамі даследавання, захоўваецца незадаволенасць уладкаваннем беларускай мадэлі дзяржавы і яе ўзаемаадносінамі з грамадствам. Гэта, дарэчы, згадвалі і аналітыкі Chatham House у выніках новага сацапытання.
Стаўленне да вайны ва Украіне
У пытанні стаўлення да вайны ва Украіне грамадства таксама падзеленае на два «лагеры». То-бок падтрымка Украіны моцна асацыяваная з недаверам да інстытутаў беларускага рэжыму, а падтрымка Расіі — з даверам да іх. Аднак даследчыкі ўпэўненыя, што ў грамадстве няма даміноўнай пазіцыі ў пытанні падтрымкі Расіі ў вайне.
— Можна меркаваць, што ў значнай меры цяперашняя падтрымка грунтуецца на сталых уяўленнях часткі беларусаў пра Расію як моцнага гульца, сусветную дзяржаву, здольную супернічаць з найбуйнейшымі краінамі Захаду на полі не толькі ваенным, але і тэхналагічным, культурным, — разважаюць эксперты.
На думку даследчыкаў, у цэлым на стаўленне да вайны ва Украіне вельмі ўплывае спажыванне інфармацыі з медыя і абмежаванне незалежных СМІ ў Беларусі. Напрыклад, эксперты фіксуюць такую карціну: большая частка грамадства не можа з упэўненасцю сказаць, што перамога ў вайне на баку Украіны, нават нягледзячы на значныя ваенныя поспехі УСУ.
Замежныя візіты Лукашэнкі і квазізмякчэнне рэпрэсій
Эксперты адзначаюць, што за апошнія тры месяцы беларускія ўлады актывізаваліся ў міжнароднай дзейнасці. Сюды можна аднесці замежныя візіты Лукашэнкі — у Кітай, ААЭ, Зімбабвэ і Расію, а таксама прыезд кіраўніка МЗС Венгрыі ў Мінск.
Беларусь трэці раз запар не ўвайшла ў новы санкцыйны пакет ЕС і працягвае захоўваць «далікатны баланс» у адносінах з Украінай. На думку даследчыкаў, нягледзячы на праявы салідарнасці з Украінай і акты супраціву Расіі, украінскія ўлады ігнаравалі дэмакратычныя сілы, паралельна залагоджваючы Лукашэнку.
Што да ўнутрыпалітычнай сітуацыі, адзін з аўтараў даследавання, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, адзначае, што ўлада працягнула «герметызавацца» і пачала зачышчаць партыйнае поле. У прыватнасці, маюцца на ўвазе законы, падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам 14 лютага: «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» і «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў».
— У найбліжэйшыя паўгода застануцца 3−4 партыі замест 15. Усё сведчыць пра тое, што цяпер на заканадаўчым узроўні проста забароненае існаванне апазіцыйных палітычных партый. Для запаўнення нішы ўлады рэгіструюць партыю на базе «Белай Русі», — тлумачыць Шрайбман.
Таксама ў даследаванні гаворыцца пра наяўнасць спрэчак у дэмакратычных сілах. У першую чаргу праз стварэнне новай кааліцыі вакол палка Каліноўскага і не да канца высветленых адносін паміж Кабінетам Ціханоўскай і Каардынацыйнай радай.
Эксперты нагадалі, што цягам зімы ўлада пачала эксперыменты, якія выглядаюць як квазізмякчэнне (то-бок уяўнае змякчэнне) рэпрэсій. Гаворка ідзе пра новую магчымасць «адкупіцца» за данаты ў «экстрэмісцкія» арганізацыі і пра стварэнне камісіі па вяртанні беларусаў, якія з’ехалі.
Па факце, нягледзячы на такія эксперыменты ўладаў, колькасць арыштаў расце і рэжым Лукашэнкі працягвае рэпрэсіі супраць беларускага грамадства.
Па-ранейшаму затрымліваюць удзельнікаў падзей 2020 года, пераследуюцца любыя праявы антываенных настрояў і салідарнасці з Украінай, перапосты матэрыялаў незалежных «экстрэмісцкіх» медыя застаюцца падставай для арыштаў.
Працягваюцца звальненні з дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый паводле дасланых сілавікамі спісаў. Новая практыка — запуск практыкі завочных судоў, калі абвінавачаны знаходзіцца па-за тэрыторыяй Беларусі.
Найгоршая рэцэсія за больш чым чвэрць стагоддзя
Па выніках 2022 года Беларусь перажыла найгоршую рэцэсію за больш чым чвэрць стагоддзя, адзначаюць аўтары. Каб неяк пакрыць бюджэтны дэфіцыт, у студзені і лютым улады павялічылі зборы і падаткі.
Таксама працягваецца трэнд і на адзяржаўленне эканомікі.
Беларусь працягвае дамагацца эканамічных прэферэнцый ад Расіі, напрыклад, рэструктурызацыі даўгоў і таннай цаны на газ, але пры гэтым не выплачвае даўгі прыватным расійскім інвестарам. Нягледзячы на шырокае асвятленне партнёрства Беларусі і Кітая, перспектывы развіцця гандлёвых і інвестыцыйных адносін з ім усё яшчэ няясныя.