Па ўсёй краіне закрываюцца крамы «Еўрашоп», у якіх прадаваліся нехарчовыя тавары па нізкіх цэнах. Многія гандлёвыя аб’екты гэтай сеткі ўжо выключаныя з гандлёвага рэестра. Тэлефоны галаўнога офіса «Еўрашопа» ў Мінску недаступныя. «Люстэрка» расказвае, што вядома пра закрыццё аб’ектаў гэтай гандлёвай сеткі.
З 14 да 16 красавіка па ўсёй сетцы «Еўрашоп» ладзілі распродаж тавару, зніжка складала 45%. Пад пастом у Instagram карыстальнікі пісалі пра закрыццё крамаў у розных гарадах. «У Баранавічах закрылася вашая крама або пераехала кудысьці?» — пацікавіўся адзін з пакупнікоў. На гэта яму адказалі, што закрылася. Таксама паведамлялася пра закрыццё крамаў у Маладзечне і Мінску.
Па нумары тэлефона, які пазначаны як кантакт крамы «Еўрашоп» у Гродне, паведамілі, што гандлёвы аб’ект не працуе «з тэхнічных прычын». Ці адкрыецца ён і калі, суразмоўніца не стала ўдакладняць.
У Магілёве таксама закрыліся крамы «Еўрашоп». Па нумары тэлефона, які пазначаны на сайце гандлёвай сеткі як кантакт адной з магілёўскіх крамаў, паведамілі, што гандлёвы аб’ект закрыты, ён не будзе аднаўляць працу. Пра прычыны закрыцця суразмоўца не змог расказаць.
Тэлефоны ў галаўным офісе гандлёвай сеткі ў Мінску недаступныя.
У гандлёвым рэестры значыцца 95 гандлёвых аб’ектаў гандлёвай сеткі «Еўрашоп». Большасць з іх ужо не працуе. Да прыкладу, сёлета з гандлёвага рэестра былі выключаныя крамы ў Салігорску (на вуліцы Казлова), у Мінску (на вуліцах Рафіева, Дуніна-Марцінкевіча, Сярова), у Гомелі (на вуліцы Быхаўскай). Некаторыя крамы закрыліся яшчэ ў 2022 годзе.
Тым часам у Эканамічны суд Мінска сёлета падалі як мінімум тры пазовы да «Еўрашопа», яшчэ два — у 2022-м. Паводле іх кампанію абавязалі выплаціць асноўны доўг іншым фірмам, пеню, працэнты за карыстанне чужымі грашыма, а таксама кампенсаваць выдаткі на аказанне юрыдычнай дапамогі і выплаціць дзяржпошліну за судовыя разбіральніцтвы. Сумы, якія гандлёвая сетка мусіла выплаціць па рашэннях судоў, вар’ююцца ў межах 3−18 тысяч рублёў.
Пры гэтым кампанія «Еўрашоп» спрабавала летась у Эканамічным судзе Мінска аспрэчыць спробы падатковай інспекцыі спагнаць з рытэйлера амаль 213,5 тыс. рублёў даналічанага падатку на прыбытак і крыху больш за 33,5 тыс. рублёў пені. Аднак суд не задаволіў пазоў «Еўрашопа» да падатковай. Пазней рытэйлер звярнуўся з апеляцыяй у Вярхоўны суд, які пакінуў рашэнне ніжэйшага суда без зменаў.