Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Рубен Аруцюнян пачаў працаваць на пасадзе 23 траўня 2021 года — у дзень пасадкі самалёта Ryanair. За два з лішкам гады працы ў нашай краіне ён заспеў узмацненне рэпрэсій, міграцыйны крызіс на межах ЕС і пачатак вайны ва Украіне, да якога аказалася датычная і Беларусь. Пра працу дыпламата ў цяперашняй Беларусі, дыялог з уладамі і пазіцыю ЗША Рубен Аруцюнян расказаў у інтэрв'ю «Люстэрку».
— У канцы лістапада 2021 года вы сустракаліся з сем’ямі палітвязняў. Тады ў Беларусі палітвязняў толькі афіцыйна было 887 чалавек. Цяпер, у сярэдзіне чэрвеня 2023-га, іх больш за паўтары тысячы. Ці думалі вы тады, у 2021-м, што сітуацыя ў нашай краіне не толькі не палепшыцца, але і пагоршыцца?
— Апошнія два гады былі вельмі цяжкімі для Беларусі і беларускага народа. І, на жаль, беларускія ўлады працягваюць рабіць шэраг негатыўных крокаў, якія дэстабілізавалі сітуацыю не толькі ўнутры краіны, але і на рэгіянальным узроўні. Я прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 23 траўня 2021 года. Гэта быў дзень, калі беларускія ўлады прымусілі самалёт Ryanair здзейсніць пасадку. Я прыбыў усяго праз некалькі гадзін пасля здарэння. Такім для мяне быў пачатак цыклу.
Потым на межах з Еўрапейскім саюзам быў справакаваны міграцыйны крызіс, працягнуліся рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народа. Як вы згадалі, цяпер больш за 1500 чалавек (паводле звестак на 21 чэрвеня 2023 года. — Заўв. рэд.) афіцыйна прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Адбылася ліквідацыя грамадзянскай супольнасці: праваабарончыя, экалагічныя арганізацыі, усе незалежныя сродкі масавай інфармацыі былі закрытыя. З лютага 2022 года беларускія ўлады садзейнічаюць вайне Расіі ва Украіне. Цяпер мы ўсё часцей чуем заявы пра магчымасць размяшчэння расійскай ядзернай зброі ў Беларусі. Такім чынам, гэта серыя негатыўных, разбуральных, бескарысных крокаў беларускіх уладаў, якія, паводле нашай ацэнкі, працягваюць падрываць суверэнітэт Беларусі, па спіралі зніжаюць яе статус як дэмакратычнай краіны і, як мы лічым, абсалютна не адпавядаюць жаданням беларускага народа.
— Але ці чакалі вы, што беларускія ўлады пойдуць на такія крокі?
— Цягам гэтых двух гадоў мы неаднаразова размаўлялі з беларускімі ўладамі і заклікалі іх прыняць іншы набор рашэнняў, якія аднавілі б дэмакратыю ў Беларусі, годнасць беларускага народа і дазволілі яму самому вырашаць сваю будучыню. І гэта спрыяла б міру і бяспецы ў рэгіёне. Але не, наадварот, яны спрыяюць разбурэнню міру і бяспекі ў рэгіёне.
— Улады Беларусі не спрабавалі выйсці на кантакт з прадстаўніком ЗША ў нашай краіне, каб абмеркаваць зняцце санкцый?
— Злучаныя Штаты за апошнія 30 гадоў прадэманстравалі моцную і непахісную прыхільнасць Беларусі, яе суверэнітэту і незалежнасці. І мы хочам, каб гэта працягвалася. Мы прынцыпова хочам, каб Беларусь была суверэннай, незалежнай дзяржавай. Для гэтага мы падтрымлівалі дыялог з беларускімі ўладамі нават у гэты складаны перыяд. Тым больш што мы перажываем перыяд цяжкасцяў, і як ніколі важны працяг дыялогу, будзе ён з Міністэрствам замежных справаў, Міністэрствам абароны і гэтак далей. А таксама з іншымі элементамі беларускага грамадства. Мы пагаварылі з усімі: з прадстаўнікамі ўрада, дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасцю, прыватным сектарам, сем’ямі палітвязняў і палітвязнямі, якія выйшлі на волю. Што мы хочам фундаментальна зразумець — дык гэта дынаміку ўнутры краіны і тое, як, зноў жа, мы можам найлепшым чынам спрыяць Беларусі, суверэнітэту, незалежнасці і дэмакратыі і аказваць вялікую падтрымку.
Падчас гутарак з беларускімі ўладамі мы выразна далі зразумець, што суверэнітэт Беларусі вельмі важны для нас і мы хочам яго захаваць. Але мы таксама вельмі выразна выклалі нашую пазіцыю што да сітуацыі ўнутры краіны. Мы заклікалі беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, безумоўна і неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і пачаць рэальны дыялог з беларускім грамадствам як унутры краіны, так і за яе межамі, каб знайсці канструктыўны шлях на карысць беларускага народа. Такі быў наш паслядоўны падыход.
Мы былі вельмі дакладнымі, адкрытымі і сумленнымі ў нашых дыскусіях з уладамі. Мы таксама казалі: і санкцыі ЗША, і міжнародныя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі — гэта адказ на негатыўныя і дэструктыўныя крокі беларускай улады. Таму калі ўлады прымуць іншы набор рашэнняў — правільных, канструктыўных, карысных, пазітыўных, — тады мы зможам рэальна размаўляць пра тое, як адмяніць санкцыі і пачаць рухацца да пашырэння супрацоўніцтва і партнёрства з Захадам. На жаль, гэтыя крокі не былі зробленыя. Але дыялог працягваецца. Мы застаёмся адкрытымі і вельмі спадзяёмся, што беларускія ўлады прыслухаюцца да волевыяўлення народа і скажуць «не» вайне і ядзернай зброі і «так» — дэмакратыі, суверэнітэту, незалежнасці і багатай, стабільнай будучыні.
— Ці спрабавалі беларускія ўлады «гандлявацца» па пытанні санкцый, ці казалі, што ў абмен выпусцяць палітвязняў?
— Дыялог з уладамі працягваецца, і мы спадзяёмся, што будуць зробленыя пазітыўныя крокі, якія дазволяць нам уступіць у сапраўды канструктыўную размову пра тое, як будуць выглядаць нашыя адносіны.
Я хачу крыху спыніцца на палітычных зняволеных. Адна з самых складаных частак маёй працы за апошнія два гады — быць сведкам, чуць і бачыць, як рэпрэсіі ўнутры Беларусі, якія ўсё працягваюцца, адбіваюцца на саміх палітвязнях і іх сем’ях.
Вядома, у асноўным у мяне была магчымасць размаўляць з іх сем’ямі. І гэта жахлівыя гісторыі. Гэта гісторыі бацькоў, якім давялося ўбачыць, як садзяць іх дзяцей у найлепшыя гады жыцця, пазбаўляюць адукацыі, пазбаўляюць магчымасці прафесійнага росту. Гэта гісторыі бацькоў, якія раптоўна сталі бацькамі-адзіночкамі і вымушаныя гадаваць сваіх дзяцей, пакуль іх каханы чалавек у турме. Гэта гісторыі дзяцей, што часам пазбаўленыя абаіх бацькоў і права на каханне і клопат. Гэта гісторыі журналістаў, многіх вашых калег, якіх пазбаўляюць волі проста за тое, што яны выконваюць сваю працу і даюць людзям доступ да інфармацыі. Гэта гісторыі пра неймаверныя страты, пакуты і боль беларускага грамадства ў цэлым. Гэта цэлая сацыяльная траўма, якую яно перажывае апошнія два гады.

Незалежна ад таго, робім мы гэта праз міжнародныя платформы, іншыя форумы або падтрымліваючы праваабарончыя арганізацыі, што дакументуюць гэтыя выпадкі і збіраюць дэталі разам, важна, каб гэтыя гісторыі не былі забытыя. Важна, каб мы памяталі, што колькасць палітвязняў — гэта не проста лічба, што кожны з іх — гэта чалавек, у якога ёсць сям’я і пачуцці. Мы поўныя рашучасці падтрымаць былых палітвязняў у плане рэабілітацыі і даць ім доступ да медыцынскага абслугоўвання і іншых магчымасцяў, каб яны аднавілі сілы пасля таго, праз што прайшлі.
Я ўвесь час уражаны і па-сапраўднаму натхнёны тым, наколькі моцны беларускі народ. Сем'і палітвязняў, нягледзячы на ўсё, праз што ім давялося прайсці, працягваюць змагацца за праўду, за сваю ўласную будучыню і будучыню сваіх блізкіх. Яны вераць у ідэю свабоднай і дэмакратычнай Беларусі і прытрымліваюцца гэтай мэты. І ЗША гатовыя падтрымліваць іх у гэтым.
— Ці магчыма цяпер адмяніць санкцыі і пайсці на дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам? Калі ён вызваліць палітвязняў, ЗША здымуць абмежаванні з Беларусі?
— Яшчэ раз хачу паўтарыць, што мы казалі ўладам: санкцыі ўведзеныя не проста так, а ў адказ на канкрэтныя дзеянні. Гэта рэпрэсіі, што доўжацца дагэтуль, пасадка самалёта Ryanair, міграцыйны крызіс, дапамога Расіі ў вайне ва Украіне. Але крокі, якія адкрылі б магчымасць для размовы пра зняцце санкцый, так і не зробленыя. Таму мы працягваем заклікаць беларускія ўлады зрабіць іх. Не таму, што просяць Злучаныя Штаты ці міжнародная супольнасць. А таму, што беларускія ўлады нясуць адказнасць перад сваімі грамадзянамі згодна з Канстытуцыяй, у адпаведнасці з дэмакратычнымі каштоўнасцямі і міжнароднымі абавязаннямі, якія Беларусь падпісала, знаходзячыся ў АБСЕ і як адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта абавязкі беларускіх уладаў у дачыненні да сваіх грамадзян, што маюць дакладнае ўяўленне пра тое, якой яны хочуць бачыць сваю краіну. Што кажуць «не» вайне, а цяпер — і «не» ядзернай зброі. Мы вельмі спадзяёмся, што ўлады прыслухаюцца да волявыяўлення беларускага народа і будуць кіравацца гэтымі прынцыпамі.
Што да ядзернай зброі, то мы прынялі гэта да ўвагі. Мы бачылі справаздачы пра гэтыя пагадненні і ўважліва сочым за сітуацыяй. Аднак для нас гэта проста яшчэ адзін прыклад таго, як беларускія ўлады прымаюць безадказныя і правакацыйныя рашэнні, каб перадаць кантроль над будучыняй Беларусі Крамлю насуперак волі беларускага народа. І яшчэ раз: цвёрда верачы ў суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, мы вельмі спадзяёмся, што беларускія ўлады зробяць іншы выбар, каб захаваць гэтыя суверэнітэт і незалежнасць.
— Што, на вашую думку, утрымлівае Аляксандра Лукашэнку ад актыўнейшага ўдзелу ў вайне ва Украіне?
— Беларусь з’яўляецца памагатай Расіі з самага першага дня вайны, калі дазволіла 30 000 расійскіх вайскоўцаў знаходзіцца на сваёй тэрыторыі і прасоўвацца ва Украіну з Беларусі, калі давала ў распараджэнне чыгунку і інфраструктуру і дазволіла расійскай арміі выкарыстоўваць беларускае неба для абстрэлу Украіны. Нічога з гэтага не засталося незаўважаным.
Мы вельмі ясна разумеем ролю, якую Беларусь адыгрывала з пачатку вайны і працягвае адыгрываць у дапамозе ваеннай машыне Расіі. Гэта нас вельмі непакоіць. І зноў жа, менавіта тут так важны кантэкст, звязаны з ядзернай зброяй. Мы верым, дакладней, вельмі спадзяёмся, што беларускія ўлады вернуцца да таго, што будуць садзейнічаць бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне, замест таго каб ісці шляхам разбурэння, як яны робяць цяпер.
— Вашая дыпламатычная місія ў Беларусі заканчваецца. Калі каротка паспрабаваць яе рэзюмаваць: што ў вас атрымалася, а што не?
— Апошнія два гады, на маю думку, прайшлі па дзвюх траекторыях. Адной з іх былі, як мы ўжо казалі, негатыўныя і дэструктыўныя крокі беларускіх уладаў. Не толькі што да сітуацыі ўнутры краіны ці ў рэгіёне, але і канкрэтна што да амбасады ЗША. Яны прымусілі нас скараціць колькасць супрацоўнікаў, каб нам давялося закрыць нашыя аддзелы USAID і па сувязях з грамадскасцю па ўсёй краіне.
Але іншая траекторыя, што больш абнадзейвае, заключаецца ў тым, што прыхільнасць Злучаных Штатаў дэмакратычнай, суверэннай, стабільнай Беларусі не пахіснулася. Амбасада ЗША, нягледзячы на ўсе цяжкасці, працягвала сваю найважнейшую працу па падтрымцы дэмакратычных памкненняў беларускага народа, працягвала аказваць консульскія паслугі амерыканскім грамадзянам, а таксама падтрымліваць Беларусь і прыватнае прадпрымальніцтва. Пры гэтым прыхільнасьць беларускага народа да дэмакратычнай будучыні таксама не пахіснулася.
Таму я асабліва ганаруся працай амбасады ЗША, няхай гэта акадэмічныя праграмы, праграмы абмену, якія дазваляюць працягваць узаемадзеянне паміж беларускім і амерыканскім народамі, ці дапамога з мэтамі развіцця, якую мы змаглі аказаць. За апошнія два гады выдаткавана больш за 60 мільёнаў даляраў на падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа. Гэта ўключае падтрымку незалежных сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектара як апораў будучай стабільнай, дэмакратычнай Беларусі.
Я ганаруся працай, якую зрабіла нашая каманда для падтрымання стратэгічнага дыялогу паміж Злучанымі Штатамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, які, як мы спадзяёмся, адбудзецца да канца гэтага каляндарнага года. У стратэгічным дыялогу возьмуць удзел адпаведныя агенцтвы ўрада ЗША, якія займаюцца пытаннямі Беларусі, і шырокае кола беларускіх дэмакратычных актараў, уключаючы палітычных лідараў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і навукоўцаў. Абмеркаванні падчас чарговай серыі сустрэч будуць ахопліваць тэмы, якія нам узаемна цікавыя, у тым ліку далейшую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ перад абліччам масавых рэпрэсій. А таксама зменлівы характар умоваў бяспекі ў Беларусі і вакол яе ў кантэксце вайны Расіі ва Украіне, міжнародныя эканамічныя санкцыі супраць беларускіх уладаў за парушэнне правоў чалавека і працяглы саўдзел у вайне Расіі супраць Украіны. І акрамя гэтага — развіццё непасрэдных сувязяў паміж народамі ЗША і Беларусі. Гэта сапраўды стане для нас новай магчымасцю аказаць падтрымку беларускаму народу, вызначыць шляхі, з дапамогай якіх мы можам працягваць падтрымліваць яго памкненні і працаваць у імя будучай багатай Беларусі.
— У сакавіку 2023-га на вуліцы ў Мінску вы запісалі віншаванне беларусам з гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі б звычайны грамадзянін нашай краіны зрабіў нешта такое, ён у найлепшым выпадку атрымаў бы велізарны штраф. Вас, зразумела, абараняла дыпламатычная недатыкальнасць. Але ўсё ж апошнім часам у Мінску вы адчувалі сябе ў бяспецы?
— Апошнія тры месяцы мне сапраўды падабалася здымаць відэа на беларускай мове ў Беларусі. Мне было важна зрабіць гэта, пагаварыць з беларускім народам на яго роднай мове, але таксама яшчэ раз прадэманстраваць, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія спрабавалі стварыць улады, каб ускладніць нашую працу ў Беларусі, мы тут, мы не адышлі і нас не запалохаць.
Але што яшчэ важней — задаць пытанне, якое вы толькі што задалі: чаму грамадзянін Беларусі мусіць баяцца стаяць на вуліцах Мінска і здымаць відэа на беларускай мове, збірацца групамі, насіць пэўныя колеры, мець пэўную прафесію (напрыклад, быць журналістам)? Такога быць не мусіць. І адпаведныя органы павінныя зрабіць так, каб такога страху не было. Гэта іх асноўная функцыя ў дачыненні да грамадзян краіны.
У мяне разрываецца сэрца ад таго, што так многіх беларусаў пакаралі за тое, што яны рабілі самыя звычайныя рэчы ў сваім жыцці: вывешвалі сцяг, ставілі лайк нечаму ў сацыяльных сетках ці чыталі артыкул. Тысячы людзей трапілі за гэта ў турму, сотні тысяч былі вымушаныя бегчы з краіны, якую яны любяць, для якой яны хочуць толькі найлепшага. У якасці заключэння я б проста сказаў, што ўва мне пасяляе надзею сіла беларускага народа. Я веру ў яго стойкасць і сілу яго перакананасці. І я проста хачу, каб вашыя чытачы ведалі, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць кожны іх крок на гэтым шляху.