Аляксандр Лукашэнка ўнёс некалькі змяненняў у свае ўказы, якія могуць ускладніць жыццё фізічным асобам-замежнікам і замежным кампаніям у Беларусі. Новы ўказ фактычна разрывае пагадненні Мінска з іншымі краінамі пра перадачу звестак па рахунках іх грамадзян і кампаній у беларускіх банках. Адпаведны ўказ апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім уводзяцца змяненні ў іншыя дакументы. Сярод іншага скарэктавалі ўказ пра перадачу інфармацыі падатковым органам замежных дзяржаваў, выключыўшы з яго некалькі падпунктаў. Яны датычылі падрыхтоўкі і інфармавання падаткавікоў іншых краін пра звесткі па рахунках іх грамадзян і кампаній у беларускіх банках.
Сярод выключаных падпунктаў таксама аказаўся той, што датычыць гарантавання прыватнасці падчас накіравання звестак пра рахункі ў беларускіх банках у органы замежнай дзяржавы з выкарыстаннем для гэтага тэхнічных і крыптаграфічных сродкаў, выбраных гэтай самай замежнай дзяржавай.
Адначасова з гэтым Лукашэнка змяніў у гэтым указе паняцце «пагадненне» на «міжнародную дамову Рэспублікі Беларусь». Хутчэй за ўсё, гэта азначае, што нашая краіна збіраецца разарваць падпісаныя пагадненні што да пытанняў супрацоўніцтва ў абмене інфармацыяй па фінансавых пытаннях кампаній і фізічных асоб краін-партнёраў, якія знаходзяцца ў Беларусі.
Відавочна, пакуль гэтыя змены ўскладняюць фінансавы бок знаходжання ў нашай краіне замежных кампаній і фізічных асобаў. Але гэта можа паўплываць і на беларусаў. Адмова Беларусі ад перадачы такіх звестак можа выклікаць рэакцыю ў адказ замежных дзяржаваў. У гэтым выпадку можна чакаць яшчэ большага ўскладнення ў вырашэнні фінансавых пытанняў беларусаў унутры краіны, якія працуюць з замежнымі кампаніямі, а таксама нашых суграмадзян, якія знаходзяцца за мяжой.
Што да падатковых змяненняў з боку Мінска па міжнародных дамовах, то ў сакавіку 2022 года беларускія чыноўнікі прапісалі магчымасць прыпыніць пагадненні пра пазбяганне двайнога падаткаабкладання з краінамі, якія ўвялі супраць Беларусі санкцыі. Цяпер такія дамовы дзейнічаюць больш чым з 70 краінамі. Сярод іх — Польшча, Літва. На практыцы да спынення такіх дамоўленасцяў не звярталіся (за выключэннем Украіны, але гэта адбылося з ініцыятывы Кіева).
Чытайце таксама