Латвія закрывае пункт пропуску «Сілене» (з беларускага боку — «Урбаны») з Беларуссю з 19 верасня. Рашэнне было прынятае сёння ўрадам краіны, перадае DELFI.
Рашэнне было прынятае ў «сувязі з меркаваннямі бяспекі», з улікам «вялікай колькасці выпадкаў незаконнага перасячэння мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю» і «неабходнасцю пераразмеркавання рэсурсаў».
У сярэднім праз «Сілене» заязджаюць 625 чалавек і выязджаюць 605 чалавек за дзень, а таксама заязджаюць і выязджаюць у сярэднім 87 і 85 грузавых аўтамабіляў.
Праца пункта пропуску «Пяцерніекі» (з беларускага боку — «Грыгароўшчына») на мяжы Латвіі і Беларусі працягнецца.
Міністр унутраных справаў Рыхардс Казлоўскіс расказаў пра сітуацыю на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю, паведаміўшы, што напярэдадні больш чым 100 чалавек былі спыненыя на нелегальным уездзе ў Латвію. Паводле міністра, людзі, што перасякаюць мяжу, усё часцей аказваюць супраціў памежнікам і паліцыі. Прэм’ер-міністр Эвіка Сіліня дадала, што напружанне на мяжы ўзмацняецца, таму з мэтай эканоміі рэсурсаў памежны пункт «Сілене» закрываецца — а таксама каб паслаць сігнал Беларусі, што Латвія абараняе сваю мяжу.
Пра такое рашэнне ў Латвіі загаварылі тыдзень таму, адзначыўшы, што сітуацыя на мяжы, «напэўна, самая напружаная за ўсе тры гады пачынаючы з 2021-га».
Нагадаем, краіны — суседзі Беларусі паслядоўна закрываюць пункты пропуску на мяжы. Галоўныя прычыны гэтага — міграцыйны крызіс і прысутнасць у нашай краіне наймітаў ПВК Вагнера. Раней польскі бок закрыў чатыры пункты пропуску, Літва — два. Краіны — суседзі Беларусі таксама распрацавалі механізм поўнага закрыцця мяжы. Аднак пакуль гаворкі пра гэта не ідзе.