Падаткавікі, відавочна, пачалі больш увагі надаваць тым, хто атрымлівае прыбытак ад здавання ў арэнду нерухомасці. З аднаго боку, яны нагадваюць пра выплату збораў за такую дзейнасць, а з іншага — актыўна шукаюць парушэнні, у тым ліку «штучнае» драбненне бізнесу. Дзяржкантроль таксама падключыўся да пошуку тых, у каго могуць быць парушэнні падчас здавання ў арэнду нерухомасці.
Магілёўскія падаткавікі нагадалі, што даходы ад здавання ў арэнду жылых і нежылых памяшканняў, машына-месцаў іншым фізічным асобам на працяглы тэрмін (больш чым на 15 дзён) абкладаюцца падаходным падаткам. Да прыкладу, у Магілёве гэта 41,2 рубля ў месяц за кожны пакой, які здаецца, у Бабруйску, Горках, Крычаве, Асіповічах — 27 рублёў. Пры гэтым трэба заключыць дамову найму жылога памяшкання і зарэгістраваць яго. Падрабязнейшую інфармацыю па стаўках падаходнага падатку за здаванне ў арэнду нерухомасці можна паглядзець па гэтай спасылцы.
У Мінскай вобласці ў падаткавікоў узніклі прэтэнзіі да кампаніі, якая перадала іншым фірмам аб’екты нерухомасці. «Так, грамадзянамі ў розныя перыяды пачынаючы з 2017 года створаныя чатыры юрыдычныя асобы, дзейнасць якіх арганізаваная такім чынам, што ўсе арганізацыі працавалі як адзіны механізм, — адзначаюць падаткавікі. — Платнікамі выкарыстоўвалася схема „драбнення бізнесу“: новыя арганізацыі рэгістраваліся па меры таго, як прадпрыемствы дасягалі максімальна дапушчальнай мяжы выручкі для магчымасці прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, тым самым змяншаючы падатковую нагрузку і недаплачваючы належныя сумы падаткаў». У паведамленні не ўдакладняецца, што рабілі з гэтай нерухомасцю — здавалі ў арэнду, перапрадавалі ці быў яшчэ нейкі варыянт. У выніку падатковая выставіла да даплаты больш за 9,8 млн рублёў.
Нагадаем, у падаткавікоў у Гродне паўсталі пытанні да мужчыны, які здаваў у арэнду нерухомасць. Яму ў выніку выставілі да даплаты 1,5 млн рублёў. У Бабруйску падаткавікі таксама зладзілі праверку індывідуальнага прадпрымальніка, які здаваў у арэнду нерухомасць. У выніку правяральнікі выставілі да аплаты рахунак на 2,3 млн рублёў.
У Віцебску раней завялі крымінальную справу на ўладальніцу буйнога бізнесу па здаванні ў арэнду нерухомасці, яе падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, паведамляў Камітэт дзяржкантролю. Жанчыне і яе сям'і належаць 45 аб’ектаў нерухомасці: зямельныя ўчасткі, офісы, склады, гандлёвыя і падсобныя памяшканні, кватэры, размешчаныя на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Яна вядзе свой бізнес з 2001 года. Многія гады яна была зарэгістраваная ў якасці ІП і выкарыстоўвала спрошчаную сістэму падаткаабкладання.
Раней быў затрыманы буйны віцебскі дэвелапер па падазрэнні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў пры здаванні ў арэнду камерцыйнай нерухомасці.
Чытайце таксама