У Беларусі змянілі нормы мінімальнага набору прадуктаў харчавання. Паменшылі нормы макароны, бабовых, зеляніны, затое стала больш аўсянкі, грэчкі, пярлоўкі, бульбы, буракоў. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Чыноўнікі ўвялі змяненне што да пражытковага мінімуму, які складаецца з мінімальнага набору прадуктаў і нехарчовых тавараў. Цяпер унеслі ўдакладненні менавіта па прадуктах.
Мужчынам працаздольнага ўзросту зменшылі нормы па жытнім хлебе, агурках, малаку, сыру, ялавічыне. У параўнанні з мінулай версіяй спісу, прынятай у 2021 годзе, больш належыць расліннага і сметанковага масла, свініны.
Жанчынам, як мяркуецца, трэба ёсць менш пшанічнага хлеба, рысу, капусты, морквы, свежай рыбы. Павялічылі мінімальную норму па таматах, агурках і іншай гародніне, кісламалочных прадуктах.
Для абодвух полаў працаздольнага ўзросту знізілі нормы па таматах, бабовых, затое выраслі нормы па аўсянай, грачанай крупах, тварагу, яйках, птушцы, садавіне.
Людзі пенсійнага ўзросту, мяркуючы з дакумента, пачалі есці менш хлеба, але больш крупаў і бульбы, таматаў і агуркоў, морквы і буракоў. Знізілі мінімальную норму па зеляніне. Павялічыліся нормы па мясе і малаку.
Урад таксама вырашыў, што для разліку бюджэту пражытковага мінімуму будуць улічваць змяненне цэн на бульбу, капусту, буракі, моркву, іншую гародніну (цыбулю рэпчатую і часнок), садавіну (яблыкі, грушы і плады цытрусавыя) і сухафрукты, з чэрвеня да верасня — на агуркі свежыя, са жніўня да верасня — на таматы свежыя, з чэрвеня да жніўня — на зеляніну.
Для чаго патрэбны гэты набор прадуктаў
Чыноўнікі лічаць, што гэтага набору прадуктаў дастаткова для захавання здароўя і забяспечання жыццядзейнасці. Калі зусім спрасціць — для таго, каб чалавек не памёр ад голаду.
Да таго ж гэты набор прадуктаў (і нехарчовых тавараў) улічваюць падаткавікі, супастаўляючы сумы выдаткаў і даходаў насельніцтва. Выдаткі на гэты набор тавараў адносяць да выдаткаў чалавека. То-бок калі вы скажаце падчас такой праверкі, што «сядзелі на вадзе і хлебе», у выдаткі ўсё роўна ўключаць кошт такога набору.
Чытайце таксама