Урад Беларусі, видаць, зноў спрабуе дабіцца саступак што да выплаты даўгоў перад Расіяй. Гэта вынікае з планаў на гэты год, пра якія расказаў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Ці выгадныя такія саступкі беларусам, спыталі эканаміста.
Урад спадзяецца на чарговую адтэрміноўку Расіі па даўгах
— Расія чуе ўсе нашыя прапановы. Міністэрства фінансаў выпрацоўвае стратэгію на 2024 год працы з доўгам і працэнтамі. І на 2025−2026 год для таго, каб дзярждоўг не ціснуў на бюджэт і тыя рэсурсы, якія вызваляюцца, мы маглі б скіроўваць на інвестыцыйныя праекты, падтрымліваць тыя праграмы развіцця, якія прынятыя ў нашай рэспубліцы, і плюс захоўваць на бяспечным узроўні ўзровень золатавалютных рэзерваў (запасы краіны, якія могуць выкарыстоўвацца для падтрымання нацыянальнай эканомікі. — Заўв. рэд.), — заявіў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканала «Беларусь 1».
Відавочна, Мінск зноў просіць у Расіі (ці ўжо зрабіў гэта) пра чарговае рэфінансаванне даўгоў. Прынамсі, у пачатку гэтага года пра гэта заяўляў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў: «Гаворка ідзе не пра павелічэнне пазычанняў, а пра рэфінансаванне тых даўгоў, якія ў нас ужо былі, — не 100%, але ў нейкай частцы, каб нам лягчэй было іх пагашаць, а таксама абслугоўваць нашыя абавязанні».
У канцы мінулага года стала вядома, што Масква канчаткова дазволіла Мінску перанесці на 2029−2034 гады выплаты па даўгах, якія мусілі правесці ў красавіку-снежні мінулага года. Яшчэ раней аналагічны перанос плацяжоў быў у 2022-м — на тыя пазыкі, якія Мінск мусіў закрыць у тым годзе, і ў студзені-красавіку 2023-га.
У цэлым жа беларускі ўрад часта звяртаецца да рэфінансавання і рэструктурызацыі дзярждоўгу (гаворка пра замену крэдытаў новымі, больш выгаднымі, і змену ўмоваў крэдытавання адпаведна) перад Расіяй, пры гэтым не адмаўляючыся ад прыцягнення новых крэдытаў. Гэта прыкметна палягчае вырашэнне фінансавых пытанняў у кароткатэрміновай перспектыве. Рэч у тым, што Расія — найбуйнейшы крэдытор беларускага ўрада. Паводле звестак на 2022 год, нашая краіна была вінная суседцы 8 млрд 237 млн даляраў. Гэта амаль палова ўсяго знешняга дзярждоўгу Беларусі (17,439 млрд даляраў). Значыць, перанос выплат па расійскіх крэдытах дазваляе вызваліць істотную частку сродкаў, у тым ліку з бюджэту.
У 2024 годзе ўрад мусіць заплаціць па знешнім дзярждоўгу 4 млрд 234 млн рублёў і яшчэ 3 млрд 655 млн працэнтаў. То-бок усяго атрымліваецца амаль 7,9 млрд рублёў, або амаль 2,5 млрд даляраў (паводле курсу Нацбанка на 6 лютага гэтага года). Перанос часткі гэтых даўгоў на 5−10 гадоў наперад дазволіць ураду выдаткоўваць грошы па іншыя напрамкі. Напрыклад, на падтрымку дзяржсектара (або, як кажа Дзмітрый Крутой, інвестыцыйных праектаў), каб дзяржпрадпрыемствы маглі паказаць лепшыя фінансавыя вынікі. Таксама такая «эканомія» палегчыць сітуацыю з дэфіцытам бюджэту, які сёлета плануецца ў памеры 4,751 млрд рублёў.
«Калі ўмовы палітычныя, то ўсё можа быць яшчэ горш»
Акадэмічны дырэктар BEROC, эканаміст Леў Львоўскі звяртае ўвагу на тое, што ні ўрад, ні Аляксандр Лукашэнка не паведамляюць беларусам, на якіх умовах Расія ідзе на саступкі па нашых даўгах. Прытым што шмат у чым ад гэтых дэталяў залежыць, ці лічыць навіны пра чарговую адтэрміноўку па выплатах пазітыўнымі альбо негатыўнымі.
— Дэталі ўсіх пагадненняў з Расіяй у апошнія гады не раскрываюцца. Напрыклад, Расія дае новы крэдыт, Аляксандр Лукашэнка радасна агучвае гэта, але ніколі не кажа, пад які працэнт і з якімі ўмовамі. Проста атрыманне крэдыту — гэта не навіна, важнае пытанне, вы ўмоўна ўзялі іпатэку пад 2% (гэта добрая навіна) ці пад 40% (гэта дрэнная навіна), — кажа эканаміст. — Тое, што ўмовы адтэрміновак па крэдытах не агучваюцца, — гэта трывожна. Можа, вядома, Аляксандр Лукашэнка забывае іх агучыць, а можа, не робіць гэтага, бо нам, грамадзянам, не спадабаліся б такія ўмовы.
Калі Мінск і Масква дамовяцца пра рэструктурызацыю доўгу і на гэты год (ці ўжо гэта зрабілі), то як мінімум у кароткатэрміновай перспектыве ад гэтага будуць сякія-такія плюсы. Гэта, як сказана вышэй, зніжэнне выдаткаў бюджэту на выплаты працэнтаў па дзярждоўгу, якія можна будзе скіраваць, да прыкладу, на інвестыцыі. Таксама гэта можа падтрымаць узровень золатавалютных рэзерваў, што, у сваю чаргу, азначае вялікую стабільнасць беларускай валюты, кажа эканаміст.
— У кароткатэрміновай перспектыве гэта нейкі плюс да ВУП, заробкаў, асабліва ў тых [прадпрыемстваў], хто падпадзе пад гэтыя інвестыцыі, — дадае аналітык.
У доўгатэрміновай перспектыве такія рашэнні могуць мець як плюсы, так і мінусы. Калі ніякіх дадатковых умоваў перанос выплат па даўгах не мяркуе, а проста Расія «з панскага пляча дае адтэрміноўку», то ў гэтым няма нічога дрэннага, кажа Леў Львоўскі. У гэтым выпадку дзяржава цяпер эканоміць грошы, а ў будучыні захоўваецца імавернасць новых адтэрміновак ці нават спісання даўгоў.
— Калі доўг не павялічваецца ні на які працэнт, лепш аддаваць яго ў будучыні, чым цяпер, бо з часам грошы проста абясцэньваюцца, — тлумачыць эксперт.
Ён таксама нагадвае, што Расія часам прабачае пазыкі партнёрам. Але, як правіла, сярод такіх удачлівых краін няма Беларусі.
— Звычайна яна прабачае даўгі краінам, якія ад яе не моцна залежаць і чыйго добрага стаўлення яна шукае. Раптам мы станем такой краінай і нам што-небудзь даруюць, — разважае эканаміст.
Калі ж адтэрміноўкі па выплатах даўгоў Масква дае Мінску на дадатковых умовах, то выгады або іх адсутнасць у такіх рашэннях для Беларусі залежаць ад таго, што з сябе ўяўляюць патрабаванні Крамля.
— Калі гэта эканамічныя ўмовы, то [залежыць ад таго], на колькі павялічваецца гэты доўг з адтэрміноўкай. Калі гэта ўмовы палітычныя, то ўсё можа быць яшчэ горш: што Аляксандр Лукашэнка абяцае наўзамен? — разважае эксперт і прыводзіць прыклад: — Гэта як муж прынёс дадому мільён — узяў крэдыт, але не кажа жонцы, на якіх умовах. Тут незразумела, радавацца ці не. Калі іх ніколі не трэба будзе аддаваць, то добра — муж проста здабыў мільён. Калі ж выявіцца, што ён заклаў ныркі дзяцей ці ўзяў грошы пад 40% гадавых, то гэта кепская навіна.
Чытайце таксама


