У красавіку беларусаў чакае некалькі новаўвядзенняў, якія адаб’юцца на таўшчыні кашалькоў. Так, з наступнага месяца ўвядуць змяненне па «дармаедах», адкарэктуюць бязмытныя ліміты на тавары з-за мяжы. А яшчэ наймальнікі мусяць да 1 красавіка перадаць падаткавікам звесткі пра даходы сваіх работнікаў. З 6 красавіка запрацуюць змены па камандзіроўках.
Новаўвядзенне для «дармаедаў»
З 1 красавіка ў Беларусі з’явяцца чарговыя новаўвядзенні для «дармаедаў». Так, спіс тых, хто трапіў у базу «ўтрыманцаў» і мусіць аплачваць ЖКП поўнымі тарыфамі, будуць абнаўляць штомесяц. Цяпер гэтыя звесткі абнаўляюць раз на квартал (толькі па тых, хто з’ехаў за мяжу, гэта робяць кожны месяц).
Пачне працаваць «супербаза» даходаў насельніцтва
Да 1 красавіка наймальнікі мусяць перадаць падатковай звесткі пра пэўныя даходы работнікаў. Гаворка пра «супербазу» даходаў насельніцтва, якую ўвялі з 2023 года. Яна мяркуе, што наймальнікі мусяць перадаваць падаткавікам інфармацыю практычна пра ўсе даходы работнікаў. Гаворка ў тым ліку пра ільготы і сумы падаходнага падатку з фізічных асоб. Чыноўнікі таксама абавязалі банкі перадаваць падатковай звесткі пра кліентаў-фізасоб, у якіх агульная сума па прыходных аперацыях за каляндарны год перавысіла 150 тысяч рублёў. Змены прадугледжаныя абноўленым Падатковым кодэксам.
Зрэжуць ліміты на тавары з-за мяжы
З 1 красавіка ў Беларусі знізяць ліміты на пасылкі з-за мяжы і ўвезеныя наземным транспартам тавары. Гэтыя нормы прымаюцца на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза, у які ўваходзіць і нашая краіна.
Падаражанне паслуг мабільных аператараў
Мабільныя аператары з 1 красавіка ўвядуць змены для кліентаў. Да прыкладу, кампанія А1 павысіць кошт паслуг фіксаванай сувязі для фізічных асоб і кампаній. А МТС увядзе змяненне, праз якое для некаторых кліентаў падаражэе інтэрнэт-трафік.
Падаражэюць цыгарэты
З 1 красавіка вырастуць цэны на некаторыя маркі цыгарэт. Да прыкладу, Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» з 1 красавіка падыме цану ў тым ліку Pall Mall Nano Blue, Pall Mall Nano Silver (на 30 капеек — да 5,3 рубля), Pall Mall Demi Blue, Pall Mall Demi Azure (на 20 капеек — да 5,2 рубля).
Новаўвядзенні па камандзіроўках
З 6 красавіка Саўмін перагледзіць памер сутачных на камандзіроўкі па Беларусі, ёсць і іншыя змяненні для работнікаў. Так, памер сутачных на камандзіроўкі ў межах Беларусі вырас з 9 да 12 рублёў. Работнікам будуць кампенсавацца выдаткі па абмене валюты, а пасяліць іх можна будзе ў іншым населеным пункце адносна месца камандзіроўкі.
Рост базавай арэнднай стаўкі
З 1 красавіка павялічыцца памер базавай арэнднай велічыні — да 17 рублёў 76 капеек (цяпер — 16,9 рубля). На падставе базавай арэнднай велічыні вызначаецца памер арэнднай платы пры здаванні ў арэнду нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, а таксама ва ўласнасці гаспадарчых таварыстваў.
Контрсанкцыі Мінска супраць Вільнюса
З 1 красавіка пачнуць дзейнічаць беларускія абмежаванні на ўвоз шэрагу тавараў праз мяжу з Літвой. Нагадаем, пра беларускія абмежаванні па імпарце, уведзеныя ў адказ на закрыццё Літвой двух пунктаў пропуску на мяжы дзвюх краін, стала вядома 14 сакавіка. Гаворка ішла пра забарону імпарту праз мяжу з Літвой тавараў, што ўвозяцца для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжання.
У пералік забароненых тавараў уваходзяць воды, піва, віно, сусла вінаграднае, вермуты, напоі іншыя зброджаныя, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя гумовыя, адзенне і іншыя ўжываныя вырабы, а таксама ўжываныя часткі і прыстасаванні транспартных сродкаў.
Рашэнне Нацбанка па стаўках па крэдытах (яны не мусяць падаражэць)
Нацбанк апублікаваў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР) на красавік. Гэта працэнтная столь па банкаўскіх крэдытах, у першую чаргу — на нерухомасць. Рэгулятар вырашыў пакінуць РВСР на наступны месяц на цяперашнім узроўні. Нагадаем, гэты паказчык таксама не змянялі на сакавік, а да гэтага — павышалі тры месяцы запар.