Праз электронны аўкцыён «БелЮрЗабяспячэнне» паўторна выставілі на продаж нерухомасць Валерыя Цапкалы — трохпакаёвую кватэру з машына-месцам у Мінску. Першапачатковую цану маёмасці знізілі.
Трохпакаёўка, па якой даўжніком пазначаны Цапкала Валерый Вільямавіч, знаходзіцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага. Агульная плошча жылля — 103,7 м². У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек.
Кватэру прадаюць з убудаванымі шафамі, кандыцыянерам, кухонным гарнітурам, выцяжкай, варачнай панэллю.
Разам з жыллём прадаецца парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы.
Адзначаныя наступныя абцяжаранні: арышт следчых органаў, забарона рэгістрацыйных дзеянняў рэгістравальнага органа, судовага выканаўцы.
Цану маёмасці знізілі да 286 753 рублёў 76 капеек, гэта больш чым на 71 000 рублёў ніжэй, чым першапачатковы кошт. Аўкцыён прызначылі на 9 красавіка.
Нагадаем, першы раз трохпакаёвую кватэру, якая належыць Валерыю Цапкалу, выстаўлялі на аўкцыён 12 лютага. Пачатковы кошт маёмасці складаў 358 442 рублі 20 капеек. Таргі прызначылі на 27 лютага, але яны не адбыліся — не было ахвотных яе купіць.
Жонка Валерыя Цапкала Вераніка адзначала раней, што нерухомасць належыць не толькі яе мужу, але таксама ёй і іх няпоўнагадовым дзецям. На яе думку, рашэннем выставіць на таргі нерухомасць парушаецца ў тым ліку Канстытуцыя. Жанчына заклікала Следчы камітэт і пракуратуру правесці расследаванне што да продажу нерухомасці.
Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі праз тое, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, асцерагаючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з’ехала і Вераніка. Сям’я Цапкалаў асталявалася ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чытайце таксама