Вось ужо трэці дзень Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з візітам у Манголіі. Паездка не праходзіць гладка. Яшчэ напярэдадні прыбыцця беларускай дэлегацыі экс-прэзідэнт Манголіі Элбэгдорж Цахіагійн заклікаў цяперашнія ўлады арыштаваць Лукашэнку праз учыненыя ім злачынствы супраць чалавечнасці. Мясцовыя актывісты спрабуюць пратэставаць і патрабуюць выправадзіць беларуса з краіны. У панядзелак, 3 чэрвеня, Лукашэнка паскардзіўся на мангольскіх журналістаў: нібыта тыя публікуюць ангажаваную інфармацыю пра яго. Што ж мангольскія медыя пішуць пра беларускую палітыку?
Чаму Лукашэнка пакрыўдзіўся?
Ва Улан-Батары Аляксандр Лукашэнка расказаў, што «прачытаў увесь агляд» мясцовых СМІ, і абвінаваціў журналістаў у перадузятасці.
— Бачу, што яны проста ангажаваныя адным бокам. Яны не бачаць таго, што адбываецца. Не ўсе — асобныя журналісты. І гэта ўкідваецца ў грамадства. Не рабіце нас ворагамі мангольскага народа. Мы — вашыя самыя блізкія сябры і браты, — заявіў Лукашэнка.
Відаць, палітыка пакрыўдзіла тое, якім чынам мангольская прэса апісвае вайну ва Украіне і ступень удзелу ў ёй уладаў Беларусі. Падрабязней пра гэта выказалася прэс-служба Лукашэнкі:
«Але некаторым СМІ не да гэтага — публікуюць аднабокія, ангажаваныя тэзісы. СВА, агрэсія, дапамога Расіі… Вось і атрымліваецца: частка грамадства візіт успрыняла негатыўна. Наклалася яшчэ і мясцовая напаленая ўнутрыпалітычная абстаноўка (Манголія напярэдадні парламенцкіх выбараў). Дарэчы, тутэйшая апазіцыя нават планавала антыбеларускія мітынгі ў сталіцы з шаблонным пасылам: Беларусь — суагрэсар і гэтак далей».
Што пісалі пра візіт Лукашэнкі мангольскія СМІ
Мангольскае выданне News.mn паведамляе, што дэманстрацыю супраць візіту Лукашэнкі спрабавалі арганізаваць чатыры кіраўнікі руху «Не вайне». 3 чэрвеня яны выйшлі на цэнтральную плошчу Улан-Батара, але іх затрымала паліцыя. Адзін з іх у каментары выданню назваў Лукашэнку «ваенным злачынцам і суўдзельнікам Пуціна».
— Абвясціць гэта дзяржаўным візітам высокага рангу і схаваць гэтага чалавека ў краіне на чатыры дні пад першакласнай аховай — гэта дзеянне, за якое Манголія можа зазнаць міжнародныя санкцыі. Гэта паводзіны, якіх не мусіць быць у палітыцы знешніх адносін Манголіі, — заявіў ён і заклікаў неадкладна выправадзіць беларускага палітыка з краіны.
Партал Ikon.mn цытаваў Паўла Латушку, які нагадваў, што Манголія ўваходзіць у юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, А Лукашэнка «нясе адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, арганізаваўшы шырокамаштабны напад на грамадзянскае насельніцтва па палітычных матывах».
У цэлым прыезд Аляксандра Лукашэнкі даволі актыўна асвятляецца ў мангольскай прэсе. Многія медыя адзначалі, што гэта яго першы візіт у краіну, хоць дыпламатычныя адносіны паміж Манголіяй і Беларуссю былі ўсталяваныя яшчэ ў 1992 годзе.
Навінавае выданне 24tsag.mn апублікавала восем галоўных фактаў пра Лукашэнку. Журналісты адзначылі, што ён стаў прэзідэнтам Беларусі ў 1994 годзе ва ўзросце 39 гадоў і зноў збіраецца ўдзельнічаць у выбарах 2025 года. Яшчэ адзін факт датычыў пратэстаў 2020 года: «Яны ўспыхнулі пасля таго, як папярэднія вынікі паказалі, што Лукашэнка перамог на прэзідэнцкіх выбарах, а назіральнікі і апазіцыя лічаць, што была фальсіфікацыя». Палітыка апісалі як «аднаго з галоўных прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна».
Партал Gereg.mn таксама зрабіў акцэнт на саюзніцкіх адносінах Беларусі і Расіі. «Адданы паплечнік Пуціна наведвае Манголію» — так называецца нататка пра візіт палітыка.
— Апазіцыя заяўляе, што Манголіі варта яго арыштаваць, бо яна чалец Міжнароднага крымінальнага суда. Вядома, зразумела, што мы не будзем арыштоўваць запрошанага чалавека, — гаворыцца ў нататцы выдання. — У нас з Беларуссю цесныя сельскагаспадарчыя сувязі. Акрамя таго, да нас пастаўляецца горназдабыўная тэхніка, такая як БелАЗ.
Напярэдадні візіту Лукашэнкі выданне News.mn апублікавала яго кароткую біяграфію. У ёй таксама згадваецца факт, што ён стаў прэзідэнтам Беларусі ў 39 гадоў: «Нягледзячы на адсутнасць досведу, ён быў рашучым і карыстаўся павагай масаў». Аўтары нататкі адзначалі, што ў першыя гады яго прэзідэнцтва «Беларусь сутыкнулася са шматлікімі праблемамі, уключаючы злачынныя групоўкі, рост інфляцыі і беспарадкі ў суседніх краінах».
Чытайце таксама