Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Прудок расказаў, як ішлі перамовы пра абмен зняволенымі паміж Расіяй і Захадам, перадае прэс-служба палітыка.
— Вы бачылі: людзей павыцягвалі. Нас папрасілі — мы падключыліся да гэтага, дапамаглі чым маглі. Людзей вызвалілі, якіх на Захадзе пажыццёва зняволілі. Праўда, на гэтым хтосьці тыпу прэзідэнта ЗША аўтарытэт свой набівае, хоць ён да гэтага не меў ніякага дачынення. Спецслужбы вялі гэтыя перамовы, нават дыпламатаў не падключалі. Мы дамовіліся, што ціха будзем рабіць — пачалі гарлапаніць на ўвесь свет. Гэта робіцца ціха, Гэта ж жыцці людзей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, 1 жніўня ў Анкары (Турцыя) прайшоў маштабны абмен зняволенымі паміж Расіяй, Беларуссю, ЗША, Германіяй, Польшчай, Славеніяй і Нарвегіяй. У ім удзельнічалі 26 чалавек. Сярод вызваленых — грамадзянін Германіі Рыка Крыгер, асуджаны на смяротнае пакаранне і памілаваны ў Беларусі.
Сярод іншых Расія ў рамках угоды вызваліла рэпарцёра Wall Street Journal Эвана Гершковіча, журналіста і палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу, былога марпеха, амерыканца Пола Уілана і журналістку Алсу Курмашову.
Угода каардынавалася шэрагам урадавых ведамстваў ЗША, уключаючы Белы дом, Дзярждэпартамент і ЦРУ. Яе падрабязнасці ўвесь гэты час трымаліся ў сакрэце.
Сам працэс абмену курыравала ўпраўленне разведкі Турцыі.
Чытайце таксама