З 1 кастрычніка ў Беларусі з’явілася новаўвядзенне што да пенсійных унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Цяпер выплачваць іх абавязаныя рамеснікі, уладальнікі аграсядзібаў, а таксама самазанятыя на адзіным падатку. З 1 кастрычніка ўрад увёў яшчэ адно змяненне для гэтых катэгорый насельніцтва — прапісалі, як яны павінныя станавіцца на ўлік у фонд і здымацца з яго. У Мінпрацы расказалі падрабязнасці.
У пастанове ўрада прапісалі схему, паводле якой гэтыя платнікі пенсійных унёскаў павінныя станавіцца на ўлік у ФСАН і здымацца з яго.
У Мінпрацы ўдакладняюць, што гэта адбываецца аўтаматычна — у фонд будзе паступаць інфармацыя ад падатковай пра тое, што чалавека ўключылі ці выключылі з рэестра суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. То-бок асабіста звяртацца ў ФСАН для гэтага не трэба.
Нагадаем, з 1 кастрычніка гэтага года пашырылі спіс тых, хто мусіць плаціць абавязковыя страхавыя ўнёскі ў ФСАН. Іх увялі для рамеснікаў, уладальнікаў аграсядзібаў, а таксама самазанятых.
Памер унёскаў — 29% ад самастойна вызначанага даходу, але не ніжэй, чым ад мінімальнай зарплаты. Нагадаем, мінімалка цяпер складае 626 рублёў. То-бок штомесячны ўнёсак будзе 181,54 рубля. За год — 2 178,48 рубля.
У ФСАН тлумачылі раней, што для ўнёскаў бярэцца не проста мінімальны заробак, але і ўлічваецца яго індэксацыя (звычайна яго павышаюць на фоне высокай інфляцыі).
Чытайце таксама