Былая кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына расказала ў эфіры СТБ, што адзін раз «пракалолася» з датай мясцовых выбараў — прызначыла іх на каталіцкі Вялікдзень і сутыкнулася з абурэннем. З таго часу выбарчы камітэт сочыць за тым, каб выбары ў Беларусі не выпадалі на царкоўныя святы.
Вядоўца праграмы «По существу» на СТБ Кірыл Казакоў спытаў Ярмошыну, ці ёсць «нейкі сімвалізм» у прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў на 26 студзеня 2025 года.
Тая адказала, што тут «няма ніякай канспіралогіі», але ёсць плюсы:
— Увесь перыяд перадвыбарнай агітацыі прыпадае на канец снежня — студзень, студзеньскія святы. Для кандыдатаў у прэзідэнты цалкам нармальнае і спрыяльнае асяроддзе, каб пра сябе заявіць, прычым заявіць пазітыўна. Гэта ж святы: канікулы школьныя скончацца, настаўнікі выйдуць, актыўнага перыяду адпачынкаў няма, — патлумачыла Ярмошына.
Яна згадала, як «адзін раз пракалолася, калі была маладой старшынёй [Цэнтрвыбаркама]»:
— Другі тур мясцовых выбараў прыпаў на каталіцкі Вялікдзень. Крычалі: няма нічога святога! Таму глядзелі, каб з царкоўнымі святамі не супала. Тут спекуляваць няма на чым, — заявіла экс-старшыня ЦВК.
Раней Ярмошына казала, што «абсалютна згодная з Іосіфам Вісарыёнавічам Сталіным, які называў аптымальным часам, па сутнасці, два месяцы — лістапад і сакавік».
«Думаю, што сакавік быў бы ідэальным часам», — сцвярджала яна.
Цяперашні кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка расказаў, што разглядалі варыянт правядзення выбараў у сакавіку ці ў пачатку траўня наступнага года, былі і іншыя прапановы.
«За мяжой крычалі: 23 лютага, і мы вымушаныя былі звярнуць увагу на гэтую дату. Выбары — заўсёды свята ў Беларусі. І, вядома, святочны настрой мясцовыя органы ўлады будуць ствараць традыцыйна. Каб людзі маглі прыйсці сем’ямі, з дзецьмі і выканаць свой грамадзянскі абавязак. Але не хацелася б сумяшчаць адно свята з іншым», — заявіў ён.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары прызначаныя ў Беларусі на 26 студзеня 2025 года. 26 кастрычніка ЦВК прыняў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама

