Нядаўна ў сацсетках абмяркоўвалі «старыя» даляры, з якімі могуць узнікаць праблемы ў абменніках: нібыта некаторыя банкі могуць перастаць прымаць купюры старога ўзору або пачнуць браць за гэта камісію. Ці так гэта, дзяржагенцтву «Мінск-Навіны» расказаў старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Міхаіл Правораў.
Правораў заявіў, што гаворка ідзе пра фэйк:
— У банках няма абмежаванняў што да прыёму даляраў старога ўзору. Даляры ЗША пачынаючы з 1928 года выпуску — законны плацежны сродак у адпаведнай замежнай дзяржаве і таму падлягаюць прыёму ў касах беларускіх банкаў.
Паводле яго словаў, цяпер усе банкі працуюць па правілах, прадугледжаных заключаным імі «Пагадненнем пра выкарыстанне адзінага пераліку прыкмет плацежнасці банкнот у замежнай валюце» (за выключэннем расійскіх рублёў), у рамках якога патрабаванні да прыёму даляраў адзіныя.
Банкі прымаюць і выдаюць наяўную замежную валюту, калі банкноты не пашкоджаныя і не старыя, то-бок адпавядаюць пераліку прыкмет плацежнасці.
— Падчас здзяйснення банкаўскіх аперацый, напрыклад куплі валюты, можна папрасіць работніка банка выдаць банкноту даляраў ЗША менавіта новага ўзору, але пры яе наяўнасці ў касе, — дадаў Правораў.
Такім чынам, купюры старога ўзору маюць той самы статус, што і новага: ніякіх абмежаванняў на іх куплю і продаж няма, камісія не спаганяецца.
Журналіст дзяржагенцтва выбарачна звярнуўся ў абменныя пункты розных банкаў. Ва ўсіх выпадках абменнікі пагадзіліся прыняць даляры старога ўзору без праблем. Курс пры гэтым быў звычайны. На пытанне, ці могуць выдаць купюры новага ўзору, адказалі станоўча ў кожным з абменнікаў.
Банкноты даляраў, еўра і расійскіх рублёў з пашкоджаннямі прымаюцца ў буйных банках з камісіяй 5% ад сумы ў беларускіх рублях, але не менш за 25 рублёў, паводле спісу прыкмет плацежнасці валюты.
Нагадаем, на старыя даляры, якія ёй выдалі ў абменніку, нядаўна паскардзілася адна з карыстальніц TikTok. Яна асцерагалася, што ў будучыні сама не зможа іх абмяняць. Аднак пазней беларуска знайшла банк, які пагадзіўся прыняць купюры старога ўзору.
Чытайце таксама