13 кастрычніка беларус Алег Восіпаў спрабаваў выехаць з Украіны ў Польшчу, але яго не выпусцілі з краіны. Праблема ў тым, што ў мужчыны няма пашпарта. Яшчэ ў 2020-м, пераехаўшы ў Харкаў, Алег падаўся на атрыманне статусу бежанца. Калі пачалася вайна, ягоны дакумент знаходзіўся на праверцы ў Службе бяспекі Украіны. У сакавіку ў гэты будынак трапіла ракета — і пашпарт згарэў.
Алег з Мінска. Скончыў гімназію-каледж імя Ахрэмчыка і працаваў у сферы прыгажосці. Быў мадэльерам і стылістам. Падчас выбараў-2020 не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі, і ў кастрычніку таго ж года да яго дадому прыйшлі сілавікі. На 72 гадзіны мужчыну затрымалі па артыкуле 293 КК (масавыя беспарадкі).
— Калі мяне адпусцілі, я адразу ж сабраў заплечнік і з’ехаў у Харкаў да сяброў. Вырашыў там застацца, — расказвае Алег. — Цягам месяца падаўся на статус бежанца. Адпаведна, аддаў у міграцыёнку пашпарт. Узамен мне выдалі даведку, якая стала маім часовым дакументам ва Украіне, і паперу, што мой пашпарт у міграцыйнай службе.
Афармленне статусу бежанца — працэс няхуткі. На календары быў ужо 2022 год, а пытанне Алега ўсё яшчэ не было вырашанае.
— Пасля Новага года я адправіў ліст у міграцыёнку, каб даведацца, на якой стадыі знаходзіцца мая справа, — успамінае суразмоўца. — Пасля гэтага яны заварушыліся і ў канцы студзеня перадалі мае дакументы ў СБУ. Шчыра, я так і не зразумеў, навошта яны правяралі мяне ў Службе бяспекі. Гісторыя ў мяне была максімальна празрыстая. Хоць, магчыма, гэта звязана з тым, што краіна рыхтавалася да вайны, і яны высвятлялі, ці не шпіён я.
24 лютага Алега сустрэў у Харкаве. З сябрам яны вырашылі застацца ў горадзе. У першы тыдзень хацелі запісацца ў ВСУ або тэрабарону, у адказ пачулі: там і без вас добраахвотнікаў хапае. У выніку пайшлі валанцёрамі.
— Першыя два тыдні, пакуль мы жылі ў метро, дапамагалі насіць прадукты і ваду для людзей, якія знаходзіліся ў падземцы. Насілі па тунэлях скрынкі па 15−20 кілаграмаў. Хацелася хоць неяк дапамагчы Украіне, — апісвае сітуацыю суразмоўца. — Атмасфера на станцыі была досыць нервовая. Там знаходзілася каля 1400 чалавек. Шмат пажылых, дзяцей. Усё гэта трапіла на перыяд посткавіду, людзі кашлялі, хварэлі. Псіхалагічна знаходзіцца там было няпроста, і я пачаў думаць, ці ёсць іншыя варыянты падтрымаць краіну. Адзін з маіх сяброў, які і да вайны займаўся дабрачыннасцю, адкрыў стыхійны фонд. Я папрасіўся ў каманду, мяне прынялі. Я стаў правай рукой дырэктара, займаўся міжнароднымі сувязямі для пошуку донараў і гуманітарных грузаў. Атрымлівалася добра. У жніўні я змог дамовіцца на праект з аўстрыйцамі. Дапамагчы Харкаву яны мусяць да зімы. Сума там даходзіць да мільёна еўра.
З пачатку вайны Алег не выязджаў з Харкава. У пачатку верасня, калі расіяне ўдарылі па ТЭЦ-5 і ў горадзе «на трое сутак адключылі электрычнасць і энергазабеспячэнне», мужчына зразумеў: сілы заканчваюцца.
— З лютага я трымаўся, не ныў, не паддаваўся на правакацыі і стараўся максімальна рабіць тое, што магу. Фраза «Слава Украіне» — для мяне не пустыя словы. Усе гэтыя месяцы яна вяла мяне, — не хавае эмоцый Алег. — Але калі ты застаешся ў горадзе, які абясточаны, дзе ў кранах няма вады, і не разумееш, калі ўсё гэта адновяць і ці адновяць… увогуле, гэта стала для мяне нейкім пунктам невяртання. Я сабраў рэчы і вырашыў з’язджаць. У той момант я нават не здагадаўся ўдакладніць пра свой пашпарт.
«Начальнік памежнага пункта не даваў мне сказаць і слова»
Ехаць вырашыў праз пункт пропуску «Шагіні», што ў Львоўскай вобласці. Прыбыў туды ў ноч з 25 на 26 верасня.

— Дзяўчына-памежніца, убачыўшы маю даведку з міграцыёнкі, патэлефанавала калегам з польскага боку. Высветлілася, што, нават калі яна мяне выпусціць, без пашпарта палякі мяне не прапусцяць. Давялося вяртацца, — расказвае Алег. — На спадарожнай машыне я дабраўся да Львова, а адтуль — на цягніку да Харкава. Дарога заняла прыкладна двое сутак. Яшчэ з Львова я набраў у міграцыёнку, апісаў сітуацыю, яны сказалі: усё нармальна, напішаце заяву, і мы аддамо вам пашпарт. Прыязджаю, пішу — і тут высвятляецца, што мой пашпарт згарэў у будынку СБУ.
Праз два тыдні ў Галоўным упраўленні міграцыйнай службы Харкаўскай вобласці Алегу выдалі дакумент, дзе сказана: «Ваш пашпарт <…> быў страчаны ў сувязі з узброенай агрэсіяй Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны і ракетна-бомбавымі ўдарамі па ўпраўленні Службы бяспекі Украіны ў Харкаўскай вобласці».
Атрымаўшы гэты дакумент, Алег паспрабаваў яшчэ раз паехаць на мяжу. У кастрычніку ён скіраваўся ўжо ў іншы пункт пропуску — «Кракавец».
— З сабой у мяне быў дакумент пра страчаны пашпарт і даведка, што я падаваўся на бежанства. І ў міграцыйнай службе, і юрыст, з якім я працаваў, былі ўпэўненыя, што гэтага дастаткова для перасячэння мяжы. Аднак дзяўчына-памежніца, убачыўшы мае дакументы, здзівілася, папрасіла адысці ўбок і пачакаць. Яна праверыла ўсіх, хто быў у чарзе за мной, і потым мы з ёй пачалі падыходзіць да яе калег, каб даведацца, як быць у маёй сітуацыі.
Адказу ніхто не ведаў, таму супрацоўніца адвяла Алега да начальніка.
— І тут пачаўся трэш. Я выдатна разумею, што з нашай краіны ва Украіну ляцяць ракеты, і ў кіраўніка можа быць асабістая непрыязнасць да беларусаў, але як работнік ён паводзіў сябе ў дачыненні да мяне недазваляльна. Ён павышаў тон, хаміў. Здавалася, мае дакументы яго не цікавілі, яму проста хацелася выказаць усё, што ён думае пра беларусаў, — успамінае суразмоўца. — Ён не даваў мне сказаць і слова, хоць, мне здаецца, калі б у мяне была такая магчымасць, сітуацыя б вырашылася. Ён патрабаваў нейкі праязны дакумент. Я тлумачыў, што беларускія дыпламаты пакінулі Украіну, ды і як бы я змог звярнуцца ў консульства, калі я збег з краіны з палітычных прычын.
Па словах Алега, ва Украіне ён звязаўся з Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Супрацоўнікі офіса стэлефанаваліся з польскімі калегамі.
— Я папярэдзіў памежніка, што польскі бок ведае пра мяне і што на мяжы я папрашу прытулак, — кажа суразмоўца. — Пачуўшы гэта, ён зноў пачаў крычаць. Казаў, ты тут прасіў прытулак, а калі падгарэла, з’язджаеш, і там, калі нешта здарыцца, зробіш тое самае.
У выніку Алега не выпусцілі з Украіны і выдалі пастанову аб адмове на перасячэнне дзяржаўнай мяжы Украіны. З пункта пропуску ён паехаў у Львоў і ўжо адтуль спрабуе вырашыць сітуацыю.

— У маім разуменні, калі неграмадзяніна ўтрымліваюць у краіне, гэта парушэнне яго чалавечых правоў. Вядома, тут можна спасылацца на ўкраінскія законы, але пра якія цывільныя законах можа ісці гаворка ў час вайны? Як на мяне, тут павінен спрацаваць адзін закон — закон аб эвакуацыі, — разважае Алег. — У Львове я падключыў усіх каго мог, спадзеючыся вырашыць маю праблему. Усе юрысты, да якіх я звяртаўся, кажуць, што мая сітуацыя нестандартная, і як быць — яны не ведаюць. З хлопцамі мы дайшлі да Святланы Ціханоўскай. Цяпер маёй сітуацыяй займаецца Валерый Кавалеўскі.
Валерый Кавалеўскі — прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах, расказаў «Зеркалу», што кейс Алега — гэта сітуацыя, якую можна вырашыць.
— Я перадаў інфармацыю ўкраінскім уладам з просьбай дапамагчы і разабрацца. Далей гэта іх пытанне, — паведаміў Валерый Кавалеўскі і адзначыў, што ўкраінскаму боку трэба даць час.
Алег чакае і прызнаецца, што вось ужо тыдзень не выпускае з рук тэлефон, баючыся прапусціць важны званок ці паведамленне.
— Нягледзячы на ўсе складанасці, значэнне фразы «Слава Украіне» для мяне не змянілася і я працягваю падтрымліваць гэтую краіну, — кажа Алег. — А яшчэ я чарговы раз пераканаўся, што беларусы неверагодныя. Калі я зрабіў сваю гісторыю публічнай, атрымаў велізарную колькасць добрых словаў ад незнаёмых людзей. Магу сказаць, што я сапраўды адчуваю падтрымку свайго народа. Мне здаецца, пакуль беларусы так стаяць адно за аднаго, у нас ёсць будучыня.