Дырэктар УА «Пінскі каледж тэхнікі і тэхналогій» Генадзь Палікоўскі расказаў, чаму яго выпускнікам прапануюць адпрацоўваць размеркаванне за мізэрны заробак. Паводле яго словаў, прапанаваная ў спісе вакансій аплата працы ў 250 рублёў — гэта без надбавак і прэмій. А галоўная прывілея для маладых спецыялістаў — абарона ад звальнення цягам двух гадоў, піша «Медиа-Полесье».
Днямі пінчанка расказала, што яе сыну — будучаму выпускніку каледжа — прапанавалі варыянты вакансій для адпрацоўкі размеркавання. Па дзвюх з іх памер аплаты працы быў крыху большы за 250 рублёў у месяц.
Дырэктар каледжа Генадзь Палікоўскі пракаментаваў, што арганізацыі, заказчыкі кадраў у пісьмовых запытах пазначаюць толькі службовы аклад — без уліку надбавак і прэмій. Калі ідзе налічэнне поўнага заробку, тады выходзяць нібыта зусім іншыя сумы.
Са словаў Генадзя Палікоўскага, выпускнікі працуюць не толькі на пінскіх прадпрыемствах, але і ў Мінску. Напрыклад, на «Мілавіцы» былыя выпускнікі атрымліваюць заробак каля 1700 рублёў у месяц, жывуць у інтэрнаце, за які плацяць 48 рублёў у месяц, і цалкам задаволеныя ўмовамі працы і сацпакетам. Аднак у спісе вакансій «Мілавіцы» сёлета няма.
Як сцвярджае дырэктар каледжа, за два-пяць гадоў можна стаць канкурэнтаздольным спецыялістам на рынку працы і атрымаць важныя прафесійныя кампетэнцыі. Але галоўная прывілея, паводле яго словаў, — абарона ад звальнення цягам двух гадоў і тое, што маладому спецыялісту не могуць увесці выпрабавальны тэрмін і яго не могуць звольніць на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займанай пасадзе або працы з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
«Дзякуючы механізму размеркавання ўзровень беспрацоўя сярод моладзі ў нас нашмат меншы, чым у еўрапейскіх краінах», — сказаў на заканчэнне Палікоўскі.