Спадарожнікавыя здымкі вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах, зробленыя пасля меркаванага ўдару дронамі па самалёце ДРЛВ А-50, 28 лютага апублікавала амерыканская аэракасмічная кампанія Maxar Technologies.
Мяркуючы з фота, самалёт расійскіх ВКС усё яшчэ знаходзіцца на аэрадроме і фатальных пашкоджанняў не атрымаў.
Расследавальнікі з Bellingcat параўналі зробленыя 28 лютага і 19 лютага спадарожнікавыя здымкі і адзначылі «розніцу ў колеры крылаў». Яны дадалі, што гэта можа быць з прычыны снегу, таму «пакуль немагчыма праверыць сцверджанні BYPOL».
Compared to the earlier Feb 19th image (right) there does appear to be a difference in the colour of the wings. pic.twitter.com/KgTkMVLgyn
— Bellingcat (@bellingcat) February 28, 2023
Таксама расследавальнікі прыйшлі да высновы, што самалёт ужо стаіць на іншым месцы. А карыстальнікі звярнулі ўвагу на цёмныя плямы на радыёлакацыйнай антэне самалёта, пра пашкоджанне якой раней заяўлялі ў BYPOL.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле інфармацыі BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які ўдзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны і «лётаць ужо не зможа».
Пасля гэтага з’явіліся паведамленні, што на мяжы зрабілі больш жорсткім памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў.
Афіцыйна ўлады Беларусі інцыдэнт у Мачулішчах не каментавалі.