Зніклы чатыры дні таму ў Маскве памочнік старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіла Мясніковіча Дзмітрый Шадко можа быць затрыманы. Пра гэта паведаміў 14 сакавіка праваабарончы цэнтр «Вясна».
Як піша «Вясна» са спасылкай на свае крыніцы, Дзмітрый, імаверна, быў затрыманы на месцы працы ў Маскве. Паводле звестак праваабаронцаў, ён «асабіста ведаў некаторых людзей, якія былі затрыманыя па справе пра дыверсію ў Мачулішчах».
Заява «Вясны» трохі супярэчаць інфармацыі, якую распаўсюдзілі 13 сакавіка расійскія СМІ. У прыватнасці, тэлеграм-канал Baza пісаў, што менавіта калегі Шадко забілі трывогу, калі ён не прыйшоў на важную нараду. Акрамя таго, паведамлялася, што ў МУС Масквы была пададзеная заява на вышук беларуса.
«Знаёмыя Шадко ўспомнілі, што апошнім часам мужчына часта скардзіўся на спіну: маўляў, так баліць, што нават не ўстаць, таму выказалі здагадку, што Дзмітрый можа проста ляжаць дома. Кватэру, дзе ён жыў, знайшлі, аднак там нікога не было. Памяшканне агледзелі паліцэйскія, але нічога крымінальнага не выявілі», — пісала Baza.
Дзмітрый Шадко — грамадзянін Беларусі. Апошнім часам ён працаваў у Маскве на пасадзе памочніка старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Міхаіла Мясніковіча. Раней ён быў першым намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі. У 2019 годзе Шадко падаў у адстаўку.