Пад Брэстам спынілі «спробу правядзення масавай акцыі з удзелам вулічных гоншчыкаў». Пра гэта паведаміла прэс-служба Дзяржаўтаінспекцыі.
8 красавіка ў Брэсцкім раёне паблізу вёскі Шчэбрын сабраліся прыхільнікі вулічных гонак, якія, паводле версіі ДАІ, «груба парушалі ПДР, тым самым стваралі пагрозу для жыцця і здароўя іншых удзельнікаў дарожнага руху».
«Супрацоўнікі міліцыі неадкладна адрэагавалі на спробу правядзення незаконнага масавага мерапрыемства. Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі высветленыя і затрыманыя арганізатары гонак», — адзначылі ў ДАІ.
Трох чалавек затрымалі за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
«За ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на штрафстаянку змешчана 8 транспартных сродкаў, адзін з іх матацыкл, акрамя гэтага, за парушэнні ПДР 11 кіроўцаў прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці», — паведамілі ў ДАІ.