Беларусаў працягваюць выклікаць у сілавыя структуры з нагоды данатаў у «пратэсныя фонды». Аднак, як мы высветлілі, практыка «кампенсацыі шкоды» за данаты пашыраецца. Да размоваў падключаецца і КДК, а тых, хто пагасіў страты, нават звальняюць. Пагаварылі з тымі, хто хадзіў на такія размовы, і даведаліся, што было потым.
Імёны суразмоўцаў змененыя, іх звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Звольнілі з працы праз пару дзён пасля візіту ў КДБ»
Ягор трапіў у КДБ у лютым гэтага года. Ён працуе ў дзяржаўнай арганізацыі ў адным з абласных цэнтраў. Сілавікі прыйшлі да яго на працу і павезлі на допыт у абласное аддзяленне КДБ.
— Па дарозе «палохалі крымінальнай справай», — кажа суразмоўца. — У аддзяленні яны праверылі тэлефон (глядзелі Facebook, іншыя мэсэнджары) і прапанавалі «пакрыць шкоду» за данат грашовым пераводам у адзін з дзіцячых дамоў. Праз пару дзён пасля наведвання КДБ прыйшоў загад зверху, і мяне настойліва папрасілі звольніцца праз некалькі дзён. Пасля гэтага я з’ехаў з Беларусі.
Падобная гісторыя здарылася з Аляксандрам — таксама ў лютым. Ён працаваў на «буйным і вядомым» дзяржаўным прадпрыемстве ў абласным цэнтры. У аддзяленні КДБ сілавікі старанна праверылі тэлефон, вывучылі фота і мэсэнджары. Праверку тэлефона здымалі на камеру і склалі пратакол агляду. Таксама яму прапанавалі напісаць яўку з павіннай, што ён і зрабіў.
— У КДБ далі ўзор, з яго і пісаў. Я такі і такі, тады і тады зрабіў перавод з такога і такога карт-рахунку на адрас BYSOL (здаецца, рэквізіты нават пісаў са свайго Facebook). Была прыпіска «арганізацыя пасля прызнаная экстрэмісцкай». Абавязуюся кратна пакрыць шкоду ў выглядзе дабрачыннага ўнёску. Ніякіх раскаянняў і выбачэнняў пісаць не прасілі, — расказвае мужчына. — Звярнуў увагу: у будынку абласнога ўпраўлення КДБ у калідорах і на лесвіцы сустракаў маладзенькіх хлопцаў-супрацоўнікаў, гадоў 30−35 максімум. Пытаюся: дзе ж вашыя мацёрыя сівавалосыя палкоўнікі? Адказалі: «Ну, у нас жа таксама ратацыя кадраў і ўсё такое».
Каб расплаціцца за данат, трэба было перавесці грошы ў адну з «дзяржаўных установаў». Сума аказалася вялікай — больш за 1500 даляраў у эквіваленце.
— Сямейны бюджэт схуднеў сур’ёзна, — уздыхае Аляксандр.
У КДБ за данаты трапіў і начальнік Аляксандра — яго прымусілі заплаціць яшчэ большую суму. У хуткім часе пасля наведвання КДБ Аляксандра, як і яго начальніка, звольнілі з дзяржпрадпрыемства. Нядаўна мужчыну выклікалі ў гарадскую пракуратуру «на прафілактычную гутарку». З нагоды чаго — невядома. Размова яшчэ наперадзе.
У лютым у адным з раённых цэнтраў супрацоўнікі КДБ прыйшлі на працу да бацькі нашага чытача Сяргея. Таксама ў бюджэтную арганізацыю. Сяргей прапісаны ў родным горадзе, але жыве ў Мінску.
— Супрацоўнікі КДБ паўгрозамі патрабавалі ў бацькі, каб я прыйшоў да іх на гутарку, — кажа мужчына і дадае, што з ім самім ніхто з сілавікоў так і не звязаўся. А на гутарку ён не пайшоў.
«Затрымалі на мяжы з Расіяй і прымусілі заплаціць»
У траўні Андрэй вяртаўся ў Беларусь з Расіі. Паводле яго словаў, ён не быў гатовы да праверак на мяжы, таму тэлефон не пачысціў.
— Памежнікі забралі мой пашпарт і перадалі яго двум мужчынам у цывільным. Яны адвезлі мяне ў памежны горад на машыне ДАІ. Там і адбылася размова з супрацоўнікамі КДБ, — успамінае мужчына.
Высветлілася, што ён у спісах тых, хто данаціў у BYSOL. Кампенсаваць прапанавалі ў адзін з раённых дзіцячых дамоў:
— Перавод (больш за тысячу рублёў) я зрабіў, калі вярнуўся ў свой горад. Абавязковая ўмова — трэба было занесці квітанцыю пра перавод у мясцовае аддзяленне КДБ.
Падчас размовы ў РУУС супрацоўнік КДБ праверыў тэлефон Андрэя. У Telegram знайшоў падпіскі на заблакаваныя ў Беларусі медыярэсурсы, але, паводле нашага суразмоўцы, гэта сілавіка не зацікавіла. Затое, як потым заўважыў Андрэй, у яго акаўнце з’явіўся сеанс з невядомай прылады.
Цяпер данатамі займаецца не толькі КДБ, але і КДК
Два чытачы «Люстэрка» пабывалі на гутарках наконт данатаў — толькі не ў КДБ, а ў КДК. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў траўні ў абласным цэнтры з Уладзімірам. Яго выклікалі ў мясцовае аддзяленне КДК тры разы, каб знайсці доказы данату. Уладзімір кажа, што не пераводзіў ніякіх грошай. Але ў Дзяржкантролі сцвярджалі: ягонае прозвішча нібыта засвяцілася ў адным са спісаў. На першай сустрэчы супрацоўнікі КДК правяралі плацяжы ў Facebook на тэлефоне мужчыны — і нічога не знайшлі.
— На другую сустрэчу папрасілі прынесці раздрукоўкі з банкаўскіх рахункаў за жнівень 2020 года. На трэцюю — зноў раздрукоўкі з рахункаў, але за шырэйшы перыяд. Нічога не знайшлі і вельмі гэтаму дзівіліся, — кажа Уладзімір. На гэтым усё і скончылася.
Другі чытач, Антон, гэтай вясной пабываў у аддзяленні Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК у Мінску. І таксама праз данаты.
— Там казалі, маўляў, адпраўляць вас у турму ніхто не хоча, але вы мусіце разумець, што гэтым пытаннем займаюцца і знойдуць усіх, — пераказвае хлопец словы сілавікоў.
Падчас размовы супрацоўнікі ДФР згадалі, што ў іх аддзел прыйшоў спіс з 200 чалавек, якія рабілі данаты. Іх усіх выклікалі на допыт.
Тэлефон Антона ў ДФР таксама праверылі: глядзелі Telegram, Instagram, пошукавыя запыты ў браўзеры, фота. У Facebook знайшлі інфармацыю пра перавод грошай.
— Далі падпісаць яўку з павіннай, маўляў, «пасля гэтага крымінальная справа будзе закрытая». Прапанавалі перавесці грошы ў дзяржаўны медыцынскі цэнтр (у сто разоў больш, чым невялікая сума данату), — тлумачыць суразмоўца. — Я пацікавіўся, што будзе, калі не заплачу. «Будзе крыміналка або турма», — адказалі мне.
Пасля наведвання ДФР Антону прыйшоў ліст са Следчага камітэта. У ім гаварылася пра адмову заводзіць крымінальную справу па арт. 361−2 УК (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці).
Прычыну адмовы абгрунтавалі са спасылкай на заўвагу па арт. 361−2, у якой гаворыцца, што «асоба, якая здзейсніла фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле, калі яна своечасова заявіла пра зробленае і (або) іншым чынам спрыяла перадухіленню або выяўленню гэтага злачынства».
Куды прымушалі плаціць кампенсацыю?
Нашыя чытачы называлі некалькі ўстановаў, у якія ад іх патрабавалі пераводу грошай. Гэта:
- РНПЦ анкалогіі і медыцынскай рэабілітацыі;
- Мінскі гарадскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі;
- Вясноўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў (і падобныя дамы-інтэрнаты ў іншых гарадах);
- Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Калі і як у Беларусі пачалі пераследаваць за данаты
У студзені 2023 года стала вядома, што ў беларускія IT-кампаніі пачалі прыходзіць спісы людзей, якія данацілі ў фонды BYSOL і ByHelp у 2020-м. Людзей са спісу (і не толькі айцішнікаў) запрашалі на допыт у КДБ, дзе прапаноўвалі кампенсаваць данат у «пратэсны» фонд (часта ў дзесяціразовым памеры).
Кампенсацыя накіроўвалася ў адзін з дзяржаўных дзіцячых дамоў або медыцынскіх цэнтраў. За кампенсацыю абяцалі выдаць рашэнне пра адмову ў завядзенні крымінальнай справы. Але пры гэтым дакументаў пра заведзеную крымінальную справу людзям не паказвалі.
Дакладнай лічбы тых, хто можа быць у спісах сілавікоў, няма. Паводле сузаснавальніка Bysol Андрэя Стрыжака, сілавікі называлі лічбу ў 5000 чалавек, але з 2020-га ў фонд пералічылі грошы больш чым 100 тысяч чалавек.
Пазней высветлілася, як сілавікі вылічваюць людзей, што данацілі ў фонды. Большасць такіх данатаў у 2020 годзе ажыццяўлялася праз Facebook. Сілавікі атрымалі праз беларускія банкі спісы тых, хто пералічваў грошы з беларускіх картак. То-бок яны ведаюць пра факт плацяжу сацсетцы, але не пра тое, куды менавіта пайшлі грошы. Каб гэта высветліць, сілавікі правяраюць праграму Facebook на тэлефонах падчас допытаў.
Выдаліць інфармацыю пра аплату з вашага акаўна ў Facebook складана (радыкальны варыянт — выдаліць акаўнт цалкам). Аднак прынамсі аднаму беларусу гэта ўдалося. Для гэтага ён даслаў некалькі запытаў у службу падтрымкі Meta і патлумачыў сітуацыю. Пра тое, што ідуць перамовы наконт таго, каб хаваць інфармацыю пра данаты, «Люстэрку» ў сакавіку казаў і сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак.
Чытайце таксама