У Беларусі ў траўні завяршыўся эксперымент з платнай медыцынай, але ўжо ў жніўні ён адновіцца, вынікае з пастановы Саўміна «Пра аказанне платных медыцынскіх паслуг у парадку эксперыменту», апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Спіс удзельнікаў пашырылі больш чым удвая.
Сутнасць эксперыменту ў тым, што ў выхадныя і святочныя дні некаторыя медустановы па жаданні грамадзян аказваюць платныя паслугі, якія адносяцца «да планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі» (за выключэннем медпаслуг, якія аказваюцца дзецям, а таксама трансплантацыі органаў і тканак).
Раней такі эксперымент праводзіўся з 1 траўня 2022 года да 1 траўня 2023 года. Цяпер ён пройдзе з 1 жніўня 2023-га да 1 верасня 2024 года.
Змены закранулі спіс медустановаў — ён стаў большы. Калі раней гэта былі шэсць навукова-практычных цэнтраў і 12 бальніц, то са жніўня ў пераліку ўжо восем рэспубліканскіх НПЦ і адзін мінскі, а таксама 30 бальніц — 15 у Мінску, астатнія ў рэгіёнах — у Барысаве, Магілёве, Гродне, Лідзе, Гомелі, Віцебску і Брэсце.
Спіс удзельнікаў эксперыменту
- Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця»
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія»
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр отарыналарынгалогіі
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека
- Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі, Мінск
- 1-я гарадская клінічная бальніца, Мінск
- 2-я гарадская клінічная бальніца, Мінск
- 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. У. Клумава, Мінск
- 4-я гарадская клінічная бальніца імя М. Я. Саўчанкі, Мінск
- 5-я гарадская клінічная бальніца, Мінск
- 6-я гарадская клінічная бальніца, Мінск
- 10-я гарадская клінічная бальніца, Мінск
- 11-я гарадская клінічная бальніца, Мінск
- Мінскі клінічны кансультацыйна-дыягнастычны цэнтр
- Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны цэнтр
- Гарадская гінекалагічная бальніца, Мінск
- Мінская ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга абласная клінічная бальніца
- Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца
- Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці
- Барысаўская цэнтральная раённая бальніца
- Магілёўская абласная клінічная бальніца
- Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі г. Гродна
- Лідская цэнтральная раённая бальніца
- Гомельская абласная клінічная бальніца
- Гомельская гарадская клінічная бальніца № 1
- Гомельская абласная клінічная спецыялізаваная бальніца
- Віцебская абласная клінічная бальніца
- Віцебская гарадская клінічная бальніца № 1
- Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка
- Брэсцкая абласная клінічная бальніца
- Брэсцкая гарадская бальніца № 1
- Брэсцкі абласны радзільны дом
- Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер
- Брэсцкая цэнтральная гарадская бальніца
Сумесна з мясцовымі ўладамі Міністэрства аховы здароўя прыме меры па рэалізацыі эксперыменту і «захаванні ў поўным аб’ёме гарантаванай бясплатнай медыцынскай дапамогі, якая даецца грамадзянам». Да 1 кастрычніка 2024 года вынікі эксперыменту будуць прааналізаваныя, справаздачу пададуць у Саўмін.
Раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адзначаў, што такое новаўвядзенне дазваляе медыкам атрымліваць «дадатковую заработную плату менавіта ў тых установах, дзе яны працуюць на пастаяннай аснове».