Падрыхтавацца да з’яўлення дзіцяці на ўсе 100% немагчыма: дзеці прыносяць сюрпрызы — узнікаюць непрадказальныя сітуацыі, а бацькоўства адкрывае новы погляд на рэчы. Уражанні ад гэтага ва ўсіх розныя. «Люстэрка» спытала ў беларусаў, якія сталі мамамі і татамі адносна нядаўна, што іх здзівіла і якія чаканні апраўдаліся (а якія, наадварот, не).
Лада, 35 гадоў. Дочкам 6 і 8 гадоў
Першы раз я вельмі здзівілася яшчэ калі была цяжарная і дачка пачала штурхацца ў жываце: прыйшло ўсведамленне, што маё дзіця — не частка мяне, а асобны чалавек са сваёй воляй, характарам, індывідуальнасцю. Пры гэтым яе боль ты адчуваеш як сваю, нават калі нешта здараецца на адлегласці.
Што да паводзін дзяцей, то разрыў шаблонаў у мяне адбываецца пастаянна. Напрыклад, у маіх дачок бываюць дзіўныя прыхільнасці ў ежы: старэйшая любіць лімоны, можа з’есці паўфрукта за раз. А малодшая часам можа сцягнуць сырую бульбіну, калі я гатую, і з’есці яе, быццам гэта яблык!
Яшчэ я ўвесь час вучуся нечаму ў дзяцей і цяпер добра разумею фразу «Дзеці — нашыя найлепшыя настаўнікі». Яны часам кажуць такія мудрыя рэчы, заўважаюць такія тонкасці, якіх мы, дарослыя, не бачым. Або спрабуюць абараніць нас ад чагосьці. Напрыклад, маім дзецям не падабаецца, што я куру. Калі бяру цыгарэты, яны пачынаюць мяне адцягваць, клікаць кудысьці або разліваюць нешта, каб я не магла пайсці на перакур.
Сяргей, 31 год. Сыну 7 месяцаў
Я падазраваў, што з дзецьмі будзе няпроста. У прынцыпе, так і атрымалася: сын кепска спаў начамі, было вельмі цяжка першы час. Але я не чакаў, што дзіця выкліча ў мяне столькі станоўчых эмоцый: я проста радаваўся, што я бацька, што гэта мой сын.
Яшчэ мяне здзіўляюць яго скачкі ў развіцці: вось умеў толькі ляжаць — і раптам без асаблівай падрыхтоўкі прапаўзае пяць метраў. Як ён гэта зрабіў, калі ён паспеў натрэніравацца і чаму я гэтага не заўважыў? Гэта мяне здзіўляе.
Караліна, 28 гадоў. Сыну 1 год
Для мяне было здзіўленнем, што дзеці насамрэч плачуць без слёз. Рэч у тым, што ў нованароджаных кепска развітыя слёзныя каналы. Першыя месяцы ў сына гнаіліся вочкі — іх трэба было прамываць. Нармальна слёзы ў яго пацяклі толькі праз паўгода пасля нараджэння.
Была яшчэ адна гісторыя, звязаная з пупавінай. Рэч у тым, што ў Польшчы, дзе я нараджала, не завязваюць пупкі, як гэта робяць у Беларусі, а прычапляюць дзіцяці нешта падобнае да прышчэпкі — пупавіна мусіць адваліцца сама. У нас гэта здарылася даволі хутка, дзесьці праз месяц, але ўтварылася пупковая грыжа. Я вельмі спалохалася, але мне патлумачылі, што гэта нармальная з’ява, такое бывае часта і само пройдзе — і сапраўды, так і здарылася.
Таксама мяне здзіўляе, як хутка дзеці вучацца. Напрыклад, калі ты пакажаш некуды пальцам кату, ён будзе глядзець на палец. А сын глядзіць у той бок, куды ты паказваеш. Учора ён гэтага яшчэ не разумеў, а сёння ўжо разумее, неяк здагадаўся, заўважыў. Гэта не можа не ўражваць.
Яшчэ цікава, як сын адлюстроўвае мой настрой. Калі я нервуюся, то і ён робіцца неспакойным. Ці, наадварот, я ў добрым настроі — і ён радуецца. Здавалася б, як гэта можа разумець дзіця, якое яшчэ нават не размаўляе? Але сын усё адчувае. Я думаю, што маленькія дзеці разумеюць нашмат больш, чым нам здаецца.
Ганна, 26 гадоў. Сыну 2 гады
Я педыятр па прафесіі, таму ведала, чаго чакаць ад родаў і мацярынства: адукацыя дапамагала ў гэтым пытанні. Але вось сам пачатак родаў стаў нечаканым: сын з’явіўся на свет раней за тэрмін. Далей пайшло больш гладка. Напрыклад, нашае дзіця без праблем магло праспаць усю ноч — многія бацькі мне зайздросцілі. Сын толькі зрэдку прачынаўся, каб паесці, і тут жа засынаў пасля кармлення.
Першыя паўгода мы ўкладвалі яго з пустышкай. Нас усе палохалі, што ён без яе потым спаць не зможа, адвучыць вельмі складана. Неяк мы былі ў гасцях і забылі яе там. Было ўжо позна, крамы не працавалі, і мы на свой страх паклалі яго спаць без пустышкі. І ён заснуў без праблем. Аказваецца, бывае і такое!
Вынаходлівасць сына — асобная гісторыя. Напрыклад, ён можа схаваць цацкі так, што мы з мужам не можам іх знайсці! У яго былі маленькія фігуркі птушачак, а потым кудысьці зніклі. Мы абшукалі ўвесь дом, зазірнулі ў кожны кут. У выніку сын паказаў нам — цацкі аказаліся ў дынаміку калонак. Мы нават падумаць не маглі, што туды нешта можна схаваць. Як мы жартавалі, «птушачкі загнездаваліся».
Васіль (імя змененае), 37 гадоў. Дачцэ 6 гадоў
Пакуль дачка яшчэ не нарадзілася, я ў прынцыпе не любіў дзяцей і не ведаў, як з імі абыходзіцца. Вакол мяне не было сяброў і родных з малымі дзецьмі, я ніколі не быў хросным бацькам. Аказалася, што, калі нараджаецца сваё дзіця, ты яго неяк адразу любіш — ва ўсіх сітуацыях, нават калі яно размазала манную кашу на ўсю кухню і заліло ламінат сланечнікавым алеем, каб пакатацца як на катку.
Многія стэрэатыпы для мяне не спраўдзіліся. Напрыклад той, што дзіця можна выхаваць. Ёсць адчуванне, што бацькі ніяк не ўплываюць на гэты працэс. Усё, што яны могуць зрабіць, — гэта паспрабаваць яго не «зламаць» і дапамагчы развіцца. А ўсё астатняе закладзенае прыродай.
Таксама не існуе рэцэптаў, якія на 100% працуюць: як навучыць спаць асобна, як адлучыць ад грудзей, як пасадзіць на гаршчок. Калі ў вашага знаёмага ці інстаграмнага коўча нейкі способ спрацаваў, гэта не факт, што ён спрацуе з вашым дзіцем. Бо ўсе дзеці розныя.
І яшчэ адзін міф, што галоўнае для дзіцяці — маці. Насамрэч бацька таксама важны, але ён мусіць уключацца ў клопат пра дзіця з першых дзён нароўні з маці.
Самае важнае, што я вынес з бацькоўства на гэты момант, — на дзяцей нельга крычаць. Трэба спакойна сто разоў тлумачыць, паўтараць і самому паказваць прыклад. Так, гэта цяжка і патрабуе вялікага ўнутранага рэсурсу, але так вы сэканоміце дзіцяці на псіхатэрапеўтах у будучыні. Ва ўсіх сітуацыях трэба памятаць, што дзіця — гэта дзіця, а дарослы — менавіта ты.
Ігар, 31 год. Дачцэ 2 гады
Мы з жонкай даўно былі разам і дзіця планавалі. Нараджэнне дачкі было дзіўным трансфармавальным досведам: у нас былі партнёрскія роды. Я не толькі бачыў, як нараджаецца мая дачка, але па сутнасці быў акушэрам. Для мяне было важна і радасна быць з жонкай ад першых схопак да абразання пупавіны — адзін з самых шчаслівых момантаў у маім жыцці!
Да дзіцяці мы рыхтаваліся, таму нечаканых момантаў было няшмат. Было вельмі складана прыняць той факт, што немаўляты часам могуць практычна не спаць начамі. Я ведаў, што многія сутыкаюцца з такой праблемай, але не думаў, што гэта будзе так знясільваць. Затое нам пашанцавала з харчаваннем. Многія дзеці пераборлівыя, а нашая дачка вельмі любіць здаровую ежу: гарошак, нават брокалі — усё гэта яна есць з вялікім задавальненнем, часам нават сама просіць, каб мы прыгатавалі ёй.
Валярына, 38 гадоў. Дачцэ 4 гады
Да цяжарнасці я многіх рэчаў не ведала. Напрыклад, што ў дзяцей галоўка сама не трымаецца першыя тыдні, я даведалася на падрыхтоўчых да родаў курсах. Таксама я не думала, што трэба карміць грудзьмі кожныя дзве гадзіны.
Але больш за ўсё мяне здзівіла не гэта: я не чакала, што дзіця выкліча ў мяне пачуццё такой безумоўнай любові, якой ніколі не нараджаецца да іншай асобы. Ты так любіш дачку, што гатовая аддаць сваё жыццё, калі спатрэбіцца. Я займаюся паэзіяй, і мая дачка, калі ей было два гады, таксама пачала размаўляць вершамі і прыдумляць песні. Прычым яны такія мудрыя і глыбокія, што цяжка паверыць, што гэта кажа дзіця, якое не так даўно з’явілася на свет.
Марына (імя змененае), 28 гадоў. Сыну 2 гады
Дзіця мы планавалі і дзейнічалі па плане: кар’ера — кватэра — дзіця. Мы з мужам вывучалі шмат літаратуры па дзіцячай фізіялогіі і псіхалогіі, каб зразумець, што самае важнае для нас у выхаванні, і гэтым кіравацца. З цікавага я даведалася, што першыя месяцы дзеці не адрозніваюць колераў і бачаць дагары нагамі. А яшчэ яны не пацеюць, пакуль потавыя залозы не сфармуюцца, таму немаўля лёгка перагрэць.
Аднак да ўсяго падрыхтавацца немагчыма — нечаканасці былі ўсё адно. Раней я думала, што нованароджаны ўвесь час есць і спіць. Бадай што так, толькі вось сын рабіў гэта адначасова: спіць, пакуль у роце грудзі. Толькі адцягнеш — адразу прачынаецца і крычыць: давай ізноў!
Таксама я чула, што з нараджэннем дзіцяці ў маці прачынаецца такі моцны мацярынскі інстынкт, што яна з першай хвіліны ўсё разумее: чаго плача дзіця, чаго яно хоча, як яго супакоіць, як карміць грудзьмі, як лекаваць… Але гэта не так, насамрэч усяму трэба вучыцца, у тым ліку мацярынству.