У Магілёве вынеслі прысуд шматдзетнай маці, якая вясной нарадзіла дачку, закруціла ў пакет і паклала скрутак на брылёк шматпавярховага дома. Жанчыне прызначылі 9 гадоў калоніі і штраф на 10 тысяч рублёў на карысць Дома дзіцяці, паведамілі ў пракуратуры.
Злачынства адбылося вясной у шматкватэрным доме на вуліцы Габроўскай у Магілёве.
34-гадовая жанчына, маці чацвярых дзяцей, зацяжарала пятым, якое было ёй не патрэбнае. Прапусціўшы тэрмін перарывання цяжарнасці, яна вырашыла пазбавіцца ад дзіцяці.
Ноччу 17 красавіка магіляўчанка ў сябе дома нарадзіла дзяўчынку, шчыльна закруціла ў пялёнку і ручнікі, паклала скрутак з дзіцем у два поліэтыленавыя пакеты і туга завязала ручкі. Потым яна скінула дачку з акна на брылёк дома — тэмпература паветра на дварэ складала каля 7 градусаў.
Дзіцячы крык з даху пачула суседка, якая выйшла на балкон пакурыць. Яна ўбачыла дзіця, што ляжала ў пакеце, і выклікала міліцыю. Дзяўчынку з пераахаладжэннем адвезлі ў бальніцу, яе ўдалося выратаваць.
Маці дзіцяці інкрымінавалі замах на забойства заведама малагадовага, які знаходзіцца ў бездапаможным стане (ч.1 арт. 14, п. 2 ч. 2 арт. 139 КК).
На судзе яна заявіла, што шкадуе пра тое, што здарылася, і што забіваць дзіця не хацела.
Суд прызнаў жанчыну вінаватай і асудзіў на 9 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Таксама яна заплаціць 10 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды па пазове законнага прадстаўніка пацярпелай дзяўчынкі ў асобе спецыялізаванага Дома дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэннем цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннем псіхікі.